О работе Молодёжного парламента

У студзені ў Гродне прайшла сесія Маладзёжнага парламента, які нядаўна быў створаны пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.


Праект па стварэнні Маладзёжнага парламента стартаваў у мінулым годзе. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах, максімальна набліжаных да сапраўдных выбараў: фарміраваліся спісы выбаршчыкаў і выбарчыя камісіі, рыхтаваліся кабінкі для тайнага галасавання. Маладзёжныя выбары праходзілі ў кожным раёне – рабяты актыўна расказвалі пра сябе, асвятлялі свае перадвыбарныя праграмы, сустракаліся з выбаршчыкамі.
У якасці выбаршчыкаў выступілі 24 тысячы школьнікаў, было зарэгістравана 227 кандыдатаў у дэпутаты, з іх 59 былі абраны дэпутатамі Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.
Падобныя выбары, арганізатарам якіх выступіў раённы савет ГА БРПА, што працуе пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, прайшлі і ў нашым раёне. У іх перамагла вучаніца 11 класа гімназіі №1 Астраўца Аліна Шостак – актывістка, інтэлектуалка, таленавітая і разумная дзяўчына, спартсменка і проста прыгажуня, як гаварыў герой адной вядомай савецкай кінакамедыі.
А ў студзені бягучага года Аліна прыняла ўдзел у сесіі Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў. На сесію ў Гродна Аліна накіравалася разам са старшынёй раённага савета грамадскага аб’яднання БРПА Святланай Станіславаўнай Ластоўскай.
Работа маладзёжных дэпутатаў праходзіла па некалькіх накірунках. Дэпутаты прынялі Кодэкс этыкі маладога парламентарыя і сфарміравалі камісіі Маладзёжнага парламента. Другая частка пасяджэння была прысвечана рабоце камісій, створаных пры Маладзёжным парламенце. Тут жа быў запісаны і відэазварот да моладзі Гродзеншчыны. Маладыя дэпутаты таксама вызначылі кандыдатаў дэлегацыі для паездкі на сустрэчу з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Наперадзе ў маладых дэпутатаў вялікі пласт работы. У планах маладых і ініцыятыўных стварэнне рэгіянальнай газеты і крэатыўнага тэлеканала, адкрыццё пляцоўкі для экстрэмальных відаў спорту, ёсць у маладых дэпутатаў і слушныя прапановы па працаўладкаванні вучняў у летні перыяд. Задор, з якім яны ўзяліся ажыццяўляць задуманае, дазваляе спадзявацца, што ўсё ў іх атрымаецца.


--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.


Фота з сайта procherk.info.