Областной день охраны труда прошёл в Островце
Абласны дзень аховы працы прайшоў на мінулым тыдні на базе Астравецкага РУП ЖКГ.Удзельнікамі мерапрыемства сталі кіраўнікі, галоўныя інжынеры і спецыялісты па ахове працы ўсіх раённых жыллёва-камунальных гаспадарак Гродзенскай вобласці – такім чынам у пятніцу ў Астраўцы высадзіўся «дэсант» у складзе амаль што ста чалавек.
Асноўная задача, якая стаяла перад удзельнікамі семінара, – пазнаёміцца з сістэмай аховы працы ў Астравецкім прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
– Выязныя дні аховы працы ў Гродзенскай вобласці праводзяцца адзін раз у квартал, – расказвае выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскай вобласці Аляксандр Аляксеевіч Карповіч. – Падобныя семінары носяць прафілактычны характар. Сёння ахове працы на прадпрыемствах надаецца вельмі важнае значэнне. Статыстыка па вобласці – а ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі за пяць месяцаў бягучага года ўжо зарэгістраваны адзін цяжкі і адзін смяротны выпадкі – не стабільная. Менавіта таму вельмі важна наладзіць на кожным прадпрыемстве эфектыўную прафілактычную работу, каб пазбегнуць любых недарэчных сітуацый і няшчасных выпадкаў.
Да пачатку мерапрыемства кожны з яго ўдзельнікаў прайшоў мэтавы інструктаж. І на працягу ўсяго семінара госці не толькі наведвалі аб'екты і слухалі даклады, але і выказвалі свае заўвагі і давалі парады. Гэта стала яшчэ адным новаўвядзеннем, якое і надалей будзе практыкавацца.
Гасцей з усёй вобласці сустракалі ў актавай зале ЖКГ. З прывітальным словам выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які ахарактарызаваў сённяшні стан горада і раёна і агучыў перспектывы, якія чакаюць жыхароў Астравеччыны. Спецыялісты ЖКГ задавалі кіраўніку раёна пытанні, якія датычыліся добраўпарадкавання і будаў-ніцтва Беларускай АЭС.
Удзел у адкрыцці семінара прыняла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Сёння на Астравецкім прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі распрацаваны і паспяхова рэалізуецца план мерапрыемстваў па ахове працы.
– За чатыры месяцы бягучага года на яго рэалізацыю затрачана 485,2 мільёны рублёў, што склала 6,7% ад фонда аплаты працы, ці 1,3 мільёны рублёў на аднаго працаўніка, – расказаў дырэктар Астравецкага РУП ЖКГ Аляксандр Браніслававіч Стурліс. – На прадпрыемстве абсталяваны клас па ахове працы, які аснашчаны стэндамі, камп'ютарамі, нарматыўна-прававой і даведачнай літаратурай.
Удзельнікі абласнога дня аховы працы наведалі кабінет аховы працы, пазнаёміліся з тым, як праходзіць навучанне і праверка ведаў па ахове працы работнікаў прадпрыемства. Сёлета на прадпрыемстве былі абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні і пакой прыёму ежы, якія адпавядаюць патрабаванням санітарных правілаў і норм, пляцоўка для захоўвання аўтатранспартных сродкаў і пункт тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і рамонту аўтатрактарнай тэхнікі. Усе гэтыя аб'екты выклікалі непадробны інтарэс і зайздрасць у многіх удзельнікаў семінара
Падчас абласнога дня аховы працы прайшлі паказальныя заняткі па выпрабаванні газавых шлангаў. А ў Альхоўцы была прадэманстравана аварыйная трэніроўка персаналу блочна-модульнай кацельні.
І вядома, госці з усіх раёнаў вобласці праслухалі лекцыю ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС. Тут размова ішла не толькі пра будаўніцтва, але і пра выкананне тэхнікі бяспекі і правілаў аховы працы на будаўнічай пляцоўцы атамнай электрастанцыі.
А «для душы» ў план правядзення семінару было ўключана наведванне гервяцкага касцёла Святой Тройцы.
Завяршыўся дзень аховы працы пленарным пасяджэннем, якое прайшло ў актавай зале прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
– На такіх мерапрыемствах адпрацоўваюцца важныя пытанні і падымаюцца актуальныя праблемы аховы працы. У Астравецкім раёне ў гэтым накірунку зроблена шмат, але супакойвацца нельга. Людзі працуюць на аб'ектах кожны дзень, і мы ў першую чаргу ў адказе за тое, каб усё было адладжана і ніякіх надзвычайных сітуацый не ўзнікла, – падвёў вынікі абласнога дня аховы працы Аляксандр Аляксеевіч Карповіч.
Усё, зробленае сёння ў ЖКГ, – а гэта не толькі абуладкаванне рабочых кабінетаў, але і чысціня і парадак, якія пануюць на тэрыторыі прадпрыемства і ў памяшканнях, – уражвае. Усё гэта не толькі адпавядае правілам аховы працы, але і стварае пазітыўны настрой, які дапамагае кожнаму адчуваць сябе гаспадаром на сваім працоўным месцы.
-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
