Вопросы реализации Республиканской программы развития молочной отрасли в 2010-2015 годах обсудили на заседании райисполкома
Пасяджэнне райвыканкама, падчас якога разглядалася пытанне рэалізацыі ў раёне Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны ў 2010-2015 гадах, прайшло ў Астраўцы.На пасяджэнні, якое ўзначаліў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, акрамя членаў райвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі, племцэнтра і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прысутнічалі начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Аляксандравіч Сарокін і дырэктар РУСП па племянной справе “Гродзенскае племпрадпрыемства” Пётр Збігневіч Каштэлян.
Выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама Валянцін Часлававіч Далговіч паведаміў пра выкананне асноўных пунктаў праграмы.
Сёння дойны статак раёна складае 9433 галавы, іх абслугоўваюць 186 даярак. На малочна-таварных комплексах – гэта значыць, па новых тэхналогіях – утрымліваецца 4779 кароў, што складае 51% ад усяго дойнага статка. І нягледзячы на тое, што за апошнія гады зроблена вялікая работа ў пытаннях мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, росту колькасці пагалоўя дойнага статку і росту аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, праблемы ў малочнай галіне раёна ўсё ж застаюцца.
Менавіта ім і была прысвечана асноўная частка выступлення Валянціна Часлававіча. Асноўным стрымліваючым момантам, на думку спецыялістаў сельскай гаспадаркі, з’яўляецца чалавечы фактар: невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі розных узроўняў тэхналагічных рэжымаў вытворчасці. Істотным недахопам з’яўляецца таксама неадпаведнасць нормам кармавой базы і ўзнаўленне дойнага статку. Яшчэ адной праблемай з’яўляецца тое, што спецыялістаў проста не хапае. Менавіта па гэтых прычынах праграма не выконваецца поўнасцю.
Сваё гледжанне на праблемы, з-за якіх не выконваюцца некаторыя пункты праграмы, выказаў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. На думку старшыні райвыканкама, асноўная з іх – незацікаўленасць кіраўнікоў гаспадарак жывёлагадоўчай галіной. Намалаважную ролю адыгрывае і недахоп кадраў.
– Яшчэ некалькі гадоў назад на базе СВК “Гервяты” праводзіліся навучаючыя семінары для спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Куды ўсё гэта падзелася? На маю думку, сёння ў сельгаспрадпрыемствах ёсць усё неабходнае для развіцця галіны. Не хапае толькі аднаго – высокапрафесійных кадраў, і іх трэба вярнуць у гаспадаркі, – падкрэсліў Адам Дзмітрыевіч.
Слова для выступлення было прадстаўлена старшыням СВК “Варняны” Аляксандру Паўлавічу Грымбоўскаму, СВК “Гервяты” Аляксандру Вацлававічу Габрукевічу, СВК “Міхалішкі” Аляксандру Іванавічу Чаплінскаму і дырэктару РУП “Саўгас “Падольскі” Андрэю Мар’янавічу Бушмовічу. У сваіх выступленнях кожны з іх прааналізаваў прычыны, якія не далі выканаць прагнозныя паказчыкі праграмы, і акрэсліў сваё бачанне іх вырашэння. Старшыня райвыканкама пракаменціраваў кожнае выступленне і выказаў свой пункт погляду на тыя праблемы, якія ўзніклі на сельгаспрадпрыемствах.
Далучыліся да абмеркавання ўзнікшых у сельскай гаспадарцы раёна праблем начальнік упраўлення жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Аляксандравіч Сарокін і дырэктар РУСП па племянной справе “Гродзенскае племпрадпрыемства” Пётр Збігневіч Каштэлян. Яны ўказалі на недахопы, якія былі выяўлены падчас аб’езду малочна-таварных ферм і комплексаў нашага раёна. Свае выступленні яны падмацавалі фотапрэзентацыяй, падчас якой і былі адлюстраваны ўсе гэтыя недахопы.
У бліжэйшы час кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і спецыялістам гаспадарак належыць выправіць адзначаныя хібы і забяспечыць намечаныя паказчыкі па выкананні праграмы.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
