Журналисты области познакомились с Гродненским районом и встретились с губернатором

пресс-конф с губернаторомЧарговая прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Васільевіча Краўцова прайшла на гэтым тыдні ў Гродзенскім раёне.

Па традыцыі прэс-канферэнцыі губернатара папярэднічала так званая экскурсія прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі па сельскіх населеных пунктах Гродзенскага раёна.
З раніцы журналістаў з усёй вобласці сустракалі ў аграгарадку Капцёўка. Першым наведаным аб’ектам стала Капцёўская сярэдняя школа. Капітальны рамот тут прайшоў у 2008 годзе ў рамках будаўніцтва аграгарадка. З таго часу зробленае ў школе захоўваецца і школьнікамі, і настаўнікамі.
Адметнасць школы заключаецца і ў тым, што тут арганізавана турысцка-краязнаўчая работа. Як гэта адбываецца, усе маглі ўбачыць у спартыўнай зале школы. Хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі ўменні і навыкі ў скалалажанні – і атрымлівалася гэта ў іх на выдатна. Нездарма школьныя каманды і дзяцей, і настаўнікаў заўсёды ў лідарах на раённых і абласных спаборніцтвах.
Займаецца са школьнікамі Сяргей Юр’евіч Паўленка – апантаны настаўнік, які ў мінулым годзе быў прызнаны настаўнікам года ў сваёй катэгорыі і стаў дыпламантам абласнога этапу.
пресс-конф с губернатором1Гордасць школы – зімовы сад, які таксама дзеці і педагогі даглядаюць разам.
Сельская школа можа пахваліцца і тым, што кожны год тут ёсць медалісты, а выпускнікі паказваюць высокі ўзровень ведаў на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Капцёўскі цэнтр культуры ўзначальвае Эльвіра Анасаўна Чыжанкова, якая па выніках 2013 года была прызнана лепшым работнікам культуры. Заслугоўвае ўвагі і сам цэнтр, які з’явіўся ў 2010 годзе на фундаменце былога Дома людовага, пабудаванага яшчэ ў 1933 годзе. Тут працуе 10 клубных фарміраванняў, у цэнтры размяшчаецца філіял Індурскай музычнай школы, працуюць гурткі ад Дома рамеслаў, ёсць зала рэгістрацыі шлюбу, уражвае бібліятэка.
Спецыялісты цэнтра займаюцца канцэртнай дзейнасцю, выязджаюць з песнямі і танцамі ў іншыя населенныя пункты і санаторыі. Акрамя таго, тут не толькі захоўваецца народная спадчына, але і актыўна адзначаюцца новыя святы: да прыкладу, Свята вяндліны, якое арганізавалі ў мінулым годзе, а сёлета папулярнасцю карыстаецца шоу “Агонь. Вада. Паветра”, прымеркаванае да Года моладзі.
пресс-конф с губернатором2Не менш уражанняў пакінула наведванне ясляў-сада аграгарадка Капцёўка. Ён быў пабудаваны толькі ў мінулым годзе, а сёння садок наведваюць 89 выхаванцаў. Навінкай гэтай дашкольнай установы з’яўляецца тое, што у дзіцячых шафках устаноўлены сістэмы абагрэву і вентыляцыі, ва ўсіх гульнявых пакоях стаяць рэцыркулятары для ачысткі паветра, а харчблок напоўнены самай сучаснай тэхнікай.
Сустракалі журналістаў і ў касцёле Успення Прасвятой Багародзіцы, які быў пабудаваны ў 1936 годзе на самай высокай кропцы Гродзенскага раёна. Ксёндз Міхаіл Ластоўскі правёў экскурсію па храме і Алеі памяці – на тэрыторыі касцёла размешчаны старыя помнікі з розных магільнікаў, акрамя таго тут сабрана зямля з усіх так званых Марыйных мясцін у свеце.
У Капцёўцы размешчана аграсядзіба “Іва”, на прыкладзе якой гаспадары прадэманстравалі, як прыватныя ўладальнікі могуць супрацоўнічаць з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Культурныя работнікі арганізоўваюць святы на тэрыторыі аграсядзіб, і такая “фішка” карыстаецца попытам сярод наведвальнікаў.
пресс-конф с губернатором3Пабывалі журналісты з усёй вобласці і ў аграгарадку Луцкаўляны. Тут прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі паказалі іншы накірунак развіцця Гродзенскага раёна – сельскую гаспадарку.
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў імя Дзеньшчыкова вось ужо 35 гадоў узначальвае Васіль Афанасьевіч Свірыд – мудры працавіты кіраўнік, сапраўдны гаспадарнік. Калі размаўляеш з Васілём Афанасьевічам, складваецца ўражанне, што ён ведае ўсё.
пресс-конф с губернатором4Малочна-таварная ферма “Раніца”, якую наведалі журналісты, была першай фермай, пабудаванай у 2004 годзе па сучасных тэхналогіях. Васіль Афанасьевіч упэўнены, што галоўнае ў паспяховым развіцці СПК – гэта сістэма аплаты працы. І старшыня сельгаскааператыва актыўна гэтым карыстаецца. У выніку сёння сярэдні ўзрост калектыва – 35 гадоў і вакансій у калгасе няма.
– Напрыклад, пры надоі 20 літраў на карову пры сорце малака экстра расцэнка за цэнтнер малака складае 7770 рублёў. А пры надоі 20 літраў малака вышэйшага гатунку – 4650. І даярка ведае, што чым больш малака сорта экстра яна надоіць, тым лепшая у яе будзе заработная плата, – расказаў старшыня СВК.
Васіль Афанасьевіч актыўна супрацоўнічае з усімі аб’ектамі гаспадарання, створанымі на тэрыторыі СВК, а па выніках мінулага года ён прызнаны мецэнатам у сферы культуры.
У гэтым СВК журналісты наведалі таксама мехмайстэрні “Ляхнова”, фруктовы сад і садавінасховішча “Вялікая Жарноўка” – і ўсюды ўбачылі парадак, чысціню і прыгажосць.
У гэты дзень журналісты пабывалі і ў аграгарадку Індура. Тут размешчаны адзін з помнікаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь – Царква Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага. Айцец Рыгор Каляда правеў экскурсію па храме і расказаў, як абнаўляўся гэты культурны аб’ект.
пресс-конф с губернатором5Накірунак развіцця Індурскага цэнтра культуры – захаванне народных традыцый і гістарычнай спадчыны аграгарадка. Тут таксама праводзяць актыўную работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Заслугоўвае ўвагі і сельская бібліятэка, дзе створаны асобны дзіцячы пакой, аформлены ў адпаведным стылі, ёсць электронная бібліятэка, якая пастаянна папаўляецца.
Менавіта ў Індурскім цэнтры культуры прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Васільевіча Краўцова. На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Андрэевіч Лісковіч, старшыня Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Ян Янавіч Васілеўскі і прэс-сакратар старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Паўлавіч Жэлезняковіч.
пресс-конф с губернатором6Прэс-канферэнцыя пачалася з прыемнага моманту. Намеснік галоўнага рэдактара “Лідскай газеты” Людміла Петрулевіч была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік друку Беларусі”.
Сваю сустрэчу з журналістамі раённых і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі Уладзімір Васільевіч пачаў з кароткага агляду ўсіх сфер гаспадарання нашай вобласці.
Так, старшыня аблвыканкама адзначыў, што з 2005 года ў два разы павялічылася валавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі. Вялікая ўвага ўсе гэтыя гады надавалася стварэнню на тэрыторыі Гродзенскай вобласці аграгарадкоў – і вынікі праведзеных пераўтварэнняў усе журналісты маглі ўбачыць падчас знаёмства з некаторымі населенымі пунктамі Гродзенскага раёна.
Прыкладам служыў і Дом культуры, у якім праходзіла прэс-канферэнцыя: да 2009 года будынак не выкарыстоўваўся. А пасля рэканструкцыі, якая прайшла ў рамках аграгарадка, тут пачалося новае жыццё.
– 2015 год – складаны. Гэта выклікана некалькімі прычынамі і працэсамі, якія праходзяць ў свеце: падзенне цэн на нафту і санкцыі ўведзеныя супраць Расіі, – падкрэсліў Уладзімір Васільевіч. – Але мы прыстасаваліся і працуем у такіх умовах.
Уладзімір Васільевіч расказаў пра праекты, якія рэалізуюцца на ААТ “ГроднаАзот”, пра сітуацыю ў дрэваапрацоўчай галіне і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.
– У гэтым годзе мы прадалі на экспарт больш масла, малочнай сывараткі і сухога малака – і тым не менш недаатрымалі ў параўнанні з мінулым годам 54 мільёны долараў, – расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. – Аднак сёння расійскі рынак ажывае, і я ўпэўнены, што сітуацыя павінна змяніцца да лепшага.
пресс-конф с губернатором7Шмат увагі падчас прэс-канферэнцыі губернатар удзяліў развіццю сацыяльнай сферы. Так, ён паведаміў, што ў Валкавыскай бальніцы ў пачатку кастрычніка будзе ўстаноўлены камп’ютарны тамограф, у бліжэйшы час у абласной бальніцы з’явіцца магнітна-рэзанансны тамограф, што знізіць нагрузку на апараты, якія тут ужо працуюць.
Падымаліся пытанні будаўніцтва новых школ і дашкольных устаноў, дамоў сямейнага тыпу, адзін з якіх, дарэчы, будзе ўзведзены ў Астравецкім раёне.
Сёлета ў нашай вобласці прайшло і шэраг значных культурных падзей, але і наступны год таксама будзе насычаны – як прыклад, правядзенне рэспубліканскага свята Нацыянальных культур, які пройдзе летам 2016 года.
Прэс-канферэнцыя прайшла ў рэжыме “пытанне-адказ”. На ўсе пытанні, зададзеныя журналістамі, Уладзімір Васільевіч Краўцоў даў падрабязныя адказы.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.