Профессиональный праздник отмечают работники прокуратуры
Жыццём тут кіруе закон, прававыя акты і справядлівасць. Сюды не прыходзяць з радаснымі падзеямі ці добрымі навінамі, а назва гэтай установы ў большасці выклікае насцярожанасць і нават боязь. Аднак тут не адмовяць нікому, хто звярнуўся з просьбай ці пытаннем…Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць органы пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
З гэтай нагоды пра будні і святы гэтай сур’ёзнай структуры мы вырашылі распытаць у пракурора Астравецкага раёна Аляксандра Іосіфавіча Марцінчыка.
– Пракуратура – гучыць грозна… У некаторых гэтае слова выклікае насцярожанасць і нават страх. Раскажыце, чым жа на самой справе займаецца гэты орган?
– На самой справе, з дабром да нас не прыходзяць… (Усміхаецца). Што зробіш, спецыфіка работы такая. Калі не ўдавацца ва ўсе падрабязнасці і шматлікія фармуліроўкі, то пракуратура – гэта дзяржаўны орган, задача якога – нагляд за правільным выкананнем заканадаўства ўсімі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Як бачыце, нічога страшнага тут няма.
– Аднак атрымаць павестку з пракуратуры ці ісці туды добраахвотна, напэўна, жадаючых няшмат?
– А вось тут вы памыляецеся. Паўтаруся: з дабром да нас не ідуць, але ў паўсядзённым жыцці нярэдка ўзнікаюць праблемныя сітуацыі, дапамагчы вырашыць якія могуць толькі спецыялісты. Вось і прыходзяць грамадзяне ў пракуратуру, каб выслухалі, разабраліся, дапамаглі парадай ці падказалі, куды можна звярнуцца. Напрыклад, да мяне амаль кожны дзень па тэлефоне ці асабіста звяртаюцца людзі з самымі рознымі пытаннямі. А калі дадаць намесніка і памочніка пракурора… І кожны з нас абавязаны даць неабходную кансультацыю. Бо адна з асноўных задач пракуратуры – дапамагаць людзям.
– І з якімі пытаннямі яны звяртаюцца?
– Ды з самымі рознымі. Але найбольш папулярнымі з’яўляюцца пытанні аб перадачы ў спадчыну маёмасці, законнасці прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, правільнасці выканання працоўнага заканадаўства, прыватызацыі жылля, пераводзе на іншую работу... Словам, работы хапае...
– Але ж у большасці грамадзян супрацоўнікі пракуратуры асацыіруюцца не з кансультантамі па розных юрыдычных пытаннях, а з абвінавальным і караючым органам у судзе?
– Як я сказаў у пачатку, пракуратура – орган, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства. А гэта – вялізны пласт работы. Нагляд за матэрыяламі ў пракуратуры раёна, вывучэнне крымінальных спраў, якія паступаюць для накіравання ў суд, нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў, за выкананнем законаў у крымінальным і грамадзянскім судаводстве… Пералік абавязкаў можна працягваць доўга. Яны падзеленыя паміж супрацоўнікамі пракуратуры, кожны з якіх курыруе і адказвае за свой участак. Акрамя гэтага, адзін з важнейшых і актуальных накірункаў нашай работы – прафілактыка правапарушэнняў.
– Колькі людзей працуе ў Астравецкай пракуратуры?
– Акрамя мяне, яшчэ пяць чалавек. У нас тры пракурорскія пасады: пракурор, намеснік пракурора, якім з’яўляецца Дзмітрый Анатольевіч Дамарад, і памочнік пракурора – Анастасія Тадэвушаўна Юркойць. Нягледзячы на тое, што Насця – малады супрацоўнік, але яна ўжо зарэкамендавала сябе як старанны работнік і адказны, граматны, таленавіты спецыяліст. Таксама ў пракуратуры працуюць загадчык канцылярыі Ірына Лявонаўна Карпіцкая, якая аддала пракуратуры 28 гадоў працы, вадзіцель Аляксандр Эдуардавіч Субко і прыбіральшчыца Людміла Казіміраўна Саўкойць.
– Сёння органы пракуратуры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Што пажадаеце сабе і калегам з гэтай нагоды?
– Усім ветэранам нашай структуры, а таксама цяперашнім работнікам і іх сем’ям хацелася б пажадаць здароўя, цярпення і прафесійнай удачы.
------------------------------------------
Гутарыла Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара.


