На вопросы школьников отвечали представители государственных и общественных структур

Як уладкавацца на атамную, калі ў Астраўцы з”явіцца грамадскі транспарт – на гэтыя і многія іншыя пытанні маладыя людзі атрымалі адказы падчас сустрэчы ў гімназіі.


Задаць хвалюючае пытанне кіраўніку раёна ў 13-15 гадоў – і атрымаць кампетэнтны адказ... А чаму б і не? Нядаўна ў актавай зале гімназіі №1 адбылася сустрэча маладзёжных лідараў школ раёна з прадстаўнікамі дзяржаўных і грамадскіх структур.
Мерапрыемства праходзіла ў форме ток-шоу “Пытанне-адказ”. На пытанні школьнікаў адказвалі намеснікі старшыні райвыканкама В.З. Свіла і У.С. Ластоўскі, намеснік начальніка рэактарнага цэха Дырэкцыі будаўніцтва АЭС С.У. Горын, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С.М. Іванова, намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, выконваючая абавязкі першага сакратара БРСМ А.П. Лазарава, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Р.І. Гайдуль, памочнік пракурора Астравецкага раёна А.Т. Юркойць, начальнік аддзела па рабоце з моладдзю раённага Дома культуры Р.А. Юргелянец.
Як аказалася на справе, моладзь зараз цікавяць розныя пытанні, якія аб’ядноўвае агульная тэма – будучыня, у якой хутка ўсім нам давядзецца жыць. Шмат пытанняў было прысвечана будаўніцтву ў раёне Беларускай АЭС. Напрыклад, вучняў цікавіла, куды можна паступіць, каб атрымаць спецыяльнасць і вярнуцца працаваць на АЭС? Ці праўда, што атамная энергетыка бяспечная і бясшкодная, ці варта хвалявацца за здароўе – сваё і сваіх блізкіх? Ці знізіцца пасля ўводу ў эксплуатацыю АЭС кошт аплаты за электраэнергію? Якія рабочыя спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў бліжэйшы час на будаўніцтве атамнай электрастанцыі і куды трэба звяртацца, каб уладкавацца на працу? Ці ёсць магчымасць уладкавацца на работу на АЭС без сярэдняй спецыяльнай адукацыі? На ўсе гэтыя пытанні змястоўныя і канкрэтныя адказы даў С.В. Горын. А ў якасці прыкладу бясшкоднасці атамнай энергетыкі ён прывёў... сябе: нарадзіўся і вырас у сям’і атамшчыкаў, з дзяцінства жыў непадалёк АЭС – і ў выніку сам выбраў гэтую прафесію. Наўрад ці ў выпадку небяспекі ён бы зрабіў гэта.
Таксама цікавілі моладзь і іншыя пытанні рознай тэматыкі. Падчас ток-шоу яны даведаліся, што ў бліжэйшы год у Астраўцы не плануецца ўвядзенне грамадскага транспарту. Нельга паставіць на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх падлетка, які знаходзіўся на дыскатэцы пасля 23.00 у суправаджэнні старэйшай паўналетняй сястры. У Астраўцы і раёне не былі зарэгістраваны выпадкі ВІЧ-інфекцыі. У бліжэйшы час Астравец наведае з канцэртнай праграмай Саша Нэма. Пра гэта і многае іншае ішла размова падчас сустрэчы.
Акрамя пытанняў ад вучняў гімназіі, СШ№1 і Мальскага дзіцячага садка-базавай школы, на ток-шоу паступілі відэапытанні з іншых школ раёна. Напрыклад, школьнікаў аграгарадкоў Варняны і Міхалішкі цікавіла, якія змяненні ў іх вёсках чакаюцца ў сувязі з будаўніцтвам АЭС? А спартсмены з Альхоўкі вельмі хацелі даведацца, калі ж у іх зробяць хакейную каробку?
У выніку ток-шоу “Пытанне-адказ” прайшло прадукцыйна і насычана для ўсіх бакоў. Маладыя людзі атрымалі адказы на пытанні, што іх цікавілі, а прадстаўнікі ўлады ўзялі сабе “на заметку”, тое, што трэба разгледзець і прыняць адпаведныя меры.


--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.