Островецкий район посетил Посол Республики Беларусь в Литовской Республике Александр Король

визит послаУ панядзелак Астравецкі раён наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Міхайлавіч Кароль і саветнік пасольства па пытаннях культуры і дыяспары Вольга Аляксандраўна Дашыневіч. Па традыцыі гасцей сустракалі ў Астравецкім райвыканкаме – тут прайшла сустрэча са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам, пасля якой адбылося больш блізкае знаёмства гасцей з нашым раёнам.

– На Астравеччыне я не першы раз. Падчас правядзення ў Астраўцы ў мінулым годзе выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” многае даведаўся пра ваш раён, – расказаў Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Міхайлавіч Кароль. – Сёння хачу пазнаёміцца з вамі больш глыбока і знайсці кропкі для супрацоўніцтва.
Менавіта па гэтай прычыне для пасла і была арганізавана пазнавальная экскурсія па раёне.
Аляксандр Міхайлавіч наведаў Астравецкі ЗАГС, пабываў у першым і другім мікрараёнах нашага горада і завітаў у новую гімназію №1. Усе, хто наведвае гэтую навучальную ўстанову, застаюцца ўражанымі не толькі яе аснашчэннем, але і парадкам, які тут наведзены. Да таго ж, госці з пасольства атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад стасункаў з дырэктарам гімназіі Аленай Чаславаўнай Севасцьян.
визит посла1Канструктыўны дыялог адбыўся і ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС, дзе пазнавальную экскурсію для членаў беларускага пасольства ў Літве правёў Эдуард Іванавіч Свірыд. У тым, што ў Беларусі, і ў нашым раёне таксама, развіваюцца не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прыватны бізнес, Аляксандр Міхайлавіч яшчэ раз упэўніўся на прыкладзе фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, дзе Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла сустракаў яе глава Павел Мікалаевіч Юрмашаў.
Наведаў Аляксандр Міхайлавіч і фізкультурна-аздараўленчы комплекс і сярэднюю школу ў Гервятах, якія былі мадэрнізаваны ў рамках будаўніцтва аграгарадка. І канешне ж, завітаў у Гервяцкі касцёл, які таксама здзівіў не толькі сваёй велічнасцю, але і добраўпарадкаванасцю.
– Я заўсёды ганарыўся прыгажосцю нашай краіны, тым, як добраўпарадкаваны нашы гарады і аграгарадкі. У першую чаргу ўражваюць адносіны людзей да таго, што іх акружае, і іх жаданне ствараць вакол сябе прыгажосць. Канешне, Астравец уражвае, але і раён таксама заслугоўвае добрых слоў. І гэта твар нашай краіны, – падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. – У добрым стане знаходзіцца ўся інфраструктура – не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах. Ёсць чаму парадавацца і чым здзівіць людзей, якія бываюць на Астравеччыне праездам.
Фінальнай кропкай знаёмства з раёнам стала наведванне Рымдзюн, дзе пад адным дахам месцяцца дзве школы – беларуская і літоўская – і цэнтр культуры і інфармацыі. Экскурсію па школах правялі яе дырэктары Віктар Віктаравіч Спірыдон і Святлана Віктараўна Лукшэне. Аляксандра Міхайлавіча цікавіла ўсё: як арганізаваны працэс навучання, колькі дзяцей вучыцца ў школах і ці ёсць у іх ільготы пры паступленні ў навучальныя ўстановы Літвы, ці існуюць у настаўнікаў праблемы пры перасячэнні мяжы і ці ўдзельнічаюць школы ў рэспубліканскіх і міжнародных праектах.
визит посла2– Сёння мы працуем над распрацоўкай трансгранічнага праекта па здаровым ладзе жыцця ў рамках праграмы “Беларусь – Літва – Латвія”, – расказала дырэктар школы з літоўскай мовай навучання Святлана Віктараўна Лукшэне. – Ёсць задумка на базе нашага інтэрната на летні перыяд арганізаваць лагер для дзяцей з трох суседніх краін, мэтай якога стала б прапаганда здаровага ладу жыцця і прафілактыка дрэнных звычак.
Пазнаёміўся Аляксандр Міхайлавіч і з работай цэнтра культуры – экскурсію па ім правялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць і загадчык аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гервяты Наталля Аляксандраўна Бялячыц.
визит посла3– Мне даўно хацелася паглядзець на тое, як працуе літоўская школа на Беларусі, – і сёння я змог пазнаёміцца з усімі аспектамі яе існавання і работы, – расказаў Аляксандр Міхайлавіч. – У Вільнюсе ёсць гімназія імя Францыска Скарыны, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, таму мне хацелася не толькі паглядзець на Рымдзюнскую школу, але і параўнаць яе з гімназіяй і нейкім чынам выбудаваць іх узаемадзеянне і абмен вопытам. Гэта якраз тое, аб чым мы і дамовіліся, наведваючы школу ў Рымдзюнах.
– Асноўнай мэтай майго візіту было наведванне школы, і я цалкам ім задаволены, – прадоўжыў Аляксандр Міхайлавіч. – Для абодвух бакоў – і беларускага, і літоўскага – сёння вельмі важна ўдзельнічаць у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва. Наша беларускамоўная гімназія ўдзельнічае ў адной з такіх праграм – у гэтым годзе пачынаецца рэалізацыя вельмі важнага праекта па пашырэнні матэрыяльнай базы школы. І тое, што ў вас ёсць задумкі па рэалізацыі цікавых праектаў, здорава. Мы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва і пастараемся дапамагчы вам у пошуку партнёраў і папасці ў гэтую праграму.

----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.