Сколько будет стоит нахождение ребёнка в детском саду?

У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” звярнулася з пытаннем жанчына, якая цікавілася, ці будзе павялічана бацькоўская аплата за знаходжанне дзяцей у садках?

За каментарыямі адносна павелічэння аплаты за дзіцячыя садкі, мы звярнуліся да галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Тэрэсы Станіславаўны Малочка:


– Ва ўсіх дзіцячых садках, што сёння працуюць у раёне, дзеці знаходзяцца ад 9 да 10,5 гадзін. У адпаведнасці з гэтым на кожнае дзіця ў залежнасці ад узросту і віду групы ўстаноўлены абавязковыя нормы харчавання на дзень.
Так, 100-працэнтны кошт харчавання яслях за адзін дзень складае 10360 беларускіх рублёў, для тых, хто наведвае садок, ён роўны 13140 рублёў. У санаторных групах, дзе дзеці забяспечаны ўзмоцненным харчаваннем, за дзень расходуецца 20900.
Важна помніць, што бацькі аплачвалі толькі частку кошту харчавання, якім дзеці забяспечваюцца ў дашкольных установах, усе астатнія расходы – утрыманне памяшканняў, выплату заработнай платы і іншыя дзяржава бярэ на сябе. Да 1 сакавіка бацькі аплачвалі толькі 40% кошту харчавання за дзень. Гэта значыць, яны плацілі 4144, 5256, 8360 рублёў адпаведна за яслі, сад і санаторныя групы. Атрымліваецца, што за 20 працоўных дзён бацькам даводзілася плаціць: 82880 рублёў – для дзяцей, якія наведваюць яслі, 105120 – для тых, хто ходзіць у сад і 167200 – для наведвальнікаў санаторных груп. Прычым, аплата за знаходжанне ў дашкольных установах рабілася авансам. Гэта значыць, што ў лютым бацькі плацілі за люты, а ў наступным месяцы рабіўся пераразлік за папярэдні ў адпаведнасці з графікам наведвання садка.
Згодна з пастановай №123 “Аб унясенні змяненняў у пастанову Савета Міністраў ад 29 лютага 2008 года №307”, якую Савет Міністраў прыняў 25 лютага 2013 года і якая ўступіла ў дзеянне з 1 сакавіка, бацькоўская аплата павялічылася да 60% ад дзеючых грашовых норм расходаў на харчаванне ў дзень на аднаго выхаванца, у залежнасці ад узросту дзяцей, віду і рэжыму працы дашкольнай установы. Гэта значыць, што за харчаванне дзяцей у ясельнай групе цяпер давядзецца заплаціць 6216 рублёў, у групах садка – 7884, у санаторных групах – 12540.
У выніку з першага сакавіка – менавіта з гэтага дня ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў – памер аплаты за харчаванне павялічыцца на 50% у месяц. Калі палічыць, што за месяц дзеці знаходзяцца ў садку 20 дзён, то бацькам дзяцей, якія наведваюць яслі, давядзецца заплаціць 124320 рублёў, за садок – 157680, і за харчаванне ў санаторных групах – 250800.
Дарэчы, раней, згодна з пастановай Саўміна ад 29 лютага 2008 года №307 бацькі аплачвалі 60% кошту харчавання дзяцей у дзіцячых садках. З 21.02.2011 былі ўнесены змяненні, згодна з якімі бацькі сталі аплачваць 40%. Так што новаўвядзенне далёка не новае для бацькоў, чые дзеці наведваюць садок, гэта хутчэй вяртанне да ранейшага парадку.


----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.