В Островце выбрали нового лидера районной организации "Белая Русь"
Дзесяць гадоў назад на Гродзеншчыне было створана абласное грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. У 2006 годзе ўзнікла раённая арганізацыя. З часам добрыя справы, ініцыятыўнасць і стараннасць актывістаў гэтай арганізацыі былі заўважаны ў рэспубліцы. Пачынанні гродзенцаў падхапілі іншыя рэгіёны нашай краіны – і ў 2007 годзе было створана рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, члены якога сталі актыўнымі ўдзельнікамі грамадска-палітычнага жыцця краіны.Ля вытокаў стварэння Астравецкай раённай арганізацыі “Белая Русь” стаяла Ірына Эдуардаўна Тальчук. У 2008 годзе яе ўзначаліла Валянціна Іванаўна Дземеш. У 2012 годзе старшынёй раённай арганізацыі стала Наталля Уладзіміраўна Сянюць. Менавіта яна і трымала справаздачу перад дэлегатамі справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
За гэты час было праведзена шэраг цікавых і значных мерапрыемстваў і акцый: “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей”, “Павіншуем дзяцей з Ражаством і Новым годам разам”, “За здаровую нацыю!”, "Белая Русь" упрыгожвае Беларусь", “Тыдзень лесу”, дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, удзел у рэспубліканскіх святах і мерапрыемствах, падтрымка моладзі і шэраг іншых. Без удзелу “Белай Русі” не праходзіла ні адно мерапрыемства ў раёне.
У сваім дакладзе Наталля Уладзіміраўна адзначыла лепшыя пярвічныя арганізацыі, якія “адзначыліся” добрымі справамі і цікавымі мерапрыемствамі: Гудагайская СШ, СШ №1 г. Астраўца, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1, Мальскі НПК, сельгастэхніка, ПУ “Астравецрайгаз”, рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”, інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах, Астравецкі лясгас, завод “Радыёдэталь”, райветстанцыя, РУП “Беларуская АЭС”, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
За два з паловай гады, што Наталля Уладзіміраўна ўзначальвала раённую арганізацыю, змяніўся і колькасны склад “беларусістаў”: сёння ў радах арганізацыі 801 чалавек з 48 пярвічных арганізацый.
Але гэта не мяжа. Намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Сяргей Юр’евіч Пігараў упэўнены, што раённай арганізацыі ўпаўне па сілах “падрасці” да 1000 чалавек.
– Мне шкада, што сёння на вашай канферэнцыі не прысутнічаюць калегі з іншых раёнаў Гродзеншчыны, – зазначыў у сваім выступленні Сяргей Юр’евіч Пігараў. – Ім варта было б павучыцца ў астраўчан, як трэба працаваць і як праводзіць канферэнцыі.
– У кожнай арганізацыі “Белай Русі” ёсць свая “фішка” ў рабоце, – прадоўжыў Сяргей Юр’евіч. – Але ў вас раён спецыфічны: тут сёння разгортваецца галоўная будоўля краіны. Таму ў вас не “фішка”, а ганаровая і пачэсная місія: трэба не толькі захаваць беларускую мову і спадчыну, але і аб’яднаць насельніцтва, пазнаёміць тых, хто прыедзе ў Астравецкі раён, з беларускай мовай, культурай, спадчынай.
Ацэнку работы пярвічных арганізацый і савета раённай арганізацыі “Белая Русь” далі ў сваіх выступленнях старшыні і члены пярвічных арганізацый РУП “Беларуская АЭС” Э.І. Свірыд, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.К. Куцько, Астравецкага лясгаса П.З. Крупенчык, рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” Н.А. Рыбік.
Ганаровымі граматамі і падарункамі раённай арганізацыі былі ўзнагароджаны актывісты раённай арганізацыі і лепшыя пярвічкі. Грамату рэспубліканскага грамадскага аб’яднання атрымала Р.Э. Дрэма.Вынікі дзейнасці раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” падвялі старшыня раённага Савета дэпутатаў, першы кіраўнік раённай арганізацыі тады яшчэ абласнога аб’яднання “Белая Русь”, Ірына Эдуардаўна Тальчук і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Напрыканцы канферэнцыі былі праведзены выбары новага савета раённай арганізацыі, членаў кантрольна-рэвізійнай камісіі і кандыдатаў у савет і кантрольна-рэвізійную камісію ў выпадку змены іх саставаў. Пасля канферэнцыі прайшло арганізацыйнае пасяджэнне новага складу савета раённай арганізацыі, падчас якога былі выбраны старшыня раённай арганізацыі і прэзідыум.
Новай старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” абрана галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Фёдараўна Раткевіч.
Закончылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя канцэртам: песні дэлегатам і гасцям мерапрыемства падарылі народны ансамбль народных інструментаў “Скарбніца”, народны ансамбль народнай песні “Кемяліна”, а таксама Дар’я Крывіцкая, выступленне якой суправаджаў “Залаты вернісаж”, і Павел Букель.
Засталося толькі пажадаць новай старшыні і новаму савету раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” паспяховай работы і новых цікавых спраў для агульнай карысці.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
НА ЗДЫМКАХ: новы лідар "Белай Русі" І.Ф. Раткевіч; С.Ю. Пігараў уручае Ганаровую грамату Р.Э. Дрэма.
