На дне информирования в Островецком районе рассмотрели основные аспекты послания Президента Республики Беларусь
“Асноўныя аспекты паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь” – гэтай тэме быў прысвечаны чарговы дзень інфармавання.Інфармацыйная група, у склад якой увайшлі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік інфармацыйна-даведачнага аддзела Гродзенскага РУП “Фармацыя” Ніна Ісідараўна Сак і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Леанідаўна Лянкевіч, наведалася ў працоўныя калектывы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і завода “Радыёдэталь”.
Аб асноўных аспектах Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу даступна і лаканічна прысутным расказаў В.З. Свіла, спыніўшыся на пастаўленых задачах у сферы эканомікі, на пытаннях развіцця прыватнага бізнесу, імпартазамяшчэння, інвесціравання новых праектаў, занятасці насельніцтва, удасканальванні кадравай палітыкі, павелічэння пенсійнага ўзросту, а таксама іншых важных і цікавых пунктах Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Таксама намеснік старшыні райвыканкама нагадаў, што набліжаюцца выбары ў парламент Рэспублікі Беларусь – і гэтай важнай падзеі трэба надаць належную ўвагу.
Пра якасць і бяспеку айчынных лекавых прэпаратаў, новую медыцынскую апаратуру і прафілактыку як асноўны метад папярэджвання захворванняў і шкодных звычак расказала начальнік інфармацыйна-даведачнага аддзела Гродзенскага РУП “Фармацыя” Н.І. Сак.
– Хочацца нагадаць, што 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню, – адзначыла Н.І. Сак. – Ад гэтай шкоднай звычкі штогод паміраюць сотні тысяч людзей – як актыўных, так і пасіўных курцоў. І гэта сур’ёзная праблема. Канешне, вядзецца прафілактычная работа, але адказ на пытанне, атручваць сябе тытунём ці не, павінен даць кожны самастойна.
Падчас дня інфармавання да членаў інфармацыйнай групы ўзніклі пытанні. Напрыклад, жанчына цікавілася, чаму на некаторыя медыцынскія прэпараты патрэбен рэцэпт? Н.І. Сак паведаміла, што згодна з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь быў вызначаны пералік лекаў, якія прадаюцца без рэцэпта. Астатнія медыцынскія прэпараты, у сувязі з небяспекай іх прымянення ў выпадках самалячэння, рэалізуюцца толькі з дазволу ўрача.
Было ўзнята пытанне кошту медыцынскіх прэпаратаў. Н.І. Сак растлумачыла, што ў аптэках Гродзенскага РУП “Фармацыя”, у якіх устаноўлена камп’ютарная праграма, ёсцб сістэма ўліку: пры набыцці тавару беларускіх вытворцаў на суму больш 250 000 рублёў, кожнаму пакупніку прадстаўляецца 5-працэнтная зніжка ад рознічнага кошту. Пэўная група насельніцтва (цяжарныя жанчыны, пенсіянеры, інваліды 1-3 груп, дзеці-інваліды, інваліды і ўдзельнікі вайны, шматдзетныя сем’і, дзеці да 3-х гадоў, людзі, пацярпеўшыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) атрымліваюць такую ільготу незалежна ад сумы, аднак толькі на беларускія тавары і толькі пры прад’яўленні адпаведных дакументаў.
У працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна дзень інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.
Марына МАЦКЕВІЧ
