"Возможности без границ" на Островетчине
На мінулым тыдні Астравецкі раён наведала дэлегацыя Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас візіту ў Астравец Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шэрэпка, яго саветнік Павел Ёса і генеральны консул Рэспублікі Польшча з горада Гродна Анджэй Хадкевіч сустрэліся са старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Кавалькам, яго намеснікам Віктарам Свіла, дырэктарам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктарам Ждановічам і абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва і рэалізацыі новага дабрачыннага праекта «Магчымасці без межаў».
Нагадаем, што на працягу 2014 года Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Астравецкага раёна пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча рэалізоўвалі дабрачынны праект «Акно ў свет», у рамках якога ажыццявілі шэраг добрых спраў, накіраваных на падтрымку людзей з інваліднасцю, якія жывуць у нашым раёне.
Тады дзякуючы «польскай дапамозе» ў наш раён паступілі неабходныя сродкі рэабілітацыі – шматфункцыянальныя медыцынскія ложкі, матрацы, крэсла-каляскі, крэслы-ложкі для дарослых і дзяцей з ДЦП, хадункі, мыліцы. Усе гэтыя рэчы былі перададзены тым, хто мае ў іх патрэбу. Тады ж выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў атрымалі камплект гукаўзмацняльнай апаратуры з мікрафонамі, мультымедыяпраектарам і ноўтбукам і міні-устаноўку для вырабу свечак – цяпер моладзь з інваліднасцю актыўна асвойвае набытую тэхніку і займаецца вырабам свечак і пастаноўкай цікавых інсцэніровак.
– Мы вельмі ўдзячны Міністэрству Замежных спраў Рэспублікі Польшча і спадару паслу за дапамогу, аказаную ў рэалізацыі дабрачыннага праекта «Акно ў свет», – гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Куцько. – І вельмі задаволены, што наш новы праект «Магчымасці без межаў», накіраваны на набыццё спецыялізаванага транспарту, які дапаможа нашым выхаванцам пазнаць свет, наведаць музеі, выставы і кінаканцэртныя залы, прыняць удзел у культурнамасавых мерапрыемствах, дазволіць маладым людзям з інваліднасцю адчуць сябе неабходнымі грамадству, быў падтрыманы Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.
Прадстаўнікоў Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь сустракалі ў раённым выканаўчым камітэце.
– Паміж Астраўцом і Лідзбарк-Вармінскім раёнам Польшчы наладжана цеснае супрацоўніцтва. Некалькі гадоў назад мы ездзілі туды, сустрэліся і пазнаёміліся з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і ўстаноў. З таго часу пастаянна адбываецца абмен дэлегацыямі. У гэтым годзе ў нашым раёне будзе праходзіць эканамічная выстава-кірмаш
«Паўночны вектар Гродзеншчыны» – і польская дэлегацыя на яго таксама запрошана, – расказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька. – Мы падтрымліваем добрыя адносіны і з Літвой. І ўвогуле, я ўпэўнены, што мы павінны супрацоўнічаць са сваімі суседзямі ва ўсіх сферах.
– Я вельмі задаволены, што ў нас развіваецца супрацоўніцтва. Пачатак яму ўжо пакладзены. І я спадзяюся, што вам падабаецца тое, што мы змаглі ўжо зрабіць, таму што ў нас узаемны інтарэс. Мы, як члены Еўрасаюзу, павінны частку нашага бюджэту траціць на дабрачынную дапамогу. І такія краіны, як Беларусь і Украіна – у прыярытэце. Мы з задавальненнем адгукнуліся на прапанову вашых грамадзян – вельмі добра, што тут, у Астраўцы, жывуць такія энергічныя і ініцыятыўныя людзі, якія вырашылі выкарыстаць нашыя фонды, каб дапамагчы людзям з інваліднасцю, якія жывуць у вашым раёне, – сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шэрэпка.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька правёў для гасцей экскурсію па Астраўцы. Стары горад, уведзены ў эксплуатацыю першы мікрараён, аб'екты, якія будуюцца ў другім мікрараёне – усё гэта спадабалася палякам.
– У вас нетыповы горад. Сёння тут жыве каля 9 тысяч жыхароў, а новы горад праектуецца на 40 тысяч, і гэта, зразумела, гаворыць пра тое, што тут рэалізуецца грандыёзны праект, – падзяліўся ўражаннямі Лешэк Шэрэпка. – Тут кіпіць будаўніцтва, і ў пэўным сэнсе кіпіць жыццё – і я ўпэўнены, што праз некалькі гадоў ваш горад будзе зусім іншым.
Прадстаўнікі польскай дэлегацыі наведалі і інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС, падчас экскурсіі ў якім пазнаёміліся з асноўнымі этапамі будаўніцтва першай Беларускай АЭС.
А ў аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэка Шэрэпку, яго саветніка Паўла Ёса і генеральнага консула Рэспублікі Польшча з горада Гродна Анджэя Хадкевіча хлебам-соллю і звонкай песняй сустракалі артысты хору «Польскае рэха Астраўца». Тут жа прайшла прэзентацыя дзейнасці аддзялення – гасцей запрасілі ў актавую залу, дзе спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра і выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў прадэманстравалі пастаноўку лялечнага спектакля. Казка «Рэпка» на польскай мове, а потым песня ў выкананні загадчыцы аддзялення Святланы Куцько стварылі добрую сяброўскую атмасферу. Не менш эмоцый атрымалі супрацоўнікі Польскага Пасольства ў майстэрні па вырабу свечак, якую ўдалося запусціць якраз дзякуючы дабрачыннаму праекту «Акно ў свет».
– Мы ўжо рэалізавалі адзін праект амаль на 20 тысяч еўра. У гэтым годзе пойдзем далей: будзем старацца зрабіць што-небудзь, каб людзі з інваліднасцю, у якіх ёсць праблемы з перамяшчэннем, змаглі выйсці з дому, – падзяліўся планамі Лешэк Шэрэпка. – Прычым мы гэта робім не толькі ў Астраўцы, але і ў іншых краінах. Гэта так званы сяброўскі жэст для нашых суседзей, каб знайсці кропкі судакранання і наладзіць супрацоўніцтва.
У гэты ж дзень дэлегацыя Польскага Пасольства наведала гімназію №1 і жамчужыну Астравецкага раёна – касцёл Святой Тройцы ў Гервятах.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
