Ці непазбежны няшчасныя выпадкі?
09:35 / 07.04.2010
Выкананне ў раёне Дырэктывы №1 было разгледжана на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.З інфармацыяй аб стане вытворчага траўматызму, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 выступіла начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ч.Э. Кандратовіч. Яна падрабязна расказала аб той рабоце, што праводзіцца ў раёне па выкананню патрабаванняў Дырэктывы.
І разам з тым асноўная ўвага на пасяджэнні райвыканкама была засяроджана на існуючых праблемах. І ў выступленні Чаславы Эдуардаўны, і падчас абмеркавання гэтага пытання адзначаўся той сумны факт, што ў 2009 годзе ў нашым раёне пагоршылася абстаноўка з вытворчым траўматызмам. Гэты год таксама пачаўся з трагічнага выпадку на вытворчасці. Усе яны былі дэталёва прааналізаваны на пасяджэнні выканкама.
28 ліпеня мінулага года аўтамабіль МАЗ, якім кіраваў вадзіцель СВК “Міхалішкі”, абганяючы на дарозе трактар СВК “Варняны”, сутыкнуўся з ім. Трактар перавярнуўся, трактарыст атрымаў шматлікія цяжкія траўмы. Прычыны бяды – парушэнне правілаў дарожнага руху вадзіцелем аўтамашыны, які ў гэты момант знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.
12 снежня няшчасны выпадак адбыўся ў памяшканні дрэваапрацоўчага цэха МПМК-158. Пры абрэзцы дошак рабочы атрымаў траўматычную ампутацыю рукі. І зноў даводзіцца канстатаваць: асноўная прычына няшчасця – тое, што сам пацярпеўшы знаходзіўся ў нецвярозым стане, не меў належнай кваліфікацыі, і пры гэтым за яго дзеяннямі не было належнага кантролю.
Па невядома кім устаноўленаму закону парнасці праз два тыдні ў гэтай жа арганізацыі зноў адбыўся падобны няшчасны выпадак. Падчас пробнага пуску аўтаматызаванага раствора-бетоннага вузла рабочы атрымаў траўматычную ампутацыю рукі.
У гэтым годзе ў лесе падчас работ па валцы лесу трапіў пад спілаванае дрэва і загінуў ляснік ДЛГУ “Астравецкі лясгас”. 90 працэнтаў віны за гэты няшчасны выпадак, як і ў большасці папярэдніх, — на сумленні пацярпеўшага: ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, узровень этылавага спірту ў крыві складаў 3 прамілі.
Аднак спісваць усе няшчасныя выпадкі толькі на віну пацярпеўшых было б няправільна. Ва ўсіх гэтых і іншых выпадках вытворчага траўматызму даводзіцца канстатаваць: адсутнічаў належны кантроль за захаваннем працоўнай, вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны. Чаму так адбываецца і што ў арганізацыях плануецца зрабіць, каб падобныя няшчасці больш не паўтараліся – пра гэта на пасяджэнні райвыканкама спыталі ў кіраўнікоў арганізацый, дзе адбыліся выпадкі вытворчага траўматызму.
Галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса В.Г. Лях патлумачыў, што кожны дзень на нарыхтоўку драўніны для лясгаса ў лес (патрэбны электростанции Cummins, дизельные генераторы) адпраўляецца 30 брыгад – і пры гэтым зацверджаным вышэйстаячай арганізацыяй штатным раскладам у штаце арганізацыі прадугледжана толькі 24 майстры. Такім чынам, у некаторых брыгадах спытаць за захаванне той самай дысцыпліны нават няма з каго…
Што збіраюцца зрабіць у лясгасе – пра гэта таксама расказаў галоўны ляснічы. Па-першае, у тых брыгадах, дзе няма майстроў, з ліку найбольш вопытных і добрасумленных работнікаў плануецца прызначыць брыгадзіраў, якія будуць сачыць за парадкам на працягу рабочага дня. А яшчэ ў планах лясгаса – набыць сучасную машыну – “Харвестэр”, якая адна на лесанарыхтоўчай дзялянцы замяняе 20 лесарубаў – і пры тым ужо дакладна не нап’ецца гарэлкі. Падабраць для кіравання ёй аднаго талковага механізатара намнога прасцей, чым прасачыць, што нясе з сабой у сумцы ў лес кожны рабочы і ў якім стане ён туды ідзе.
Аб мерах, якія прымаюцца ў арганізацыі па недапушчэнню ў далейшым няшчасных выпадкаў на вытворчасці, расказаў і начальнік МПМК-158 А.М. Лях. Тут упор робіцца на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў для работы на адпаведных машынах і механізмах, бо адна з прычын няшчасных выпадкаў у гэтай арганізацыі – работа на адказных участках рабочых без адпаведнай кваліфікацыі. Па накіраванню арганізацыі і па заключаных дагаворах ужо атрымліваюць неабходную спецыяльнасць некалькі чалавек. Значныя сума – 60 мільёнаў рублёў – выдзелена на набыццё спецадзення і сродкаў аховы працы, належнае абсталяванне кабінета па ахове працы.
Напэўна, поўнасцю пазбавіцца ад вытворчага траўматызму не зможа ніхто і ніколі: фактар выпадковасці прысутнічае заўсёды і ўсюды, нездарма няшчасныя выпадкі таму і завуцца — “выпадкамі”, што ніхто не ў стане іх спрагназаваць і прадбачыць. Што называецца, усе пад Богам ходзім.... І тым не менш кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый павінны рабіць усё, каб праца рабочых і спецыялістаў была бяспечнай, каб яны мелі ўсе неабходныя сродкі для выканання сваіх працоўных абавязкаў, каб за іх работай быў пастаянны і пільны кантроль, адсутнасць якога, як вядома, разбэшчвае.
Таму на пасяджэнне райвыканкама, на якім разглядалася гэтае пытанне, былі запрошаны не толькі кіраўнікі арганізацый, дзе дапушчаны выпадкі вытворчага траўматызму, а практычна ўсіх іншых. І прынятае рашэнне нацэльвае іх на безумоўнае выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №1.
Ніна РЫБІК.