Ветераны принимали поздравления с Днём Победы
Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі прадстаўнікі РГА РА “Белая Русь” і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыльнага абслугоўвання насельніцтва наведаліся да ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны – каб павіншаваць іх са святам, падзякаваць за мірнае жыццё і нагадаць, што мы помнім і ганарымся іх подзвігамі.
Менавіта ў гэты дзень адна з ветэранаў – Зоя Ананьеўна Быстрова – якраз адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Да шчырых слоў віншавання далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт.–Мы з вамі перажылі тую страшную вайну і не схілілі галовы перад фашысцкімі захопнікамі, – адзначыў Расціслаў Арсенцьевіч. –І сёння для маладога пакалення вы з’яўляецеся прыкладам мужнасці, смеласці і адданасці Радзіме. Мне вельмі прыемна павіншаваць вас с юбілеем і надыходзячым святам Вялікай Перамогі, падзякаваць за ўсё, што вы зрабілі для нашай Айчыны, пажадаць моцнага здароўя і абавязкова сустрэць 100-годавы юбілей.

Гервяты, Варняны, Бабраўнікі, Філіпаны, Фальваркі, Астравец… Іх засталося на Астравеччыне шаснаццаць – жывых сведкаў вайны: чатыры ветэраны, хто змагаўся да апошняга, каб падарыць нам мірную сучаснасць, адзін ветэран-тылавік і адзінаццаць вязняў нямецкіх лагераў, чые дзяцінства і юнацтва назаўсёды ўкрала вайна.


–Ад імя раённай улады, нашай арганізацыі і проста ад нашчадкаў сёння мы ў чарговы раз дзякуем вам за Вялікую Перамогу, – падкрэсліла падчас віншаванняў старшыня раённага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч. –Цяжка нават уявіць, што прыйшлося перажыць у тыя пякельныя гады вайны. Мы схіляем галовы перад вашымі адвагай і мужнасцю.Нягледзячы на жахі і пакуты, якія давялося перажыць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, кожны з іх сустракаў гасцей са шчырай усмешкай, светлымі вачыма і невычарпальным аптымізмам, што нават не верылася, што калісьці яны жылі па суседству са смерцю і засыналі пад “музыку” выбухаў снарадаў. Яны дзякавалі за падарункі, а найперш – за ўвагу і клопат, сціпла змахвалі слязу горкіх успамінаў і жадалі ў адказ толькі аднаго: каб ніколі і нідзе больш не было вайны.
Дзякуй вам, паважаныя ветэраны, за мірнае сёння! Мы памятаем! І ніколі не забудзем пра ваш подзвіг!
