Островец и Швенчёнис подписали договор о сотрудничестве
Падпісанне пагаднення аб інвестыцыйным супрацоўніцтве паміж Астравецкім раёнам і Швянчонскім раёнам Літоўскай Рэспублікі прайшло ў горадзе-пабраціме Астраўца Швянчонісе.На той момант у Швянчонісе якраз праходзіў фестываль траў, бо, як вядома, гэты горад з'яўляецца сталіцай траў Літвы, і астравецкую дэлегацыю ў гэты дзень чакала шмат цікавых мерапрыемстваў.
Адкрыццё фестывалю стартавала ў парку, тут жа размясціліся падвор'і з усіх старостваў Швянчонскага раёна, прычым у кожным з іх была свая «ізюмінка». Адны прадстаўлялі лекавыя настоі з траў, другія рэкламавалі грыбы, трэція – бараніну. Словам, паглядзець было на што. Чым і скарысталася астравецкая дэлегацыя.
А потым старшыню Астравецкага райвыканкама Адама Кавальку, намеснікаў старшыні Віктара Свілу і Паўла Мілешку і намесніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяну Букель сустракалі ў мэрыі Швянчоніса. Менавіта тут ва ўрачыстай абстаноўцы прайшло падпісанне пагаднення.
Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька і мэр Швянчоніса Рымантас Кліпчус паставілі свае подпісы ў пагадненні аб інвестыцыйным супрацоўніцтве і абмяняліся падарункамі. А гэта значыць, што сяброўскія стасункі Астраўца і Швянчоніса будуць прадоўжаны.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
