Работники Островецкого райисполкома на областной спартакиаде "Вертикаль"
Мы прывыклі бачыць іх у дзелавых касцюмах і афіцыйнай абстаноўцы: на пасяджэнні, пры падпісанні важных дакументаў, заключэнні дагавораў,

вырашэнні штодзённых пытанняў і задач. І не можам уявіць у іншым амплуа, бо работа супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату патрабуе сур’ёзнасці і адказнасці.
А зараз уявіце, што яны змянілі кабінеты на спартыўныя пляцоўкі, а дзелавы стыль – на кеды і футболкі. Думаеце, “слабо”? “А вось і не!” – дружна адкажуць ўдзельнікі каманды Астравецкага райвыканкама, якія нядаўна прыехалі з абласной спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў рай- і гарвыканкамаў.
Падобнае спаборніцтва праводзіцца ў трэці раз і сёлета яно сабрала на пляцоўцы цэнтральнай спартыўнай арэны ЦСК “Неман” дваццаць адну каманду з розных раёнаў Гродзеншчыны. На працягу трох дзён удзельнікі ў асабістых і агульнакамандных заліках дэманстравалі хуткасць, моц і лоўкасць па шасці відах спаборніцтваў. Барацьба была ўпартай, баявы дух – моцны, а жаданне перамагчы – агульным.
Валейбол у Астраўцы любяць і гуляць у яго ўмеюць. Гэта ў чарговы раз даказала і каманда райвыканкама. Астравецкія ігракі з лёгкасцю выйгралі ў сапернікаў з Ленінскага раёна горада Гродна 2:0. Упартай, напружанай і няпростай атрымалася гульня з камандай Шчучынскага раёна – выйграўшы адну партыю, аўстраўчане ўсё ж уступілі з лікам 1:2.
У выніку нашы валейбалісты гулялі за трэцяе-чацвёртае месца з камандай Слонімскага раёна. На жаль, астраўчанам крыху не хапіла да прызавога месца – першую партыю яны выйгралі, а вось у дзвюх наступных удача была на баку сапернікаў. Астравецкая каманда заняла чацвёртае месца.
Вядома, што ў Астраўцы няма басейна (спадзяёмся, што пакуль), таму аматарам батэрфляя, браса ці іншых стыляў плавання прыходзіцца абмяжоўваць свае трэніроўкі паездкамі на Янаўскае вадасховішча, ды і то толькі летам. І тым не менш на спаборніцтве нашы ўдзельнікі Эдуард Змітровіч і Кацярына Ігнацьева (супрацоўнікі аддзела архітэктуры і будаўніцтва) сур’ёзнай канкурэнцыі не спалохаліся. У выніку астравецкі дуэт плыўцоў заняў сямнаццатае месца.
У настольным тэнісе таксама ўдзельнічалі двое прадстаўнікоў ад каманды. Досыць удала з ракеткай выступіў Аляксандр Грамбоўскі – галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы, які стаў дзявятым. Менш пашанцавала яго напарніцы Таццяне Пілюк (аддзел дакументацыйнага забеспячэння і кантролю кіравання справамі): у выніку яны занялі васямнаццатае месца.
Адвярнулася ў той дзень фартуна і ад астравецкай пары ўдзельнікаў па дартсе. Аксана Шымковіч (аддзел эканомікі) і Эдуард Змітровіч (аддзел архітэктуры і будаўніцтва) па жараб’ёўцы выступалі першымі. А пачынаць, як вядома, заўсёды складана. Не пайшла справа і ў нашых удзельнікаў – з 150 магчымых яны выбілі 60 ачкоў і апынуліся ўнізе турнірнай табліцы.
Цікава, непрадказальна і відовішчна праходзілі спаборніцтвы па боулінгу. Абавязковая ўмова – удзельнічаюць толькі старшыні райвыканкамаў ці іх намеснікі. Тонкі разлік, узважванне магчымасцей шарам у руцэ, секунднае прыцэльванне – і ўсе, затаіўшы дыханне, назіраюць за прыгожым, імклівым і непрадказальным танцам шара па дарожцы. І чакаюць вынік – страйк, парачка ўстойлівых кегляў ці наогул шар мінае патрэбную мішэнь. Добрыя навыкі ў боўлінгу прадэманстраваў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які заняў у гэтым спаборніцтве дванаццатае месца. У выніку каманда Астравецкага райвыканкама заняла агульнакаманднае васямнаццатае месца. Але ніводзін з іх не пашкадаваў затрачанага часу і ад спаборніцтваў атрымаў зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый.
-------------------------
Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.
