А вы определились, за кого будете голосовать?
Сёлета на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Смаргонскай выбарчай акругі №59 прэтэндуюць ажно пяць кандыдатаў. Ці вызначыліся людзі, за каго будуць галасаваць і ці пойдуць яны на выбары, – пра гэта распытваў у жыхароў Астраўца і раёна наш карэспандэнт.
Войцех Рамуальдавіч Лукашэвіч, ляснічы Спондаўскага лясніцтва:– Са сваім выбарам я вызначыўся, як толькі прачытаў у “Астравецкай праўдзе” прозвішчы зарэгістраваных кандыдатаў: вядома ж, я буду галасаваць за Адама Дзмітрыевіча Кавальку! Ён сямнаццаць гадоў кіраваў нашым раёнам, вывеў яго з адсталых у перадавыя па ўсіх паказчыках. Непазнавальна змяніўся за гэты час не толькі Астравец, але і вёскі раёна. А будаўніцтва атамнай станцыі ўвогуле адкрывае перад раёнам і яго жыхарамі неабмежаваныя магчымасці для рэалізацыі свайго патэнцыялу. Упэўнены, што ў беларускім парламенце павінны працаваць менавіта такія прафесіяналы, як Адам Дзмітрыевіч. Думаю, што і ў якасці дэпутата Нацыянальнага сходу ён зможа многае зрабіць для нашага раёна.
Валянціна Генадзьеўна Волк-Леановіч, супрацоўніца Астравецкага прадстаўніцтва “Белдзяржстраху”:– На выбары я, безумоўна ж, пайду – лічу, што гэта абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны. А вось за каго буду галасаваць, пакуль не вызначылася. Напэўна, пастаўлю сваю “галачку” у графе “супраць усіх”.
Канешне, самы вопытны і самы вядомы з усіх кандыдатаў – гэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. І ён, напэўна ж, справіцца з абавязкамі дэпутата. Але становіцца крыўдна, што, як толькі чалавек нешта зробіць, зарэкамендуе сябе – яго адразу забіраюць на павышэнне. Нібы ў раёне, на месцы, не патрэбны граматныя спецыялісты і кіраўнікі!
А ўсе астатнія кандыдаты – я іх не ведаю, а тыя, чые праграмы слухала ці чытала, выклікаюць толькі ўсмешку: такое ўражанне, што людзі спаборнічаюць у гульні “хто больш паабяцае”. Смешна і сумна…
Віктар Віктаравіч Спірыдон, дырэктар Рымдзюнскай сярэдняй школы з беларускай мовай навучання. – Я прагаласаваў датэрмінова, бо ў дзень выбараў буду знаходзіцца на Рымдзюнскім выбарчым участку: раённая арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” даручыла мне місію назіральніка за ходам выбараў і на працягу усяго дня 11 верасня я буду сачыць за тым, каб выбары адбываліся ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.
За каго галасаваў? Мне здаецца, што пры ўсім багацці выбару альтэрнатывы няма: вядома ж, за Кавальку! Усе іншыя кандыдаты адназначна прайграюць яму па ўсіх паказчыках.
Ніна Уладзіміраўна Назаранка, пенсіянерка, без фота:
– За каго буду галасаваць, пакуль не вызначылася. Выступленні кандыдатаў па тэлевізары не слухала, бо позна вяртаюся з агароду. Тыя праграмы, што паклалі нам у паштовую скрынку, даверу мне не ўнушаюць – як і біяграфічныя звесткі кандыдатаў: той судзімы, той пенсіянер… Але час падумаць яшчэ ёсць, так што сваю “галачку” за аднаго з кандыдатаў, вядома ж, пастаўлю!
Адно ведаю цвёрда: на выбары ісці трэба – бо калі ніхто не пераможа і будзе другі тур, ці яшчэ горш – паўторныя выбары, то гэта толькі лішнія траты бюджэтных грошай, а мы і без таго не вельмі багата жывём.
Людміла Іванаўна Кухарэвіч, ветэран педагагічнай працы, аг. Варняны:– І я, і мой муж, і ўсе, з кім даводзілася абмяркоўваць гэтую тэму, збіраюцца ісці на выбары і галасаваць за Адама Дзмітрыевіча Кавальку. Таму што толькі сляпы можа не заўважыць, як за апошнія гады змяніўся да лепшага наш раён ва ўсіх галінах і толькі яўны нядобразычлівец стане адмаўляць, што гэта найперш заслуга кіраўніка раёна. Я думаю, што ў парламенце такія людзі – сапраўдныя прафесіяналы, мудрыя і дальнабачныя – вельмі патрэбны, каб дбалі пра дабрабыт краіны і ўсяго народа.
Адно шкада: што пакіне Кавалька раён, калі яго выберуць дэпутатам… Але хочацца спадзявацца, што і ў парламенце ён будзе памятаць і клапаціцца пра сваіх выбаршчыкаў і пра Астравеччыну, якая – ён неаднаразова пра гэта гаварыў! – стала для яго роднай.
Меркаванні выслухоўвала і занатоўвала Тамара Рабінкіна.
