На приёме - лучшие работницы Островецкого района
Напярэдадні свята 8 Сакавіка ў райвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём жанчын – лепшых працаўніц розных сфер дзейнасці. У той дзень ім гаварыў цёплыя словы віншаванняў і шчырых пажаданняў, дарыў кветкі і падарункі дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Дапамагалі яму ў гэтай высакароднай місіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.У той дзень на сустрэчу са старшынёй райвыканкама прыйшлі адзінаццаць жанчын – разумных, прыгожых, працавітых. І пра кожную было сказана шмат цёплых слоў прызнання і віншавання.
Да прыкладу, Валянціна Іванаўна Алёкса, начальнік гарадскога аддзялення паштовай сувязі – з ёй і яе падначаленымі аператарамі і паштальёнамі мы сустракаемся кожны раз, калі заходзім на пошту ці калі яны прыходзяць у наш дом. Візітнай карткай гэтага невялікага жаночага калектыву стала ўсмешка, ветлівае абыходжанне з кліентамі, аператыўнае і якаснае выкананне сваіх службовых абавязкаў. І такі рытм і стыль работы паштавікоў стаў ужо стылем не толькі працы, але і жыцця начальніка аддзялення сувязі Валянціны Іванаўны.
Швачка Астравецкага УКПБА Галіна Уладзіславаўна Дамуць – сціплая, сарамлівая жанчына. Але пры гэтым яна – выдатная працаўніца, пра якіх гавораць: “Залатыя рукі”. Усё яна паспявае: і на працы быць у ліку лепшых, і дома падтрымліваць хатнюю ўтульнасць і адмысловы парадак.
Аграном-насеннявод СВК “Гервяты” Антаніна Францаўна Дзерван – граматны і патрабавальны спецыяліст. Яна хутка і з веданнем справы ў паўсядзённай працы вырашае пастаўленыя задачы і пытанні, што непазбежна ўзнікаюць у працэсе работы. Дзелавітая, энергічная, добры арганізатар – яна і дома, і на рабоце карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай.
Яшчэ адна прадстаўніца сельскай гаспадаркі была запрошана на прыём да старшыні райвыканкама – загадчыца малочна-таварнай фермы “Малі” СВК “Гудагай” Луцыя Мечыславаўна Драцкая. Гаспадарку Луцыі Мечыславаўны цяжка назваць фермай у звыклым для большасці значэнні – гэта хутчэй поўнасцю аўтаматызаваная і камп’ютарызаваная фабрыка па вытворчасці малака. І яе загадчыца са сваёй немалой гаспадаркай спраўляецца выдатна. Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў шчырай размове заўважыў, што калі, здараецца, яму ў напружаных працоўных буднях сапсуюць настрой, ён стараецца заехаць на ферму “Малі” – з упэўненасцю, што там ён павесялее: тут заўсёды пануе парадак, кожны працаўнік дасканала ведае свае абавязкі. А галоўнае – людзі, і ў першую чаргу загадчыца фермы, душой хварэюць за сваю справу – адсюль і вынікі.
Аб тым, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца, сведчыць прыклад Вольгі Уладзіміраўны Кіткоўскай, прыбіральшчыцы ўчастка добраўпарадкавання, азелянення і санітарнай ачысткі РУП ЖКГ. Мілая, сімпатычная жанчына, маці дваіх сыноў, актыўны чытач раённай бібліятэкі, аматарка і стваральніца прыгажосці – яна і ў працы імкнецца, каб усюды ў горадзе, ці хоць бы на замацаваным за ёю ўчастку панавалі чысціня і парадак. І гэта ёй у поўнай меры ўдаецца.
Сістэму аховы здароўя на прыёме ў старшыні райвыканкама прадстаўлялі дзве абаяльныя жанчыны, два высокія прафесіяналы сваёй справы – хоць і розныя па ўзросце, пасадзе, сферы дзейнасці.
Ірына Баляславаўна Смаль – майстар прыгожых усмешак, урачстаматолаг, загадчыца стаматалагічным аддзяленнем цэнтральнай раённай бальніцы. Яна сваёй працай абвяргае расхожы стэрэатып, што наведванне стаматолага – гэта заўсёды боль і непрыемныя адчуванні. Пацыенты Ірыны Баляславаўны ведаюць – і старшыня райвыканкама гэта пацвердзіў з уласнага вопыту – што кожны візіт да доктара Смаль – гэта выключна прыемныя ўражанні і адчуванні ад стасункаў з гэтай разумнай прыгожай жанчынай і ад працэсу і вынікаў яе працы.
А маладая, сімпатычная і крыху сарамлівая Вольга Тадэвушаўна Яновіч – вясковая “дакторка”, як называюць яе мясцовыя жыхары. Яна – загадчыца Гозскага ФАПа. Для сваіх вяскоўцаў Вольга Тадэвушаўна – саамы галоўны і самы кампетэнтны доктар шырокага профілю: з усім-усялякім яны звяртаюцца перш за ўсё да фельчара – з поўнай упэўненасцю, што ім дапамогуць, параяць і пры тым абавязкова сардэчна пагавораць, суцешаць, супакояць…
Намеснік галоўнага бухгалтара МПМК-158 Ірына Іванаўна Лаўрыновіч – прафесіянал сваёй справы, адказны, працалюбівы і мэтанакіраваны чалавек. І пры гэтым яна заўсёды ўважлівая і добразычлівая з калегамі, душой хварэе за даручаную справу і за сваю арганізацыю.
Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава – шчыры патрыёт сваёй Радзімы і сваёй прафесіі. Яна заўсёды захоплена і з веданнем справы расказвае гасцям пра адметнасці астравецкага краю, імкнецца, каб у фондах раённай бібліятэкі было як мага больш кніг і матэрыялаў самай рознай тэматыкі, найперш – краязнаўчай, каб людзі любілі і шанавалі сваю малую радзіму гэтак жа, як любіць і шануе яе сама Наталля Уладзіміраўна. Адам Дзмітрыевіч Кавалька шчыра прызнаўся, што такія апантаныя бібліятэкары, як Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава, а таксама Валянціна Аляксандраўна Касцечка з Завідзінентаў, Іаланта Францаўна Валуевіч са Спондаў, Марыя Станіславаўна Вішнеўская з Вароны прымушаюць яго глядзець на бібліятэкі і бібліятэчную справу з іншага ракурсу.
У сістэме адукацыі раёна працуе шмат самаадданых, таленавітых жанчын. Дзве з іх былі запрошаны на прыём да старшыні райвыканкама.
Галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі Наталля Іосіфаўна Станкевіч – граматны, ініцыятыўны, кампетэнтны, патрабавальны спецыяліст, які ўмела накіроўвае арганізацыю навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі раёна.
Алена Зянонаўна Памецька, настаўнік беларускай мовы і літаратуры і працоўнага навучання Спондаўскай школы – сапраўдны творца, прычым ва ўсім, за што бярэцца. Яна шчыра любіць родную мову і свой край – і імкнецца прывіць гэтую любоў сваім вучням. А яшчэ яна – таленавіты майстар, пад яе рукамі любы падручны матэрыял ператвараецца ў твор мастацтва. І тое, што работы Алены Зянонаўны і яе вучняў неаднойчы станавіліся прызёрамі і пераможцамі розных раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў – лішняе таму пацвярджэнне.
Пра жанчын, якія былі запрошаны на сустрэчу, расказвала не толькі вядучая. Адам Дзмітрыевіч Кавалька для кожнай з іх знайшоў асаблівыя, шчырыя словы – размова паступова скіравалася ў шчырае і адкрытае рэчышча, і тычылася яна не толькі непасрэдна саміх жанчын, але і тых працоўных калектываў, якія яны прадстаўлялі. Некаторыя з гераінь свята – Наталля Іосіфаўна Станкевіч, Луцыя Мечыславаўна Драцкая, Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава – падчас сустрэчы падзяліліся СА старшынёй райвыканкама сваімі планамі і запаветнымі жаданнямі. І ўсе шчыра дзякавалі за ўвагу да жанчын, да іх працы. Ну, і пры нагодзе на той жа шчырай ноце пастараліся звярнуць увагу Адама Дзмітрыевіча на тыя пытанні, вырашэнне якіх, на іх погляд, патрабуе яго непасрэднага ўдзелу і дапамогі.
Віншаванні ў той дзень жанчыны прымалі таксама ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ніны Рыбік, ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыя Барташэвіча, ад намесніка старшыні райвыканкама Віктара Свілы.
А прыгожыя букеты кветак і каштоўныя падарункі толькі дапоўнілі гэтыя цёплыя і шчырыя віншаванні і пажаданні.
----------------------------
Таццяна РАБІНКІНА, фота аўтара.










