Оптимизицая сельсоветов Островецкого района: за и против

6
Островецкий районный исполнительный комитет вносит на обсуждение и изучение мнения граждан вопрос об изменении административно-территориального устройства Островецкого района.

Предлагается:
1. Изменить границы города Островца, включив в черту города деревни Белькишки, Ковали, часть агрогородка Мали (улицы Сосновая, Полевая, Криничная, Бабанишки и переулок Криничный) Островецкого сельсовета, деревни Слабодка, Каменка и часть деревни Груздовщина (до железной дороги) Гудогайского сельсовета.
2. Объединить Ворнянский и Трокеникский сельсоветы с центром в агрогородке Ворняны.
3. Объединить Кемелишковский и Подольский сельсоветы с центром в агрогородке Рытань и назвать объединенную административно-территориальную единицу Рытаньским сельсоветом.
4. Объединить Михалишковский и Спондовский сельсоветы с центром в агрогородке Михалишки.
5. Присоединить часть территории Островецкого сельсовета (бывший сельскохозяйственный производственный кооператив «Дайлидки», населенные пункты Ажуройсти, Большие Якентаны, Бояры, Дайлидки, Малые Якентаны, Мижаны, Милайшуны, Новые Якентаны, Подпрудье, Свирщизна, Субели, Трокели, Юзулина) к Гервятскому сельсовету.
6. Присоединить часть Островецкого сельсовета (населенные пункты Гуры, Дирмуны, Едоклани, Изабелино, Келейти, Липнишки, Мали, Мацканы, Новики, Ольгиняны, Радюли, Филипаны) к Гудогайскому сельсовету, центр сельсовета перенести в агрогородок Палуши.
7. Упразднить    административно-территориальную    единицу - Островецкий сельсовет.


В соответствии с абзацем вторым статьи 17 Закона Республики Беларусь «Об административно-территориальном устройстве Республики Беларусь» граждане вправе высказывать мнения по вопросам административно-территориального устройства в течение одного месяца с даты опубликования извещения в средствах массой информации и его размещения в глобальной компьютерной сети Интернет.


Мнения граждан по вопросам административно-территориального устройства в письменной форме принимаются по адресу: 231201, г. Островец, улица Карла Маркса, 2, в электронной форме по адресу ostrovets.grodno-region.by - официальный сайт Островецкого райисполкома.

Падчас сёлетняга наведвання Астравеччыны і знаёмства з ходам спраў у нашым раёне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў размове са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам паставіў адназначную задачу: сельскія Саветы, якіх у нашым раёне засталося дзевяць, неабходна аптымізаваць – з тым, каб па колькасці і тэрыторыі яны адпавядалі сельскагаспадарчым прадпрыемствам, на якія кладзецца асноўная праца па аказанні матэрыяльнай і тэхнічнай дапамогі вяскоўцам – як тым, што працуюць у гаспадарках, так і пенсіянерам, і працаўнікам іншых сфер дзейнасці.
Сапраўды, сельгаспрадпрыемстваў у раёне засталося пяць – амаль удвая менш, чым сельскіх Саветаў. Ёсць выпадкі, калі на тэрыторыі аднаго саўгаса ці сельгаскааператыва дзейнічаюць два сельскія Саветы – да прыкладу, Падольскі і Кямелішкаўскі па тэрыторыі супадаюць з саўгасам “Падольцы”; старшыні Трокеніцкага і Варнянскага сельсаветаў у выпадку неабходнасці звяртаюцца за дапамогай да кіраўніцтва СВК “Варняны”; на сесіях Спондаўскага і Міхалішкаўскага сельскіх Саветаў час ад часу разглядаюць стан спраў у СВК “Міхалішкі” – нібы яны могуць на яго рэальна паўплываць. А Астравецкі сельскі Савет увогуле “разарваны”паміж двума СВК — “Гервяты” і “Гудагай”.
Любая аптымізацыя – справа, з аднаго боку, няўдзячная, а з іншага – неабходная і непазбежная. Як яе правесці, каб у выніку сельскія Саветы не толькі не страцілі свайго першапачатковага прызначэння, а наадварот – роля іх у жыцці жыхароў вёскі павысілася, чым увогуле яны павінны займацца, як найбольш эфектыўна падзяліць “сферу інтарэсаў” і адказнасць паміж сельгаспрадпрыемствамі і сельскімі Саветамі – выказаць сваё меркаванне па гэтых і іншых пытаннях дзейнасці органаў мясцовай улады мы папрасілі людзей, якія ведаюць праблему, так бы мовіць, знутры і маюць на яе сваю кропку гледжання.



Віталій Іванавіч ІВАШКЕВІЧ, старшыня Спондаўскага сельскага Савета:

—Сёння шмат гавораць аб неабходнасці аптымізацыі сельскіх Саветаў, што, па сутнасці, азначае іх аб’яднанне і ўзбуйненне. Гэтыя працэсы прадыктаваны самім жыццём, бо калі на тэрыторыі сельсавета пражывае менш чым 500 чалавек, то ўзнікае пытанне: для чаго там увогуле патрэбна сельская адміністрацыя?
Але да аптымізацыі, лічу, трэба падыходзіць узважана, не фармальна. Вось існуе меркаванне, што тэрыторыі аднаго сельгаспрадпрыемства павінен адпавядаць адзін сельскі Савет. Але чаму? У іх розныя функцыі: у сельгаскааператыва — больш эканамічная, у сельсаветаў – клопат пра людзей. І кожны павінен займацца сваёй справай. Думаю, што варта сем разоў адмераць, перш чым адразаць. Сёння тэрыторыя СВК “Міхалішкі” распрасцёрлася  ад Лакцянаў да Косцевічаў. Калі гэта будзе адзін сельскі Савет – як яго старшыні аператыўна рэагаваць у выпадку, калі ўзнікне непрадбачаная сітуацыя? І людзям нязручна. Яны ж, калі па нейкай патрэбе прыходзяць у сельскі Савет, то ім тая даведка патрэбна тут і зараз, менавіта сёння — трэба бульбу здаць ці мяса прадаць, і заўтра іх ніяк не задавальняе…
Хацелася б сказаць, раз ужо пайшла такая размова, і аб “размытасці” функцый сельсавета. На іх жа раённыя арганізацыі павесілі ўсё, што можна і што нельга: ваенны ўлік, пашпартны, супрацьпажарную бяспеку ў прыватным сектары, прафілактычную работу, функцыі загса, натарыуса, добраўпарадкаванне тэрыторыі, могілкі, смеццезвалкі… І ўсё ўсім трэба тэрмінова, дакладна і ў вызначаны тэрмін! А як з людзьмі працаваць, калі трэба ад ранку да вечара нейкія паперы складаць і справаздачы ў раён адпраўляць?
Ва ўзаемаадносінах сельгаспрадрыемстваў і сельвыканкамаў таксама павінна быць нейкая сістэма. Бо не сакрэт, што рэальная дапамога людзям сёння залежыць выключна ад добрай волі старшыні кааператыва: калі ён захацеў, ці калі ў яго атрымліваецца, тады і выдзеліў, напрыклад, камбайн для абмалоту збожжа на прысядзібных участках. І вінаваціць таго старшыню таксама няма як: з яго спытаюць за вытворчасць, за эканамічныя паказчыкі, а не за прысядзібныя ўчасткі. На вёсцы, на маю думку, трэба ствараць невялікія камунальныя прадпрыемствы, якія б дапамагалі вяскоўцам у вырашэнні іх надзённых патрэб: той жа агарод заараць, падворак абкасіць, дровы пасекчы, печ адрамантаваць. Яны ўжо існуюць у многіх раёнах краіны і, наколькі я ведаю, вопыт гэты станоўчы. Калі ў такіх прадпрыемствах будзе свая тэхніка – той жа трактар з неабходным навясным абсталяваннем, паслугі гэтыя, безумоўна, будуць запатрабаваны вяскоўцамі, і падобныя арганізацыі акупяць сваё ўтрыманне. Я мяркую нават па нашым КУПе, які займаецца закупам малака ў насельніцтва. Аб’ёмы невялікія, бо ў сельсавеце засталося ў прыватным карыстанні ўсяго 140 кароў, але тым не менш ён працуе не ва ўрон сабе. А калі б кароў было больш, ці гэты ж КУП аказваў і іншыя паслугі вяскоўцам – і даходы былі б зусім іншыя. І галоўнае – надзённыя патрэбы людзей вырашаліся б. Адначасова такім чынам можна было б вызваліць сельгаспрадпрыемствы ад гэтай дробязнай для іх, але неабходнай для людзей работы па аказанні паслуг насельніцтву, якая адрывае ў іх шмат часу, сіл і сродкаў.



Эдуард Іванавіч САДОЎСКІ, старшыня СВК “Гудагай”:

—Часта можна пачуць: а ці патрэбны сельскія Саветы ўвогуле? Усё роўна людзі з усімі сваімі патрэбамі ідуць у праўленне сельгаскааператыва.
Я лічу, што органы мясцовай улады на вёсцы не проста патрэбны, а неабходны! Больш таго: роля іх у жыцці вяскоўцаў можа і павінна быць больш значнай, чым зараз.
Так, канешне, з асноўнымі матэрыяльнымі патрэбамі людзі ідуць да нас — сена, салома, збожжа, прывезці дровы, заараць участак – без гэтага вяскоўцу не пражыць… І хоць у нас іншыя задачы і функцыі, стараемся па меры магчымасці дапамагчы кожнаму. Бо як жа інакш – гэтыя людзі ў большасці сваёй – альбо нашы ж працаўнікі, альбо тыя, хто ўсё жыццё аддаў калгасу, а сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ну як ім адмовіць?
Але мне здаецца, што частку функцый па аказанні дапамогі насельніцтву маглі б узяць на сябе і сельскія Саветы. Усё ж іх кіраўнікі не так загружаны, як старшыні СВК, у іх менш вытворчых задач, і яны маглі б, што называецца, больш сур’ёзна “падстаўляць плячо”. А яшчэ лепш, калі гэтая праца ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні сельскіх Саветаў і сельгаспрадпрыемстваў. Як, да прыкладу, я назіраў у Смаргонскім раёне. Вяскоўцы паскардзіліся на дрэнную пашу для прыватнага статка. Сельсавет арганізаваў людзей, з уладальнікаў кароў сабралі грошы і набылі мінеральныя ўгнаенні. Кааператыў выдзеліў тэхніку — пашу падкармілі, падкасілі, і цяпер усе задаволены. Але ўсё спіхнуць на СВК – маўляў, у вас больш магчымасцей – гэта, вядома, прасцей…
Што ж тычыцца аптымізацыі сельскіх Саветаў, то да вырашэння гэтага пытання трэба падыходзіць вельмі асцярожна, каб не зрабіць горш для людзей. Вось, калі, скажам, аб’яднаць Гудагайскі сельскі Савет і частку Астравецкага, каб ён адпавядаў па тэрыторыі нашаму СВК, і зрабіць цэнтр яго ў Малях, як выказваюцца прапановы, то як людзям з тых жа Рукшанаў, Рымуняў, Індрубкі і іншых аддаленых вёсак дабрацца ў сельскі Савет у выпадку патрэбы? Мне здаецца, што было б куды лепш у такім выпадку адміністрацыю размясціць у Палушах, дзе ёсць цудоўны будынак нашага былога праўлення. Але нават у такім выпадку прыём грамадзян і афармленне неабходных дакументаў, выдачу розных даведак і г.д. трэба  ажыццяўляць не толькі ў цэнтры сельскага Савета, а выязджаць непасрэдна ў вёскі, каб быць бліжэй да людзей.



Рыгор Часлававіч ЦЭЙКА, старшыня Падольскага сельскага Савета:

—Чалавек – істота кансерватыўная па сваёй прыродзе. Але, як бы камусьці ні хацелася, каб існаваўшы на працягу дзесяцігоддзяў уклад жыцця заставаўся нязменным, — гэта немагчыма. Хочацца таго ці не, але праз пэўныя прамежкі часу непазбежна надыходзяць перамены.
Гэта тычыцца ўсіх пытанняў, у тым ліку і таго, што вынесена сёння на абмеркаванне – аптымізацыі сельскіх Саветаў. Да прыкладу, да 1959 года на нашай тэрыторыі існаваў Караняцкі сельскі Савет, частка вёсак адносілася да Нікрашунскага, дзейнічаў і Жукойненскі сельсавет. Але ж насельніцтва сённяшняга Падольскага сельскага Савета за 20 гадоў зменшылася ў два разы, з 1400 чалавек да 700. Зразумела, што на такую колькасць людзей трымаць асобную адміністрацыю немэтазгодна.
Напэўна, надышоў час, каб у чарговы раз перагледзець межы сельскіх Саветаў, асабліва пасля ўзбуйнення гаспадарак. Усё ж два сельскія Саветы на тэрыторыі аднаго сельгаспрадпрыемства – гэта занадта накладна для бюджэту.
Хоць праўда і тое, што два сельсаветы – гэта вельмі зручна для грамадзян, якія ўсё могуць вырашыць на месцы. Таму, каб зняць пытанні, якія могуць узнікнуць у выпадку ўзбуйнення сельсаветаў, трэба прадугледзець магчымасць раз ці два на тыдзень адміністрацыі выязджаць у вёскі, каб на месцы выдаваць людзям патрэбныя даведкі і вырашаць актуальныя праблемы. Кіраўніку сельсавета ў гэтым выпадку трэба будзе больш бываць і ў аддаленых вёсках, на хутарах, адкуль жыхары не заўсёды змогуць дабрацца да адміністрацыйнага цэнтра – трэба ж ведаць, чым жывуць вяскоўцы – ветэраны вайны, адзінокія пажылыя грамадзяне, мнагадзетныя сем’і, тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, быць у курсе іх клопатаў і праблем. Сёння дзякуючы кіраўніцтву раёна ў кожнага старшыні сельсавета ёсць транспарт – але ў выпадку ўзбуйнення сельсаветаў варта было б падумаць і аб тым, каб ліміт прабегу улічваў рэальныя памеры тэрыторыі ўзбуйненых сельсаветаў.




Аркадзь Уладзіміравіч КІСЕЛЬ, былы старшыня Кямелішскаўскага сельскага Савета, зараз – на заслужаным адпачынку:


—У мяне ёсць свая кропка гледжання па гэтым пытанні, і я думаю, што маю права яе выказаць, бо на працягу дваццаці гадоў з’яўляўся старшынёй калгаса, а затым яшчэ столькі ж узначальваў Кямелішкаўскі сельскі Савет.
Я перакананы, што аптымізацыя і ўзбуйненне сельскіх Саветаў – гэта патрэба часу. І гэта не наша мясцовая прыдумка – па такім шляху ідуць ва ўсім свеце, узбуйняючы муніцыпальныя ўтварэнні. Жыццё не стаіць на месцы, і мы павінны падпарадкоўвацца яго патрабаванням.
Ну што гэта такое, калі на тэрыторыі адной гаспадаркі дзейнічаюць два сельскія Саветы? Яны ж разглядаюць на сесіях адны і тыя ж пытанні, навыперадкі бягуць да старшыні кааператыва са сваімі просьбамі, імкнучыся “перацягнуць коўдру” кожны на свой бок. А па сутнасці нічога талковага зрабіць не могуць, бо аб’ёмы не тыя, размах не той.  Нездарма ж кажуць: як размахнешся – так і кінеш.
Часта любяць паўтараць, што сельскія Саветы не могуць нічога зрабіць, бо ў іх няма сродкаў. Я лічу, што гэта не больш, чым адгаворкі для апраўдання ўласнай бяздзейнасці. Сродкі заўсёды знаходзіць той, хто шукае, а пад ляжачы камень і вада не цячэ. Ды і ў самім сельсавеце ад падаткаў застаецца не так і мала. І зрабіць можна многае. Так, як і мы ў свой час рабілі – і магазіны ў Рытані і Панарцах пабудавалі, і музычную школу ў Кямелішках адкрылі. А ў вялікім сельсавеце і магчымасці зусім іншыя. І не варта хапацца адразу за ўсё і займацца латаннем дзірак. Можна запланаваць і зрабіць, да прыкладу, сёлета нешта адно, але грунтоўнае і істотнае. На наступны год – у іншай вёсцы, і гэтак далей. І работа відаць, і сродкі выкарыстоўваюцца эфектыўна.
І той аргумент, што пасля ўзбуйнення сельсаветаў кіраўнікам будзе цяжэй працаваць з людзьмі, таксам лічу не вартым увагі. Зусім не абавязкова старшыні сельсавета штодня мітусіцца пра ўсіх вёсках. Пра абстаноўку можна даведацца і з дапамогай тых жа стараст і дэпутатаў, актыву. А раз у два тыдні ці ў месяц сабраць людзей на сход, прыехаць разам з прадстаўнікамі сваёй адміністрацыі,  якія могуць выдаць тыя ж даведкі, вырашыць іншыя пытанні, магчыма, і з раёна некага запрасіць, комплексна адпрацаваць навакольныя вёскі і зняць усе праблемы. А пасля наведаць іншую вёску сельсавета – і гэтак далей. Лічу, што пры такой рабоце аўтарытэт старшыні сельскага Савета толькі павысіцца.
А спіхваць усе справы на кіраўніка сельгаспрадпрыемства – гэта няправільна, у яго і сваіх клопатаў хапае, і яго пытаюць перш за ўсё за вытворчыя паказчыкі.
Так што зараз, выказваючыся футбольнай тэрміналогіяй, мяч на полі старшынь сельсаветаў: яны павінны паказаць, што могуць і на што здольныя.



Андрэй Уладзіслававіч ЯНЧЭЎСКІ, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

—Перакананы, што аптымізацыя сельскіх Саветаў патрэбна. Чаму – пастараюся растлумачыць.
Што б мы ні гаварылі, асноўны клопат па аказанні дапамогі вяскоўцам сёння ляжыць на гаспадарках. Не таму, што сельскія Саветы не жадаюць яе аказваць – у іх проста няма такой магчымасці, і перш за ўсё тэхнічнай. Канешне, у ідэале на вёсцы, магчыма, пры тым жа сельсавеце, павінны быць нейкія невялікія прадпрыемствы, дзе будзе трактар з усім навясным абсталяваннем, можа, нават невялікі збожжаўборачны камбайн, іншая тэхніка, адзін ці два рабочыя ў штаце – і за невялікую плату гэтае прадпрыемства стане аказваць вясковаму насельніцтву ўсе неабходныя ў яго паўсядзённым жыцці паслугі. Так павінна быць – але гэтага пакуль няма. І за ўсім-усякім людзі ідуць у праўленне сельгаскааператыва.
Калі на яго тэрыторыі адзін сельсавет, то тут усё зразумела. Увогуле, я лічу, што на кожнай тэрыторыі ў цесным  узаемадзеянні павінна працаваць так званая “тройца”: кіраўнік сельгаспрадпрыемства, старшыня сельскага Савета і мясцовы святар. Калі гэта так – тады і  парадак ёсць, бо разам можна зрабіць многае. Калі я працаваў старшынёй СВК “Гервяты”, мы па меншай меры раз у тыдзень сустракаліся з ксяндзом Леанідам Пятровічам Несцюком і старшынёй сельсавета Міхаілам Уладзіміравічам Шульгіным: абмяркоўвалі злабадзённыя пытанні, выпрацоўвалі стратэгію развіцця тэрыторыі– і многае, скажу я вам, агульнымі намаганнямі ўдавалася зрабіць.
А калі сельсаветаў на тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў два ці больш, і кожны звяртаецца ў праўленне сельгаскааператыва са сваёй просьбай, часам – адной і той жа? Зразумела, што кіраўнік СВК дапаможа найперш таму, хто яму больш сімпатычны – магчыма, такое рашэнне будзе прымацца нават на падсвядомым узроўні.
Ды нават калі і не браць пад увагу гэты псіхалагічны аспект – усё роўна са старшынёй Астравецкага сельсавета Віктарам Іванавічам Ярмаком, пры ўсёй маёй глыбокай павазе да яго, мы сустракаліся не так часта і плённа, як з Шульгіным. Так, я па меры магчымасці стараўся не адмаўляць у яго просьбах, зноў жа паўтаруся – таму, што вельмі паважаю гэтага чалавека. Але гэта ўжо зусім не тое.
Таму, раз ужо так склалася, што ў раёне дзейнічае пяць сельгас-прадпрыемстваў, то і сельсаветаў, я лічу, павінна быць столькі ж. Калі, магчыма, некалі іх у нас стане дзесяць – столькі ж павінна быць і мясцовых адміністрацый. Тады яны будуць працаваць дружна і плённа.


----------------
Ніна РЫБІК.