В Гродненском облисполкоме прошло совещание, главным вопросом которого стали права несовершеннолетних
Сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама і каардынацыйнага савета аблвыканкама па кантролю за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Андрэевіча Лісковіча прайшло ў Гродне. Яго ўдзельнікамі з дапамогай відэасувязі сталі ўсе зацікаўленыя ў дадзеным пытанні структуры з усіх раёнаў нашай вобласці.Першае пытанне, якое было разгледжана на пасяджэнні, датычылася выканання заканадаўства, якое рэгулюе парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да непаўналетніх і іх законных прадстанікоў.
Старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Святлана Аляксееўна Нанкевіч расказала, што вельмі часта ў раёнах сустракаюцца значныя парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства, прымененага да непаўналетняга і яго бацькоў. Па выніках праверкі абласная пракуратура вынесла 10 прадстаўленняў у адрас начальнікаў аддзелаў унутраных спраў і 7 – у адрас старшынь камісій па справах непаўналетніх.
Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Віктар Андрэевіч Лісковіч падкрэсліў, што падобных памылак быць не павінна, бо за кожным няправільным рашэннем стаіць лёс дзіцяці і яго бацькоў, і звязаў іх з праяўленнем халатнасці і непрафесіяналізму.
На абмеркаванне было вынесена таксама пытанне ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў па выкананні Дэкрэта №18. На прыкладзе Мастоўскага раёна быў паказаны стан спраў па забеспячэнні абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, а таксама разгледжана пытанне аб нерадзівых бацьках, якія павінны пакрываць выдаткі, што нясе дзяржава, на выхаванне іх дзяцей.
Важным аспектам работы па Дэкрэце №18, з’яўляецца тое, што ў Гродзенскай вобласці існуюць спецыяльныя алгарытмы выпіскі з радзільных аддзяленняў немаўлят, бацькі якіх былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў ці маюць прыкметы сацыяльнай небяспечнасці. І пры захаванні ўсіх пунктаў такія алгарытмы вельмі эфектыўныя. Менавіта гэта адзначыў у сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін.
– Па стане на 1 ліпеня бягучага года на ўліку стаіць 268 непаўналетніх, якія былі вернуты ў сем’і. З іх 228 дзяцей вернуты на аснове пастанаўленняў камісій па справах непаўналетніх, 15 – у выпадках вынясення рашэння суда аб адмове ў пазбаўленні бацькоў бацькоўскіх правоў, 25 – на аснове рашэнняў суда аб узнаўленні бацькоў у бацькоўскіх правах, – паведаміў Аляксандр Генрыхавіч. – Аднак выпадкі, калі дзеці праз некаторы час зноў прызнаюцца знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, сведчаць аб адсутнасці ўсебаковай ацэнкі бяспечнага становішча дзіцяці ў сям’і.
Так, у 2014 годзе на працягу трох месяцаў пасля вяртання ў сям’ю ў бацькоў паўторна было забрана пяць дзяцей, у першым паўгоддзі бягучага года такіх выпадкаў ужо чатыры.
Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Андрэевіч Лісковіч зазначыў, што такое не павінна паўтарацца, а алгарытмы павінны дакладна захоўвацца. Больш таго, ён прапанаваў вярнуцца да ранейшай практыкі, калі дзіця выпісвалі толькі пры прысутнасці разам з бацькамі фельдшара ці медыцынскай сястры.
Асноўныя задачы на бліжэйшыя шэсць месяцаў, якія былі пастаўлены напрыканцы пасяджэння, павінны забяспечыць жыццё і выхаванне ўсіх без выключэння дзяцей на годным узроўні.
-----------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
