Районное совещание работников системы образования прошло в Островце
Традыцыйна ў канцы жніўня педагагічная грамадскасць вызначае прыярытэты ў сваіх дзеяннях на новы вучэбны год – па ўсёй краіне праходзяць канферэнцыі педагогаў. Раённае пасяджэнне спецыялістаў сістэмы адукацыі прайшло ў Астраўцы.Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі, канешне ж, педагогі. Прычым сабралася іх тут некалькі пакаленняў – ветэраны працы, якія прысвяцілі сваё жыццё школе і дзецям, маладыя спецыялісты, якія другога верасня дадуць першы самастойны ўрок, і педагогі, якія не першы год працуюць у розных школах і дашкольных установах Астравеччыны. А побач з педагогамі былі дзеці – таксама рознага ўзросту, якія прыйшлі падтрымаць сваіх старэйшых сяброў.
Ганаровымі гасцямі свята сталі намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, намеснік пракурора Астравецкага раёна Дзмітрый Анатольевіч Дамарад і метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Станіславаўна Шмурэй.
Перад кінаканцэртнай залай усіх вітаў духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў. А на прыступках разгарнуліся выставы метадычных ідэй “Творчая ініцыятыва кожнага – шлях да развіцця адукацыі”. Сёння амаль кожная ўстанова адукацыі працуе па накірунках дзейнасці. Напрыклад, гімназія №1
развівае інтэлектуальны накірунак, Альхоўская школа – музейную справу, СШ №1 прадстаўляла дзейнасць і работу сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай служб і БРСМ, Варнянская школа і яслі-сад №2 Астраўца славяцца экалагічным выхаваннем, у Гервятах шмат гадоў запар развіваецца інавацыйная дзейнасць, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 працуе па праекце, прысвечаным Году беражлівасці, у Мальскай школе вялікая ўвага надаецца супрацоўніцтву з дзяржаўтаінспекцыяй... Пералічваць можна бясконца. Прасцей усё гэта было пабачыць на ўласныя вочы.
А ў гэты час у фае разгарнулася выстава цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адвесці позірк ад вырабаў з саломкі, шматлікіх аб’ёмных выцінанак, самаробных лялек розных памераў, фотаздымкаў і вышыванак было практычна немагчыма. Тут жа можна было пазнаёміцца з напрацоўкамі педагогаў з
розных школ раёна, а таксама набыць метадычную літаратуру, якую прадаставіў універмаг.
Асноўнае дзейства праходзіла ў святочна прыбранай зале. Пачатак пасяджэнню быў пакладзены выступленнем вучняў Гудагайскай сярэдняй школы і СШ №1, якія прывіталі педагогаў.
Як і належыць, пачалася педагагічная нарада з выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч. Сваё выступленне Наталля Іосіфаўна пачала з аналізу прафесійнага ўзроўню работнікаў сістэмы адукацыі. Яна таксама спынілася на станоўчых баках
развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Былі таксама агучаны праблемы і перспектывы развіцця адукацыі ў нашым раёне. Словы ўдзячнасці за ўвагу і падтрымку начальнік аддзела адукацыі адрасавала кіраўніцтву райвыканкама і асабіста Адаму Дзмітрыевічу Кавальку. Наталля Іосіфаўна выказала ўпэўненасць, што пастаўленыя перад сістэмай адукацыі задачы будуць выкананы.
З прывітальным словам да ветэранаў педагагічнай працы і педагогаў, якія сёння працуюць у школах, звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна Ярмоліч. Пасля чаго надышла пара ўшанаваць маладых спецыялістаў. Кожнага з іх – а сёлета ў раён прыехала 35 маладых спецыялістаў – прывітала і запрасіла на сцэну галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Ядвіга Браніславаўна Петрык. У гэтым годзе традыцыя вітання маладога папаўнення змянілася. Сёлета да іх звярнуліся педагогі-ветэраны. Адна з іх – Ядвіга Каятанаўна Шаблінская – 40 гадоў адпрацавала ў СШ №1. Менавіта яна і падзялілася з маладымі настаўнікамі ўласнай тэорыяй поспеху, як застацца верным школе і дзецям на ўсё жыццё. Гэта быў сапраўдны гімн роднай школе і любімай справе жыцця. Таццяна Цімафееўна Мароз, таксама педагог з вялікім стажам, разам з Наталляй Генадзьеўнай Вянгроўскай падарылі маладому папаўненню песню.
З парадамі да маладых спецыялістаў выступіла педагог-псіхолаг Варнянскага НПК з двухгадовым стажам Вера Генадзьеўна Шпакоўская. Яе выступленне, зрэшты як і ўсіх астатніх, хто меў гонар выступіць на нарадзе, суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй.
Пасля таго, як афіцыйная частка мерапрыемства скончылася, кожны мог падзяліцца вопытам кіравання адукацыйнай установай ці ўласнымі напрацоўкамі ў выкладанні прадметаў.
Сёлета Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу “Брэнд года”. Заслужаную ўзнагароду дырэктар і педагогі атрымалі летам. Дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць расказала пра педагогаў і выхаванцаў цэнтра, пра перамогі і карпатлівую працу, якія садзейнічаюць поспеху.
Было чым пахваліцца і намесніку дырэктара Варнянскага НПК Алене Іванаўне Юркойць. Гэта школа ўжо некалькі гадоў працуе па праграме экалагічнага выхавання школьнікаў і падлеткаў. Мінулы год быў плённым на ўзнагароды – 22 граматы абласнога ўзроўню паклалі ў сваю скарбонку варнянскія эколагі.
Дырэктар Гудагайскай школы Ганна Мечыславаўна Капцюг расказала пра сацыяльнае партнёрства ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У мінулым годзе ў гэтай школе быў адкрыты ваенна-патрыятычны клас. Сёлета супрацоўніцтва з пагранічнікамі будзе прадоўжана – вучні яшчэ аднаго класа вырашылі стаць кадэтамі. Школа актыўна супрацоўнічае з лясгасам і сельгаскааператывам, развівае музейную і даследчую дзейнасць. А ў бягучым годзе пры падтрымцы аддзела ўнутраных спраў тут будзе адкрыты яшчэ і міліцэйскі клас. І ўсё гэта якраз і садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, якое сёння так важна.
Настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Таццяна Валянцінаўна Казак ніколі не спачывала на лаўрах, бо лічыла, што толькі калі будзе прафесійна расці і развівацца сама, зможа развіваць асобу вучняў. Пра тое, што гэта дзейнічае, яна і гаварыла ў сваім выступленні. І як пацверджанне яе слоў і тэорыі – яе былыя выпускнікі, якія сёлета пойдуць у пяты клас. Кожны з іх, пакуль вучыўся ў пачатковай школе, не раз станавіўся пераможцам шматлікіх гімназічных і раённых конкурсаў. Сама ж Таццяна Валянцінаўна, акрамя таго, што выкладае ў пачатковых класах, займаецца выдавецкай дзейнасцю. І ўжо выдала шэсць метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў і бацькоў.
Інфармацыйныя тэхналогіі ў Міхалішкаўскай школе пастаянную прапіску атрымалі ўжо даўно. Дзякуючы зацікаўленасці дырэктара Віктара Казіміравіча Казака і адміністрацыі школы на інфармацыйную іголку “падселі” ўсе настаўнікі і школьнікі – 78% педагогаў маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій. Гэта дазваляе не толькі праводзіць урокі на якасна высокім узроўні, але і спатрэбіцца рабятам у будучым дарослым жыцці, якое сёння ўжо не бачыцца без камп’ютара.
Вялікі ўклад у развіццё спорту і здаровага ладу жыцця ўнёс настаўнік фізічнай культуры Гервяцкай школы Анатолій Мечыслававіч Кавалеўскі. У сваім выступленні ён падзяліўся ўласным вопытам, як прывіць любоў да фізічнай культуры і жаданне займацца спортам. Выхаванцы А.М. Кавалеўскага сёлета таксама ўдзельнічалі ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, сярод якіх было і ўдалае выступленне на міжнародных спаборніцтвах па стрытболе.
Бягучы год Прэзідэнтам краіны быў аб’яўлены Годам беражлівасці. Таму адміністрацыя дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца распрацавала прект па ўзаемадзеянні сям’і і дашкольнай установы па прыцягненні дашкольнікаў да культуры эканоміі. Менавіта пра ажыццяўленне праекта падрабязна расказала намеснік загадчыцы садка Галіна Андрэеўна Восарава. А дапамаглі ёй у гэтым дашкольнікі, якія перайначылі казку пра цара Салтана на новы лад, спасылаючыся ў ёй на пытанні эканоміі і энергазберажэння.
Слова для выступлення было прадстаўлена метадысту Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлане Станіславаўне Шмурэй. Яна не толькі павіншавала настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года, але і ўзнагародзіла лепшых з лепшых граматамі рознага ўзроўню. Так, граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі адзначаны С.І. Мацкевіч (Міхалішкаўская школа), Н.В. Ярмак (Міхалішкаўская школа), А.І. Юркойць (Варнянскі НПК), Л.І. Анімуцкая (Альхоўская СШ), А.Ч. Трэйгіс (СШ №1), В.І. Сянюць (Варнянскі НПК), В.І. Кухарчык (Рытанскі НПК), В.І. Саковіч (гімназія №1) і С.Л. Шчасная (Мальскі НПК).
Святлана Станіславаўна Шмурэй уручыла таксама Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Іх атрымалі: Н.І. Станкевіч, Т.І. Варановіч, Т.Л. Кляўда, Н.І. Паплаўская, А.Г. Вакулік, С.І. Саўко, А.І. Багдановіч, І.А. Янкойць, А.І. Кусойць, І.А. Кавалеўская, А.М. Савіцкая, Н.В. Трафімчык, С.Т. Бернюкевіч, Л.Ч. Корвель, В.С. Ляховіч, Т.С. Бабіч, Т.З. Вайшнаровіч, Я.І. Куцько, Т.У. Колтан, Г.М. Шлыковіч, Л.Б. Цэйка, А.П. Васільчык, М.Ч. Сцепаняк, Т.В. Пілімон, А.У. Грэгуш, І.М. Жалток, М.Б. Юркойць, А.Р. Праскіна.
Дыпломам Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта была ўзнагароджана настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі №1 Ніна Тадэвушаўна Мажэйка. Такую ж узнагароду павінен быў атрымаць і настаўнік хіміі гэтай установы Віталій Тадэвушавіч Стаціна, які, на жаль, сёлета змяніў месца працы.
Але і на гэтым ўзнагароды не скончыліся. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла ў сваім выступленні прааналізаваў не толькі асноўныя моманты, на якія педагогам неабходна звярнуць увагу ў бягучым годзе, але і звярнуўся да педагагічнай грамадскасці з пажаданнямі. Ён таксама ўручыў Падзяку старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчана камітэта Сямёна Барысавіча Шапіра дырэктару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталлі Уладзіміраўне Сянюць. Ганаровую грамату Астравецкага райвыканкама атрымаў дырэктар Рытанскага НПК Леанід Часлававіч Радзько.
Падзячнымі пісьмамі Астравецкага райвыканкама былі ўзнагароджаны настаўніцы Гудагайскай СШ Таццяна Уладзіміраўна Грыва і гімназіі №1 Наталля Назараўна Ляшчэўская.
Ганаровая місія была і ў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч. Да пленарнага пасяджэння былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы за мінулы навучальны год. У выніку лепшым сярод агульнаадукацыйных устаноў стаў
Варнянскі НПК – яго дырэктар Надзея Андрэеўна Субач атрымала дыплом пераможцы і персанальны камп’ютар і каляровы прынтар.
Перамогу ў гэтым конкурсе заваяваў і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – у падарунак яны атрымалі дыплом пераможцы і газонакасілку.
З аналізам статыстыкі па злачынствах і правапарушэннях сярод непаўналетніх выступіў напрыканцы пасяджэння намеснік пракурора Астравецкага раёна Дзмітрый Анатольевіч Дамарад.
Закончылася раённая нарада педагогаў на светлай, музычнай ноце – канцэрт мастацкай самадзейнасці далі выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Яшчэ амаль 90 педагогаў з розных устаноў адукацыі будуць узнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму на школьных лінейках 2 верасня.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і А. ЮШЧУКА.
