Абраны новы старшыня раённага Савета дэпутатаў
12 мая адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. На яе былі запрошаны, акрамя дэпутатаў раённага Савета, члены райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў раённага выканаўчага камітэта. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Мікалаевіч Навумовіч і старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Сесію адкрыў старшыня Астравецкай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч. Ён паведаміў прысутным, што выбары 25 красавіка гэтага года прайшлі ў раёне пры высокай актыўнасці насельніцтва і ў спакойнай абстаноўцы. У іх прынялі ўдзел каля 90 працэнтаў выбаршчыкаў. Па выніках выбараў раённы Савет сфарміраваны ў поўным складзе. Тадэвуш Зыгмундавіч павіншаваў новаабраных дэпутатаў і прапанаваў прыступіць да фарміравання рабочых органаў раённага Савета.
Найперш дэпутаты абралі камісію па мандатах, у склад якой увайшлі дэпутаты раённага Савета М.Н. Ігнатовіч, Р.М. Долгі, Д.М. Блашкевіч, А.Б. Стурліс, М.І. Безляповіч. Старшынёй гэтай камісіі аднагалосна была абрана Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч, дэпутат раённага Савета па Школьнай выбарчай акрузе №2.
Пасля першага пасяджэння камісіі па мандатах яе старшыня М.Н. Ігнатовіч далажыла прысутным, што ўсе абраныя 25 красавіка дэпутаты раённага Савета атрымалі на выбарах неабходную колькасць галасоў выбаршчыкаў, што пацвярджаецца пратаколамі выбарчых камісій. З ліку абраных дэпутатаў 8 чалавек (32 працэнты) жанчыны, 52 працэнты іх раней з’яўляліся дэпутатамі раённага Савета. Абраныя дэпутаты прадстаўляюць усе галіны народнай гаспадаркі, што забяспечвае магчымасць эфектыўнай работы раённага Савета 26-га склікання. З улікам усіх прыведзеных фактаў М.І. Ігнатовіч прапанавала прызнаць паўнамоцтвы ўсіх 25 дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. Дэпутаты аднагалосна зацвердзілі справаздачу старшыні камісіі па мандатах.
Далей дэпутаты абралі сакратарыят раённага Савета – у яго склад увайшлі В.З. Лаздоўская і С.І. Шушко, і падліковую камісію ў складзе старшыні І.Э. Тальчук, а таксама Э.І. Садоўскага і А.М. Ляха.
Пасля таго, як былі сфарміраваны гэтыя рабочыя органы, дэпутаты перайшлі да галоўнага пытання: выбараў старшыні раённага Савета дэпутатаў.
Слова ўзяў старшыня абласнога Савета дэпутатаў А.М. Навумовіч, які павіншаваў усіх новаабраных дэпутатаў раённага Савета і пажадаў ім плённай працы. А на пасаду старшыні раённага Савета Андрэй Мікалаевіч прапанаваў абраць Валерыя Вацлававіча Барташэвіча, якога ён ахарактарызаваў як граматнага спецыяліста, уважлівага да патрэб людзей чалавека.
Прапанову старшыні абласнога Савета ў сваіх выступленнях падтрымалі дэпутаты А.А. Мароз, Р.М. Долгі, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька.
Іншых прапаноў па вылучэнню кандыдатур на пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў не паступала. Такім чынам, у бюлетэнь для тайнага галасавання было ўнесена адно прозвішча: дэпутата раённага Савета па Гозскай выбарчай акрузе №15 Валерыя Вацлававіча Барташэвіча.
Пасля галасавання старшыня падліковай камісіі І.Э. Тальчук агучыла пратакол пасяджэння камісіі: з 23 прысутных на сесіі дэпутатаў за абранне старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіча прагаласавалі ўсе 23 – такім чынам, Валерый Вацлававіч аднагалосна абраны старшынёй раённага Савета дэпутатаў.
Новаабранага старшыню павіншавалі дэпутаты, старшыня абласнога Савета дэпутатаў А.М. Навумовіч, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька, нагадаўшы, што перад раённым Саветам стаяць вялікія і канкрэтныя задачы, якія дэпутаты на чале са сваім старшынёй закліканы вырашаць у цесным узаемадзеянні з раённым выканаўчым камітэтам.
Валерый Вацлававіч падзякаваў дэпутатаў за аказаны яму давер і паабяцаў прыкласці ўсе намаганні, каб апраўдаць яго.
Кароткая даведка
Валерый Вацлававіч Барташэвіч нарадзіўся 20 ліпеня 1963 года ў вёсцы Дайлідкі Астравецкага раёна.
Закончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік і аналіз гаспадарчай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы.
Працоўную дзейнасць пачаў пасля заканчэння Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума у 1981 годзе бухгалтарам калгаса імя Калініна Астравецкага раёна. Служыў у арміі, працаваў падатковым інспектарам дзяржаўнай падатковай інспекцыі, галоўным бухгалтарам раённага вузла электрычнай сувязі, намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкама, да абрання старшынёй раённага Савета дэпутатаў – галоўным спецыялістам аддзела эканомікі і ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама.
