О работе и планах на будущее рассказала директор Островецкого филиала Гродненского областного райпотребобщества Татьяна Холодкова накануне профессионального праздника

У першую суботу ліпеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень кааперацыі. Гэтае свята ёсць і ў календары беларускіх кааператараў. Больш таго, для кааперацыі Гродзенскай вобласці бягучы год юбілейны: 70 гадоў прайшло з моманту ўтварэння абласной кааперацыйнай арганізацыі.
Напярэдадні свята мы завіталі ў Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога райспажыўтаварыства і папрасілі адказаць на нашыя пытанні дырэктара Таццяну Іосіфаўну Халадкову.

– Таццяна Іосіфаўна, вы – новы чалавек у нашым раёне. Калі ласка, раскажыце пра сябе.


– Нарадзілася ў Ашмянах. І ўсё маё жыццё прайшло ў гэтым горадзе. Бацькі працавалі ў сістэме кааперацыі Ашмянскага раёна. Мама была прадаўцом, тата – нарыхтоўшчыкам. І таму я з дзяцінства “варылася” ў гэтай сферы. Выязныя гандлі, дапамога маці ў магазіне, нарыхтоўка ягад і грыбоў – усё гэта было вельмі блізка і вельмі падабалася мне. І таму дылемы, кім быць, перада мной не стаяла – маё паступленне ў Гомельскі кааператыўны інстытут было лагічным вынікам жыцця нашай сям’і. Больш таго: атрымаць прафесію тут можна было па накіраванні – а гэта значыць, бясплатна. Да таго ж пасля вучобы было гарантавана першае працоўнае месца – і я дакладна ведала, што вярнуся ў Ашмяны. І гэта толькі некаторыя плюсы. Па праўдзе кажучы, на той час я мэтанакіравана ехала дамоў, бо ні ў якім іншым месцы не магла сябе ўявіць. Пасля заканчэння інстытута працавала на розных пасадах у сістэме спажыўкааперацыі Ашмянскага раёна.


– Вас можна назваць моцнай жанчынай?


– Напэўна, не… Прынамсі, я не ўладарная, не магу ісці напралом. Але, лічу, што мне ўласцівы такія якасці, як адказнасць і працавітасць. А калі працуеш у жаночым калектыве, трэба быць больш псіхолагам, чым моцнай жанчынай. Нездарма ж кажуць “адзін у полі не воін”. Галоўнае – дыялог з калегамі і падначаленымі. Мы спрачаемся – па сутнасці справы, вядома, – абмяркоўваем, але менавіта ў такіх спрэчках нараджаецца ісціна, з’яўляюцца цікавыя ідэі, ажыццяўляюцца думкі. Адна я ніколі не прымаю рашэнне – толькі разам, калектыўна.


– Што вы ведалі пра наш раён? З якім настроем прыехалі сюды на працу?


– Я не раз была ў Астравецкім раёне, адпачывала ў тутэйшых мясцінах. А што датычыцца раённай сістэмы кааперацыі, то ведала пра яе толькі па справаздачах, што гучалі падчас абласных пасяджэнняў.
А настрой быў дваякі. З аднаго боку, мяне заўважылі, прызначылі на высокую пасаду, ды яшчэ ў такі перспектыўны раён. З другога – ці патрэбная жанчыне такая ноша? Але вельмі хутка я зразумела, што 25 кіламетраў, якія раздзяляюць Астравец і Ашмяны, – не адлегласць. І сёння я не адчуваю тут сябе чужой. Сістэма кааперацыі – вельмі “чалавечная” галіна. І працаваць тут мне падабаецца. Работа ў раёне, які непадобны на астатнія хаця б тым, што тут будуецца Беларуская АЭС, стымулюе да развіцця. Гэта цікава – і ад гэтага хочацца працаваць.


– А як адпачываеце ад работы?


– У мяне шмат любімых заняткаў. Па-першае, дача. Я люблю кветкі – іх у мяне вельмі шмат, прычым розных. Да таго ж у мяне ёсць швейная машина – гэта яшчэ адно маё захапленне. Але самае галоўнае – сям’я: муж і сын, якія таксама патрабуюць маёй увагі. Я люблю гатаваць штосьці смачненькае. Дома даводзіцца быць нячаста, таму ў выхадныя дні – меню па заказу сына і мужа.
Мы любім адпачываць разам. Летам – гэта рэчка, прырода, шашлыкі. Зімой – санкі, канькі. Увогуле – актыўна і весела. Сям’я для мяне – святое.


– Што ўяўляе сабой узначальваемая гаспадарка?


– Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства – шматгаліновая арганізацыя. Абслугоўванне жыхароў раёна ажыццяўляецца праз 75 магазінаў. Акрамя гэтага працуюць 7 аўтамагазінаў, якія кожны дзень наведваюць аддаленыя вёскі раёна. У горадзе і буйнейшых вёсках раёна працуюць 13 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. У склад філіяла таксама ўваходзяць размеркавальны склад на станцыі Гудагай, хлебазавод, каўбасны і швейны цэхі, склады нарыхтовак, якія абсталяваны халадзільнымі камерамі.


– Што ўдалося зрабіць за тыя паўгода, што вы ўзначальваеце райспажыўтаварыства? Якім быў гэты час для вас і вашай арганізацыі?


– Асноўныя задачы, якія ставіць перад намі абласная спажыўкааперацыя, мы стараемся выконваць. 6 з 11 кантралюемых паказчыкаў за 5 месяцаў бягучага года мы выканалі. Па рэйтынгу за першы квартал Астравецкі філіял стаў другім у вобласці.
Ад нашай работы залежыць настрой людзей. І таму мы многае робім і будзем рабіць для таго, каб жыхары горада і раёна былі задаволены нашай працай. Сёння мы адчуваем вострую канкурэнцыю прыватнага гандлю. Але, на мой погляд, яна павінна быць. Інакш мы б не развіваліся, а так – знаходзімся ў пастаянным спаборніцтве, рухаемся наперад.
У спажыўкааперацыі Астравецкага раёна працуе каля 600 чалавек, з іх 80 працэнтаў – жанчыны. Наш калектыў нельга назваць маладым. Ёсць асноўны касцяк вопытных супрацоўнікаў, але ў спажыўкааперацыю прыходзяць і маладыя спецыялісты. Я разумею, што будучыня менавіта за імі, таму стараюся прыцягваць моладзь у нашу галіну. На жаль, з гэтым ёсць праблемы. Асноўная з іх – жыллёвая, аднак будзем старацца яе вырашаць. Галоўнае, што вочы гараць не толькі ў мяне, але і ў большасці з тых, хто сёння працуе ў нашым філіяле.


– Ці ёсць у вас нейкія планы па ўдасканальванню работы прадпрыемства з улікам таго, што горад расце і развіваецца?


– Змяненні ўжо пачалі адбывацца. Мы пераабсталявалі магазіны “Цэнтральны”, “Вернісаж”, “Універмаг” – спадзяюся, што іх новы твар прыйшоўся даспадобы нашым пакупнікам.
Трэці месяц ідзе рэканструкцыя кулінарнага камбіната – у верасні павінны яе закон чыць. І тады зможам павялічыць колькасць відаў выпускаемай прадукцыі, а гэта значыць – расшырыць асартымент.
Ужо падрыхтаваны праект рэканструкцыі кафэ “Беларусь” – у хуткім часе прыступім да яго рамонту. У планах рэканструкцыя жывёлазабойнага цэха, набыццё трох адзінак аўтатранспарту.
Сёння мы праводзім рознапланавыя акцыі, распродажы. Папулярнасцю сярод жыхароў горада карыстаецца выязны гандаль – мы ідзём насустрач нашым пакупнікам.
Планаў шмат, але, на жаль, не ўсё робіцца так хутка, як гэтага хацелася б. А ў цэлым, у Астравецкай кааперацыі ёсць перспектывы. І што галоўнае – наша прадукцыя знаходзіць свайго пакупніка.


– Па традыцыі напярэдадні прафесійнага свята давайце ўзгадаем лепшых працаўнікоў Астравецкага філіяла.


– Усе, хто сёння працуе ў сістэме кааперацыі, – адданыя людзі. Усе яны – працаўнікі ў поўным сэнсе гэтага слова. Нягледзячы на тое што заработная плата ў нас невялікая, людзі працуюць добрасумленна і самааддана. Я вельмі ўдзячна сваім галоўным памочнікам: першаму намесніку Алене Адамаўне Драмлюк – энергічнай, маладой, з цікавымі ідэямі, яшчэ аднаму намесніку Марыне Уладзіславаўне Масойць, начальніку гандлёвага аддзела Людміле Францаўне Кісель, галоўнаму эканамісту Дануце Аляксандраўне Казюлевіч, галоўнаму бухгалтару Валянціне Мар’янаўне Мекінай. І ўвогуле дзякуй усім, хто сёння працуе ў сістэме кааперацыі і робіць усё, каб задаволіць попыт нашых пакупнікоў.


– Што хочаце пажадаць сваім калегам і ветэранам галіны ў Дзень кааперацыі?


– Моцнага здароўя, актыўнай жыццёвай пазіцыі, каб работа прыносіла не толькі маральнае, але і матэрыяльнае задавальненне.


– Дзякуй за гутарку. І поспехаў вам у працы.


---------------------------


Алена ЯРАШЭВІЧ.