Островец отметил День Победы

Напярэдадні цэлы дзень ішоў дождж – ціхі, спорны, такі жаданы і чаканы хлебаробамі і дачнікамі.
А 9 мая сонейка, што адпачыла за дзень і прыняло жыццядайны шчодры душ, раніцай ссунула свінцовую коўдру абложных хмар і прывітала свет радаснай усмешкай, нібы разам з усёй краінай вырашыла адзначыць святое і светлае свята – Дзень Перамогі.

Па пальцах можна пералічыць галоўных герояў гэтага свята – тых, дзякуючы каму Беларусь ужо амаль семдзесят гадоў жыве пад мірным небам. І большасць з тых, хто яшчэ можа расказаць нашчадкам пра гады ваеннага ліхалецця, зараз вядзе няроўны бой, нават больш жорсткі, чым на франтах Вялікай Айчыннай, з няўмольнымі гадамі і шматлікімі хваробамі.
Але тое, што час б’е па радах ветэранаў больш трапна, чым нямецкія снайперы, не азначае, што ўратаваны імі свет мае права забываць іх подзвіг. Гады, што аддзяляюць нас ад тых часоў, не толькі не прымяншаюць цану Вялікай Перамогі – наадварот, значэнне ўсенароднага подзвігу з часам усведамляецца яшчэ больш яскрава. Асабліва зараз, калі ў свеце зноў адчуваецца пах пораху – і не дзесьці “за марамі, за даламі”, а зусім побач, у краіне, якую мы заўсёды называлі “братняй Украінай”… І кожны пачынае разумець сапраўдны, глыбінны сэнс, выпакутаваную мудрасць традыцыйнага пажадання старэйшых людзей, якое раней выклікала паблажлівую ўсмешку ў самаўпэўненай моладзі: “Усё можна перажыць – толькі б не было вайны…”
…Мне падалося, што сёлета святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, былі асабліва цёплымі і сардэчнымі. Калоны гараджан і вяскоўцаў – хлебаробы таксама прыехалі на свята, – што выйшлі на святочнае шэсце, былі прыгожымі і расквечанымі. Асабліва выдзяляліся яркімі сцягамі, шалікамі, паветранымі шарамі раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Духавы аркестр у гэты ранак іграў надзвычай натхнёна, амаль што безупынна, дапамагаючы чаканіць крок дэманстрантам.
Каля помніка загінуўшым землякам б’ецца-трапечацца, нібы хоча адагрэць, ажывіць сваім цяплом і святлом тых, хто аддаў жыццё за перамогу, полымя вечнага агню. У ганаровай варце – ужо праўнукі тых, хто ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі – воіны-пагранічнікі і піянеры. І водар квітнеючага саду, і пяшчотная зеляніна ўбраўшыхся ў новыя сарафаны дзеля свята танканогіх сарамлівых бярозак – здаецца, усё наваколле адзначае галоўнае свята – Дзень Перамогі…
Падчас мітынгу ўсіх прысутных з двума дзяржаўнымі святамі – 69-й гадавінай Перамогі і Днём дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь – ад імя раённага выканаўчага камітэта і нядаўна сфарміраванага раённага Савета дэпутатаў павіншавала Ірына Эдуардаўна Тальчук, старшыня прадстаўнічага органа раённай улады. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць усіх загінуўшых на той вайне. Ад імя ветэранаў звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу намеснік старшыні раённага савета ветэранаў М.С. Краснік. Шчырым і пранікнёным было выступленне прадстаўніцы маладога пакалення – вучаніцы СШ №1 Маргарыты Шаўчэнка. Па-ваеннаму коратка і ёміста павіншаваў усіх з Днём Перамогі начальнік аддзялення пагранічнай службы «Гудагай» С.А. Антанюк. І ружэйны салют, як бяспечнае рэха той далёкай вайны, спалохаў хіба што толькі птушак у небе. А чырвоныя і зялёныя паветраныя шары, якія выпусцілі ў неба члены БРСМ, узняліся за аблокі прывітаннем ад мірнай незалежнай Беларусі. І як кропелькі пралітай на вайне крыві, запалымнелі на чорным і шэрым граніце пунсовыя галоўкі цюльпанаў і гваздзікоў…
Свята традыцыйна прадоўжылася ў лесапаркавай зоне. У летнім амфітэатры гледачоў чакала цікавая канцэртная праграма: работнікі культуры раёна і самадзейныя артысты, дарослыя і зусім юныя, пастараліся, каб яна кранула кожнае сэрца – раўнадушных, як мне падалося, не засталося. Лейтматывам свята гучалі словы памяці і ўдзячнасці ветэранам за Вялікую Перамогу і іх абяцанне нашчадкаў захаваць заваяваны імі мір.
І няхай так будзе заўжды!..


--------------------
Ніна РЫБІК.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА
.