Выездной приём граждан по личным вопросам состоялся на площадке АЭС
Прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў на пляцоўцы будаўніцтва АЭС старшыня Астравецкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька.Ініцыятыва правядзення “выязной прыёмнай” кіраўніка раённай вертыкалі і сенатара на пляцоўцы АЭС належала старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Наталлі Сянюць. Такое рашэнне было абумоўлена найперш тым, што будаўнікі АЭС па аб’ектыўных прычынах не заўсёды маюць магчымасць трапіць на прыём да старшыні райвыканкама ў спецыяльна адведзены для гэтага дзень.
Зрэшты, толькі будаўнікамі атамнай станцыі кола наведвальнікаў ніхто не абмяжоўваў. Таму прыехаць на прыём да кіраўніка раённай улады і члена верхняй палаты парламента ў офіс Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі атрымалі магчымасць і жыхары навакольных вёсак.
Пытанні, з якімі звярталіся людзі да Адама Дзмітрыевіча, былі самага рознага кшталту: атрыманне жылля, паляпшэнне жыллёвых умоў, уладкаванне дзіцяці ў садок…
За кожнай з гэтых праблем, акрамя літары закона, правоў і абавязкаў, прыярытэтаў грамадскіх і асабістых, яшчэ і меркаванні сацыяльнай справядлівасці, асабісты лёс чалавека, заплецены падчас у такі мудрагелісты клубок, што і не разбярэш адразу, на чыім баку праўда.
Можа таму, расповед ці не кожнага наведвальніка звычайна пачынаўся словамі: “Зварот да Вас – мая апошняя надзея!”
Кожнага наведвальніка старшыня райвыканкама ўважліва выслухоўваў, удакладняў дэталі праблемы, пры неабходнасці тэлефанаваў сваім падначаленым і даваў адпаведныя даручэнні.
Іншым разам вырашэнне асабістай праблемы непрыкметна перацякала ў абмеркаванне сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, яго сучаснага стану і перспектывы, размова аб якой была вельмі дарэчы на пляцоўцы будаўніцтва АЭС.
Пытанняў, вырашэнне якіх магло адбыцца проста падчас прыёму, на гэты раз не было. Таму А.Д. Кавалька ўзяў прадугледжаны законам час на больш грунтоўнае вывучэнне кожнай праблемы і паабяцаў зрабіць усё магчымае для іх вырашэння.
------------------------
Эдуард Свірыд.