В Щучине прошла пресс-конференция председателя Гродненского облисполкома

У Шчучыне прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Васільевіча Краўцова.


Звычайна сустрэчы з губернатарам вобласці папярэднічае знаёмства журналістаў са значнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі наведваемага імі раёна. Так было і на гэты раз.

Знаёмства са Шчучынскім раёнам пачалося ў райвыканкаме. Падчас сустрэчы з яго старшынёй Сяргеем Васільевічам Ложэчнікам журналісты даведаліся пра развіццё раёна і яго перспектывы, а таксама паглядзелі цікавы відэафільм. А потым адправіліся на прадпрыемствы, каб на свае вочы ўпэўніцца ў тым, што пачулі ад старшыні.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Шчучынскі завод «Аўтапровад» на працягу многіх гадоў займае лідзіруючае становішча на рынку кабельных вырабаў. Прадпрыемствам асвоены выпуск больш 250 відаў кабельнай прадукцыі з меднай жылай. Сёння завод з'яўляецца самым буйным перапрацоўшчыкам медзі ў нашай краіне. 70 працэнтаў выпускаемай ім прадукцыі рэалізуецца ў Расію, частка адпраўляецца на беларускія прадпрыемствы і ў краіны блізкага замежжа – у Чэхію і Прыбалтыку.

Тэрыторыя завода ўражвае чысцінёй і акуратнасцю. А з улікам таго, што кіраўніцтва Шчучына аб прыездзе журналістаў даведалася толькі напярэдадні, можна сцвярджаць, што парадак тут пануе пастаянна.

З 2011 года паэтапна ідзе мадэрнізацыя вытворчасці завода, на некаторых участках ужо адбылося абнаўленне тэхнікі і абсталявання. І ўсё гэта – своеасаблівы гонар кіраўніцтва завода. А які святочны настрой пануе на прадпрыемстве! У кожным цэху створаны навагоднія міні-кампазіцыі: Дзед Мароз, Снягурка, Снегавік і гаспадыня будучага года каза кожны дзень “вітаюць” работнікаў.

Апошнія гады кіраўніцтва завода вялікае значэнне надае развіццю турыстычнага бізнесу. На 2015 год запланавана адкрыццё ўласнай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі «Каменскае»: альтанкі, штучныя вадаёмы, лазня, некалькі асобных дамоў эканом- і VIP-класа – ужо сёння работнікі завода прымаюць заказы на навагоднія карпаратывы.

Не менш прыемных уражанняў пакінула і наведванне вытворчай базы Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Яго дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч падрабязна расказаў, чым займаюцца супрацоўнікі гэтай навуковай установы, якую добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

Галоўная мэта, якая стаіць перад навукоўцамі, – у цесным узаемадзеянні з практыкамі вырашаць задачы развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна на аснове ўдасканалення сістэм земляробства з улікам мясцовых кліматычных умоў. Новыя сарты збожжавых і зернебабовых культур, траў, бульбы, пладовых і ягадных дрэў і кустоў за патрабаваны ў поўнай меры. Тут створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, пабудаваны і дзейнічае аўтаматычны комплекс падрыхтоўкі для якаснай сяўбы насеннага матэрыялу збожжавых і зернебабовых культур.

Ёсць у інстытута і свае зямельныя ўгоддзі, якія даюць немалы прыбытак. І ў гэтым журналісты маглі ўпэніцца на свае вочы, спецыяльна падрыхтаваная выстава яблыкаў і бульбы, дэманстрацыя «бігбэгаў» – вялікіх мяхоў з ачышчаным селекцыйным насеннем – усё гэта выклікала непадробны інтарэс журналістаў.

Сустракалі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і ў Ражанкаўскім дзіцячым садку-сярэдняй школе, памяшканні якога былі адрамантаваны падчас будаўніцтва ў Ражанцы аграгарадка. Адміністрацыі школы за гэты час ўдалося не толькі захаваць зробленае, але і палепшыць матэрыяльны стан школы: сучасная сталовая і актавая зала, дзве трэнажорныя залы са шматлікімі трэнажорамі, на якіх могуць шукаць здароўе і прыгажосць не толькі педагогі і вучні школы, але і іх бацькі.

Уразіла і навагодняе ўпрыгожванне школьных памяшканняў: са звычайных прыродных і падручных матэрыялаў школьнікі са сваімі настаўнікамі змаглі стварыць навагоднюю казку.

Фінальнай кропкай падарожжа па Шчучыншчыне стала наведванне масласырзавода. Кефір, малако, смятана, сыр брэнда «NaDivo» сёння вядомы не толькі ў Беларусі. Гэтая прадукцыя карыстаецца попытам у многіх суседніх краінах. І таму не дзіўна, што сёлета Шчучынскі масласырзавод стаў фіналістам конкурсу “Народная марка”.

Менавіта ва ўтульнай зале Шчучынскага масласырзавода і адбылася чарговая прэс-канферэнцыя Уладзіміра Васільевіча Краўцова з журналістамі друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці і рэспублікі.

Падчас сустрэчы з журналістамі кіраўнік вобласці падрабязна спыніўся на пытаннях развіцця нашага рэгіёна і падрабязна ахарактырызаваў кожную галіну з яе плюсамі і мінусамі.

Так, сёлета вобласць зрабіла значны крок наперад у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці, што пацвярджае станоўчая дынаміка па выкананні ўсіх прагнозных паказчыкаў: па выніках за 9 месяцаў рэгіён лідзіруе па выкананні валавага рэгіянальнага прадукту, ёсць станоўчая дынаміка ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і ў будаўніцтве.

Мы заканчваем выкананне будаўнічай праграмы. Па выніках года ў вобласці павінны ўвесці 665 тысяч квадратных метраў жылля – і гэты паказчык будзе выкананы, – падкрэсліў губернатар Гродзенскай вобласці. – У гэтым годзе працягваецца рэалізацыя буйнога інвестыцыйнага праекта – будаўніцтва атамнай электрастанцыі. І яе ўзвядзенне ідзе згодна з графікам. Нагадаю, што ў 2018 годзе будаўнікі павінны ўвесці ў эксплуатацыю першы энергаблок. У 2015 годзе на яе будаўніцтве будзе асвоена каля 600 мільёнаў долараў. І больш аднаго трыльёна рублёў будзе зрасходавана на аб’екты інфраструктуры: інжынерныя сеткі, жыллё для атамшчыкаў і іншыя аб’екты ў Астраўцы і Астравецкім раёне. Мы амаль пабудавалі – сёння ідуць пусканаладачныя работы – яшчэ адзін буйны аб’ект – “Мастоўдрэў”. Гэта таксама інвестыцыйны праект і ў лютым наступнага года, як прадугледжвае бізнес-план, ён будзе здадзены ў эксплуатацыю і стане выпускаць плітны матэрыял для мэблевай прамысловасці. З удзелам замежнага капіталу развіваецца і яшчэ адзін буйны аб’ект – “Кронаспан” у Смаргоні.

Аднак і сёння складанай застаецца сітуацыя ў мяса-малочнай галіне. У першую чаргу з-за таго, што мінулыя гады яна была зарыентавана на Расію – 96 працэнтаў прадукцыі рэалізоўваецца ў гэтую краіну за расійскія рублі. Уладзімір  Васільевіч прапанаваў звярнуць увагу на іншыя краіны, а не заставацца рэгіёнам, арыентаваным толькі на адну краіну-суседку.

Не спрыяе развіццю рэгіёна і скарачэнне пагалоўя свіней. Таму плануецца да 2016 года ўзвесці на Гродзеншчыне чатыры буйныя свінакомплексы: адзін з іх пабудуе кампанія “Біяком” у Бераставіцкім раёне, яшчэ два – кампанія з замежным капіталам у Слонімскім раёне, а Мінэнерга ўзвядзе свінакомплекс на 24 тысяч галоў у Ваўкавыскім раёне.

Уладзімір Васільевіч Краўцоў дадаў, што сёння ў вобласці ўзводзіцца 20 малочна-таварных комплексаў, сем з іх пачнуць працаваць у гэтым годзе. Усё гэта павінна стабілізаваць сітуацыю ў мяса-малочнай галіне.

Якраз напярэдадні прэс-канферэнцыі гродзенскага губернатара Прэзідэнтам краіны быў падпісаны Дэкрэт №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўніцкіх кадраў і работнікаў арганізацый”.

Уладзімір Васільевіч звярнуў увагу на тое, што дысцыпліна з’яўляецца важным фактарам для работы эканомікі і выказаў думку, што ў Гродзенскай вобласці таксама ёсць недапрацоўкі ў кадравых пытаннях. Дэкрэтам вызначаны шырокія паўнамоцтвы па прымяненні мер пакарання і заахвочвання, прапанаваны канкрэтныя інструкцыі. Уладзімір Васільевіч падкрэсліў, што важна правільна разумець і прымяняць на практыцы гэты дакумент.

Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік вобласці звярнуў увагу на тое, што ў наступным годзе ў Шчучыне адбудзецца святкаванне Дня беларускай пісьменнасці і паабяцаў, што на працягу года на Гродзеншчыне будуць праходзіць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай літаратуры, мовы і культуры. А самым галоўным падарункам да свята пісьменнасці стане завяршэнне рэканструкцыі палаца Друцкіх-Любецкіх, які знаходзіцца ў Шчучыне.

Губернатар таксама расказаў, што плануецца зрабіць у рамках Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў, што наступныя абласныя “Дажынкі” пройдуць у Дзятлаве, і ўпэўніў, што да 2016 года будзе рэканструяваны ўчастак трасы “Гродна-Мінск”.

Ад журналістаў у той дзень прагучала шмат пытанняў – і на ўсе губернатар даў разгорнутыя адказы.


---------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.