Первый областной семинар идеологического актива прошёл в Сморгони
Абласны семінар ідэалагічнага актыву пад кіраўніцтвам першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Міхайлавіча Радзькова прайшоў на мінулым тыдні ў Смаргоні. Яго ўдзельнікамі сталі ідэалагічныя работнікі, журналісты, прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый з усёй вобласці. Мерапрыемства пачалося з агляднай экскурсіі па гораду. Цэнтр Смаргоні, парк з цікавымі скульптурнымі кампазіцыямі, каталіцкі касцёл і праваслаўная царква, якія месцяцца амаль побач, сустрэча з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі – цёплы пачатак гарантаваў цікавы працяг усяго мерапрыемства. Так і атрымалася.
Сёння ў краіне вялікая ўвага надаецца моцнай сям’і як адной з ячэек грамадства. Гэта тэма не раз падымалася і падчас семінара ў Смаргоні.
– Сем’і, у якіх муж – католік, а жонка – праваслаўная ці наадварот, у нас сустракаюцца вельмі часта. Такой талерантнасці, цярпімасці і павагі паміж прадстаўнікамі розных канфесій могуць пазайздросціць многія народы і краіны. І гэтую асаблівасць нашага рэгіёну мы стараемся захоўваць і ўмацоўваць, – расказаў падчас гутаркі з удзельнікамі семінара праваслаўны святар, настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы.
Размова пра моцную сям’ю, дзякуючы якой умацоўваецца і дзяржава, вялася і падчас цырымоніі адкрыцця скульптурнай кампазіцыі каля Палаца шлюбаў. Выкананае з металу “Дрэва шчасця”, аўтарам якога з’яўляецца жыхар Смаргоні, мастак і скульптар Аляксандр Дзенісенка сімвалізуе шчаслівае сямейнае жыццё.
На святочнай цырымоніі, якую ўпрыгожыла выступленне народнага ансамбля народнай песні і танца Жодзішкаўскага сельскага Дома культуры “Вечарынка”, шчаслівы “купідончык” і пара маладых перарэзалі чырвоную стужку і выпусцілі ў неба галубоў.
Паклапаціліся арганізатары семінара і пра тое, каб госці Смаргоні на практыцы ўбачылі прыклады ўдалай арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах.
Першым прадпрыемствам, з работай якога пазнаёміліся ўдзельнікі семінара, стала ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”. Тут разам з выкананнем планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства шырокімі крокамі ідзе выхаваўчая і ідэалагічная работа. Так, прадпрыемства аказвае матэрыяльную падтрымку школам і дзіцячаму дому сямейнага тыпу. Вялікая ўвага таксама надаецца фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Усё гэта дае станоўчыя вынікі на прадпрыемстве.
Вялікая работа па патрыятычным выхаванні і захаванні гістарычнай спадчыны праводзіцца калектывамі гісторыка-краязнаўчага музея і сярэдняй школы №7, якія таксама наведалі ўдзельнікі семінара.
У ЗАГСе гасцям горада прадэманстравалі лепшы вопыт сацыяльна-значных спраў і ініцыятыў шматлікіх грамадскіх аб’яднанняў. Акцыі “Анёл у тваім сэрцы”, конкурс шматдзетных сем’яў, мерапрыемствы Чырвонага Крыжа і работа сумеснага беларуска-расійскага студэнцкага будаўнічага атрада “Энергетык”, які працаваў на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС, і шэраг іншых добрых і цікавых спраў рэалізуецца сёння ў многіх раёнах Гродзенскай вобласці.
Другая частка семінара была прысвечана тэарэтычным аспектам ідэалагічнай работы. Падчас пасяджэння кожны мог падзяліцца вопытам сваёй работы.
Прыярытэты раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, рашэнне вытворчых і сацыяльных праблем праз сацыяльнае партнёрства прафсаюза і адміністрацыі арганізацый, фарміраванне ў насельніцтва актыўнай грамадзянскай пазіцыі, роля сродкаў масавай інфармацыі ў вырашэнні сацыяльна значных праблем насельніцтва – гэтыя і іншыя пытанні былі ўзняты падчас работы семінара.
Пры падвядзенні вынікаў семінара Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў адзначыў, што Беларусь як сацыяльна-арыентаваная дзяржава імкнецца развіваць адпаведную эканоміку.
– Сацыяльная палітыка павінна быць абуладкавана так, каб развіццё эканомікі садзейнічала развіццю асобы, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч.
Дзяржава клапоціцца пра чалавека, каб кожны меў магчымасць працаваць і атрымліваць годную заработную плату. А кожны чалавек на сваім рабочым месцы павінен добра працаваць і разумець, што ад яго залежыць не толькі ўласны дабрабыт, але і развіццё краіны ў цэлым. У сувязі з гэтым першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь даў даручэнне ідэалагічнаму актыву прыняць меры для павышэння інтэнсіўнасці працы.
Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў, што асноўнымі прынцыпамі работы ідэолага павінны стаць своечасовасць дзеянняў, пачуццё меры, комплекснасць і сістэмнасць.
У падобным фармаце семінар ідэалагічнага актыву праходзіў упершыню. І, на шчасце, першы блін не аказаўся комам, таму было вырашана і надалей праводзіць падобныя сустрэчы ў такім жа цікавым, крэатыўным і карысным фармаце.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
