В Островецком районе прошли выборы депутатов в местные Советы депутатов 27 созыва
Па заканадаўству Рэспублікі Беларусь аддаць свой голас за кандыдатаў у дэпутаты можна было зараней: з 18 па 22 сакавіка ў раёне і па ўсёй краіне праходзіла датэрміновае галасаванне.
Прычым аддаць свой голас датэрмінова мог любы выбаршчык, і пры гэтым не трэба было тлумачыць, па якой прычыне ён вырашыў прагаласаваць раней, а не ў дзень выбараў. І калі да 22 сакавіка ўсе кандыдаты ў дэпутаты мелі права праводзіць агітацыю – і карысталіся гэтым правам, – то у дзень выбараў – 23 сакавіка – гэтага зрабіць яны не маглі.
Зрэшты, у нашым раёне галасавалі за 66 кандыдатаў у сельскія Саветы дэпутатаў, 25 – у Астравецкі раённы Савет дэпутатаў і 2 – у Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.
У нядзелю ўсе выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8 гадзін раніцы. З гэтага часу людзі маглі аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў. Але яшчэ да таго, як адчыніліся дзверы выбарчых участкаў – а такіх у нашым раёне было створана 35, прычым адзін з іх быў адкрыты ў цэнтральнай раённай бальніцы, – прайшла працэдура апячатвання скрыняў для галасавання.
Зрэшты, як і ў мінулыя гады, на кожным участку былі апячатаны і перанасныя ўрны для галасавання – на выпадак, калі хтосьці з жыхароў горада ці раёна, прыпісанага да свайго ўчастку, не зможа самастойна прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты.
Удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27 склікання мелі права і расіяне, якія пражываюць у нашым раёне і маюць від на жыхарства. Менавіта яго неабходна было прад’явіць пры галасаванні.
Прагназавалася, што яўка на выбары будзе даволі высокай. Гэтаму садзейнічала ўсё: і добрае надвор’е, і тое, што сёлета ўпершыню ў краіне жыхары атрымалі запрашэнне прыняць удзел у выбарах пры дапамозе мабільнай сувязі.
Па традыцыі амаль на ўсіх выбарчых участках прайшлі канцэртныя праграмы, падчас якіх за будучыню краіны песнямі і танцамі “прагаласавалі” самадзейныя артысты Астравеччыны.
Яшчэ адной добрай традыцыяй, якая паўтараецца з году ў год, стала арганізацыя на выбарчых участках выязнога гандлю. І хаця сёння патрэбную прадукцыю можна набыць у любым магазіне, традыцыя гэтая засталася. А супрацоўнікі Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства парадавалі гараджан і жыхароў вёсак нашага раёна свежымі і смачнымі прадуктовымі таварамі.
Роўна ў 20.00 усе выбарчыя ўчасткі закрыліся, і пачаўся падлік галасоў, які засведчыў, што жыхары нашага раёна прынялі актыўны ўдзел у галасаванні на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27 склікання.
Два дэпутаты ў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў, 25 новаабраных дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў і 66 дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў у хуткім часе прыступяць да работы. Іх служба народу і краіне працягнецца чатыры гады. Хочацца пажадаць новым дэпутатам быць актыўнымі і працаваць на карысць нашага раёна і ўсёй краіны.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
