На очередном дне информирования в Островецком районе говорили об обеспечении законности и правопорядка

edinyj_den“Забеспячэнне законнасці і правапарадку – важная ўмова грамадскай стабільнасці” – гэтая тэма была разгледжана на чарговым дні інфармавання насельніцтва, які прайшоў на мінулым тыдні.

Падчас дня інфармавання перад працоўным калектывам ДУП “Аўтапарк №4” выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. Сваё выступленне ён распачаў з вынікаў парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі.

–Мы з вамі нядаўна выбіралі дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – а гэта адзін з органаў заканадаўчай улады, – адзначыў В.З. Свіла.  –Думаю, вы ведаеце, што ад нашай Смаргонскай выбарчай акругі дэпутатам быў абраны Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Заканадаўчая ўлада – гэта орган, які разглядае і прымае праекты законаў, якія рэгулююць і забяспечваюць нармальнае развіццё дзяржавы і стабільнасць у грамадстве.

Таксама намеснік старшыні райвыканкама расказаў прысутным, што ўваходзіць у сістэму праваахоўных органаў і як яны дзейнічаюць, засяродзіў увагу на тым, што найлепшай мерай папярэджвання злачынстваў з’яўляюцца прафілактычныя мерапрыемствы.

З сітуацыяй на дарогах Астравецкага раёна за апошнія 8 месяцаў пазнаёміў інспектар дарожна-паставой службы аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Алег Віктаравіч Захарэўскі.

–У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў: з 11 да 12 выпадкаў, у выніку якіх загінула 5 чалавек, – паведаміў інспектар ДПС. –З 12 дарожна-транспартных здарэнняў 8 былі здзейснены жыхарамі Астравеччыны. Найбольш небяспечны ўчастак дарогі – ад аўтазаправачнай станцыі на выездзе з Астраўца і аж да пасёлка Гудагай. Хочацца звярнуць увагу на неабходнасць нашэння святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак. Наступіла восень, цямнее рана – паверце, флікеры кардынальна аблегчаць задачу вадзіцелям і засцерагуць вас ад бяды.

У працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна дзень інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.

Марына МАЦКЕВІЧ.