Знакомьтесь: кандидат в депутаты Гродненского областного Совета по Островецкому избирательному округу №47 Борис Богданец

Кандыдатам у дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета па Астравецкай выбарчай акрузе №47 зарэгістраваны генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Гроднамеліяводгас” Барыс Іванавіч Багданец. Яго добра ведаюць кіраўнікі, спецыялісты і работнікі Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, а вось для астатніх выбаршчыкаў Барыс Іванавіч – своеасаблівы малавядомы “цёмны конік”. Каб бліжэй пазнаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета, мы сустрэліся з Барысам Іванавічам Багданцом і папрасілі яго адказаць на некалькі пытанняў.

– Для пачатку знаёмства раскажыце крыху пра сябе: адкуль вы родам, чым займаліся ў жыцці, якім быў шлях да сённяшняй пасады?


– Я – паляшук, вясковы хлопец, родам з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Усё маё жыццё звязана з меліярацыяй, і без пахвальбы магу сказаць, што ў гэтай справе для мяне няма “белых плям”. Калі ў 1980 годзе пасля заканчэння тэхнікума мяне, “чырвонадыпломніка”, адправілі працаваць брыгадзірам, была нейкая крыўда: вось, маўляў, тыя, хто вучыўся куды горш мяне, пачынаюць адразу з майстроў, а я... А сёння нават удзячны лёсу, што ўсё так атрымалася, што ў меліярацыйнай сістэме мне давялося прайсці ўсе прыступкі службовай лесвіцы – ад брыгадзіра да генеральнага дырэктара. І на кожным этапе жыццёвага шляху мне сустракаліся сапраўдныя настаўнікі – і на працы, і ў сельскагаспадарчай акадэміі, якую затым закончыў, і ўвогуле ў жыцці: ім усім я ўдзячны за навуку.
Да 2002 года жыў і працаваў у Лунінцы, у апошні час узначальваў там раённае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. А затым давялося пераехаць у Гродна: мяне прызначылі генеральным дырэктарам “Гроднамеліяводгаса”. За гэтыя 12 гадоў добра пазнаёміўся з вобласцю і скажу шчыра: адразу палюбіў непаўторную ў сваёй прыгажосці Гродзеншчыну. І не без задавальнення магу сказаць, што ў стварэнні гэтай прыгажосці, у абуладкаванні многіх цудоўных мясцін – таго ж Аўгустоўскага канала, тэрыторыі Мірскага замка, ландшафтна-паркавага ансамбля Валовічаў у Святску і многіх іншых – ёсць вялікая частка працы меліяратараў вобласці.


– Ці ёсць у вас вопыт дэпутацкай дзейнасці?


– Так, на працягу чатырох скліканняў мяне выбіралі дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. Больш таго: апошнія паўтара года давялося выконваць абавязкі старшыні Гродзенскага абласнога Савета – як кажуць, без адрыву ад асноўнай дзейнасці і, як вы разумееце, на грамадскіх пачатках…


– Няма жадання пасля выбараў застацца ў досыць высокім крэсле кіраўніка абласной прадстаўнічай улады?


– Не. Хоць у мяне досыць вялікі вопыт дэпутацкай дзейнасці і мне гэта падабаецца: сустракацца з людзьмі, слухаць іх, абменьвацца думкамі, поглядамі, унікаць у іх праблемы, па магчымасці дапамагаць, – але я занадта люблю водар балота і канкрэтную, жывую справу, каб змяніць яе на чыста кабінетную работу.


– Многія лічаць дэпутатаў, асабліва мясцовых Саветаў, гэткімі своеасаблівымі “вясельнымі генераламі”: што, маўляў, ад іх залежыць, што яны могуць? Як вы адносіцеся да падобных выказванняў?


– Ні ў якім разе не згодзен! Нічога не можа зрабіць толькі той, хто не хоча нічога рабіць. А ў дэпутатаў шмат магчымасцей і рычагоў для ажыццяўлення сваёй дзейнасці.
Давайце пачнём з таго, што менавіта Саветы дэпутатаў, незалежна ад іх узроўню, з’яўляюцца распарадчымі органамі ўлады, а выканаўчыя камітэты абавязаны ажыццяўляць прымаемыя імі рашэнні. І многія пытанні работы з людзьмі, вырашэння іх надзённых праблем, навядзення парадку на зямлі лепш за ўсё могуць выканаць менавіта дэпутаты, вясковыя старасты – людзі ад народа, якія найлепш ведаюць запыты і патрабаванні насельніцтва.
Хачу сказаць, што дзеючы абласны Савет быў вельмі “зубасты”: практычна ніводнае яго пасяджэнне не праходзіла спакойна, было шмат спрэчак. Але радуе тое, што ўсе гэтыя дэбаты насілі канструктыўны характар. Скажам, менавіта рашэннем абласнога Савета мы прынялі паніжаючы каэфіцыент да стаўкі адзінага падатку на ўменены даход для мікраарганізацый, якія аказваюць паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту аўтатранспарту. Упэўнены, што гэтая ж практыка работы – найперш усебаковае вывучэнне пытання, а ўжо потым аргументаванае прыняцце рашэння – будзе характэрна і для наступнага
складу Савета дэпутатаў.


– Якія напрамкі работы вы лічыце прыярытэтнымі ў выпадку абрання вас дэпутатам абласнога Савета ад Астравецкай выбарчай акругі?


– Сёння адна з прыярытэтных задач – навядзенне парадку на зямлі. Канешне, у гэтай справе кожны павінен пачынаць з сябе, са сваіх адносін да роднага горада, вёскі, месца, дзе ён адпачывае, – мы ўсе павінны шанаваць тое вялікае багацце, якое падаравала нам прырода. Але многае ў гэтай справе належыць зрабіць і меліяратарам – і яны гэта робяць, у тым ліку і астравецкія. Дарэчы, хачу сказаць, што Астравецкая прадпрыемства меліярыцыйных сістэм – адно з найбольш паспяховых у Гродзенскай вобласці, на яго рахунку шмат добрых спраў. Гэта і знос пакінутых будынкаў, якія, на жаль, шмат дзе не толькі псуюць агульны выгляд мясцовасці, але і займаюць значныя плошчы, якія можна вярнуць у палі севазвароту. Навядзенне парадку на зямлі – адна з галоўных задач, якую я стаўлю перад сабой і як кіраўнік, і як дэпутат абласнога Савета ў выпадку майго абрання.
Правядзенне культуртэхнічных работ, ператварэнне ва ўрадлівую ніву забалочаных, заросшых хмызняком участкаў – яшчэ адна наша агульная задача.
Для Астравеччыны, прыгожага, унікальнага краю, вельмі актуальная тэма развіцця аграэкатурызму – гэтай тэме таксама будзе надавацца першаступенная ўвага.
Акрамя таго, адной са сваіх задач лічу забеспячэнне рэальнай улады Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў як прадстаўнічых органаў улады.


– Часта здараецца так, што кандыдаты ў дэпутаты, асабліва з гродзенскай прапіскай, з’яўляюцца на сваіх выбарчых участках напярэдадні выбараў – а затым некуды знікаюць… А вы – ці плануеце сустракацца са сваімі выбаршчыкамі пасля таго, як атрымаеце дэпутацкі мандат? І ўвогуле – наколькі вы, генеральны дырэктар, даступны для людзей?


– У сістэме “Гроднамеліяводгаса” 17 раённых ПМС, і ў кожным з іх я не толькі кіраўніка ды галоўнага інжынера, але і спецыялістаў, і многіх радавых працаўнікоў ведаю асабіста. Так што можаце не сумнявацца: чалавек я ўпаўне даступны, і незалежна ад таго, абяруць мяне дэпутатам ці не, рэгулярна буду прыязджаць у Астравецкі раён. Калі ж гэта будзе яшчэ і мая выбарчая акруга, то стану сустракацца з астравецкімі жыхарамі – і не толькі са сваімі падначаленымі, але і ўвогуле з выбаршчыкамі – яшчэ часцей і па магчымасці дапамагаць ім у вырашэнні іх надзённых праблем.


– Што ж, хочацца спадзявацца, што так і будзе. І – поспехаў вам!


--------------------------------
Гутарыла Ніна РЫБІК.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.