На базе Ворнянского сельсовета прошёл день сельисполкома
Дзень сельвыканкама, які прайшоў напрыканцы чэрвеня на базе Варнянскага сельскага Савета, стаў у многіх сэнсах адметным. Па-першае, таму, што адбыўся пасля значнага перапынку – раней падобная форма работы з органамі мясцовай улады была традыцыйнай, але такія семінары-нарады не праводзіліся даўно – папярэдні адбыўся амаль год назад. Па-другое, гэты дзень сельвыканкама стаў першым падобным мерапрыемствам пасля выбару новага складу раённага Савета дэпутатаў і яго старшыні Ірыны Эдуардаўны Тальчук, ды і некаторыя старшыні сельвыканкамаў – у прыватнасці, Гервяцкага – у новай для сябе якасці ў ім удзельнічалі ўпершыню.Гаспадары старанна рыхтаваліся да дня сельвыканкама – арганізатарам хацелася, каб “першы блін” не атрымаўся “камяком”. Наколькі гэта ў іх атрымалася, паказаў ход мерапрыемства. Вядома, крытычных заўваг гасцей і калег хапала – як і заўсёды, і галоўным чынам яны тычыліся парадку – ці дакладней, яго адсутнасці: то абочыны не абкошаны, то тэрыторыя каля ўстановы культуры зарасла… Але бачыць недапрацоўкі староннім вокам заўсёды лягчэй, чым знайсці магчымасці і сродкі, каб усё зрабіць дасканала. Хоць нельга не пагадзіцца са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам, які, як заўсёды, стаў не проста ўдзельнікам дня сельвыканкама, а асноўнай “рухаючай сілай” гэтага мерапрыемства: калі б усе “тры кіты”, ад якіх залежыць парадак – мясцовая ўлада, сельгаскааператыў і дарожная служба – працавалі ў цеснай супольнасці, а не як у вядомай байцы пра лебедзя, шчупака і рака, парадак на тэрыторыі быў бы не горшы, чым перад пачаткам чэмпіянату свету па хакеі. На жаль, пасля яго заканчэння ўсе адказныя за стан прыдарожных палос і вёсак крыху расслабіліся – і адразу ж трава, пустазелле і смецце “ўзнялі галаву”.
Хоць справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што прыемных момантаў у гэты дзень было нашмат больш. І пачаліся яны з наведвання Катлоўскага лясніцтва. Хто памятае будынак у Трокеніках, дзе колісь быў дзіцячы садок, пасля – інтэрнат для працаўнікоў кааператыва, не мог не падзівіцца, убачыўшы замест колішняй закінутай “развалюхі” сучасны офіс з утульнымі кабінетамі, аснашчанымі самай сучаснай тэхнікай, неабходным наборам санітарна-бытавых памяшканняў і прыгожа абуладкаванай тэрыторыяй навокал. Наваселле Катлоўскае лясніцтва, якое перабралася ў Трокенікі з Катлоўкі, якая стала прыгранічнай вёскай, справіла ў мінулым годзе. Лясгас улажыў немалыя грошы ў рамонт і давядзенне да жаданага выгляду закінутага памяшкання – але сёння яго можна лічыць узорным, засталося толькі заасфальтаваць прылягаючую тэрыторыю, што плануецца зрабіць у бліжэйшы час.
Адметнасць Трокеніцкай бібліятэкі ў тым, што яна размешчана ў гістарычным будынку пабудовы пачатку 19-га стагоддзя, у якім нарадзіўся славуты мастак Мар’ян Богуш-Шышка – менавіта таму на другім паверсе створана нейкае падабенства музея нашага слыннага земляка. Падабенства – бо ўсур’ёз называць музейнай экспазіцыяй некалькі фотакопій карцін мастака, яго партрэт і біяграфію складана: усё гэта, і нават нашмат больш, сёння можна пабачыць, не адыходзячы ад камп’ютара. Там не менш, па словах загадчыцы бібліятэкі, людзі едуць у Трокенікі нават са сталіцы, іншых гарадоў і вёсак Беларусі. Ім цікава пабачыць старадаўні будынак – які, дарэчы, уратавалі ад канчатковага разбурэння своечасова праведзеныя за кошт раённага бюджэту рамонт даху і замена вокнаў. Гасцям падабаецца падняцца на другі паверх па незвычайнай вінтавой лесвіцы, паблукаць у ценю старажытных дубоў, якія памятаюць дотык таленавітых рук маленькага Мар’яна… А калі б да гэтых адметнасцяў, якія засталіся ў спадчыну ад мінуўшчыны, дадаліся ініцыятыва і прадпрымальнасць сучаснікаў, якія б пажадалі зрабіць тут сапраўдны музей ці філіял карціннай галерэі – у запасніках раённага музея сабралася ўжо нямала жывапісных работ, падораных раёну, якія сёння няма дзе выстаўляць… Калі б знайшліся людзі, якія б прыдумалі, як выкарыстаць цудоўныя асаблівасці мясцовага ландшафту і прыгажосць тутэйшых мясцін, а ў фактычна пустуючым зараз флігелі зрабіць міні-гасцініцу ці кафэ... Цудоўнае месца для адпачынку турыстаў магло б атрымацца! На жаль, заняцца гэтым пакуль што ахвотнікаў няма – ні сярод дзяржаўных устаноў, ні сярод прадпрымальнікаў.
Пры наведванні Трокеніцкай бібліятэкі размова, з падачы зноў жа Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, зайшла і пра будучыню бібліятэк, асабліва сельскіх, пра сучасны змест іх работы. Абмеркаванне гэтай тэмы было прадоўжана ў Вароне падчас экскурсіі па сельскай бібліятэцы. Гаспадыня яе, адна з сапраўдных энтузіястаў сваёй справы Марыя Станіславаўна Вішнеўская, падзякавала Адаму Дзмітрыевічу Кавальку за наваселле “храма кнігі “: нядаўна, пасля цудоўнага рамонту, ён перабраўся ў новае памяшканне – светлае, чыстае, утульнае… І нават выпадковым наведвальнікам, накшталт удзельнікаў дня сельвыканкама, было бачна, што Варонская бібліятэка – гэта не толькі сховішча кніг, а актыўна дзеючая ўстанова культуры, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Бібліятэка сёння павінна шукаць новыя формы работы, быць аснашчанай самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, стаць месцам, дзе любы жадаючы можа знайсці патрэбную яму інфармацыю, і не абавязкова на старонках кніг і часопісаў – гэта безумоўнае патрабаванне не толькі старшыні райвыканкама, але і сённяшняга дня.
А вось у Варонскім сельскім клубе – яшчэ не так даўно, дарэчы, самым папулярным месцы адпачынку моладзі ўсяго раёна – рамонт пакуль не закончаны. І якасць яго выклікала нямала крытычных заўваг…
Варонская базавая школа ў 2012 годзе набыла новы статус – “Навучальна-педагагічны комплекс “Варонская пачатковая школа-дзіцячы сад”. Ішла яна да гэтага даволі працяглы час, і нармальныя ўмовы для выхавання пачатковых школьнікаў і дашкалят, які цяпер з’явіліся ў новым комплексе, былі створаны ў многім дзякуючы настойлівасці Адама Дзмітрыевіча Кавалькі. Сёння ў гэтым комплексе выхоўваецца 74 дзіцяці – больш, чым у некаторых сярэдніх школах, прычым дзіцячы садок наведваюць 26 малышоў.
Так, у садку цяпер – поўны парадак. А вось у навучальнай частцы будынка да гэтага часу зроблена не ўсё: не затынкаваны адкосы пасля замены вокнаў, старыя дзверы псуюць выгляд прыгожых калідораў, чакае сваёй чаргі спартыўная зала… Як зазначыў старшыня райвыканкама, зрабілі на мільярды, а лічаных тысяч не знайшлі – і сапсавалі выгляд усяго рамонту.
Незапланаваныя карэктывы ў маршрут дня сельвыканкама ўнеслі праблемы з аўтобусам, на якім перамяшчаліся ўдзельнікі – і дзякуючы гэтаму усе змаглі пазнаёміцца з работай сельскага гандлю, у прыватнасці, магазіна “Полацкі тракт”: з моманту яго адкрыцця тлее ідэя зрабіць яго паўнацэнным аб’ектам прыдарожнага сервісу, якая да гэтага часу так і не рэалізавана ў поўнай меры. А магазін сельгаскааператыву ўражвае сваёй цеснатой: трое пакупнікоў тут не развернуцца – і гэта пры тым, што ў будынку былой калгаснай канторы пустуюць прасторныя памяшканні.
Тэма гандлю была працягнута і ў Варнянах, дзе ўдзельнікі дня сельвыканкама наведалі практычна ўсе гандлёвыя кропкі аграгарадка: магазіны сельгаскааператыва, райспажыўтаварыства, прыватных прадпрымальнікаў. Асартымент, якасць абслугоў-вання пакупнікоў, перспектывы развіцця – усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас імправізаваных “экскурсій”.
А канечным пунктам дня сельвыканкама стала, бадай, самая паспяховая ўстанова на тэрыторыі сельскага Савета – “Навучальна-педагагічны комплекс “Варнян-скі яслі сад-сярэдняя школа”. Новы статус – ды, па сутнасці, новае жыццё – школа набыла пасля рэканструкцыі, праведзенай у рамках будаўніцтва аграгарадка: тут, па-першае, ліквідавалі самую балючую праблему – холад у класах, а, па-другое, дабавілі школе “малодшага брата” – дзіцячы садок. Сёння гэта самая буйная сельская ўстанова адукацыі ў раёне: тут вучыцца 340 школьнікаў і выхоўваецца 80 малышоў у дзіцячым садку. Школа прыняла пад сваё крыло пасля закрыцця колішніх вучняў Гозскай, Быстрыцкай, Варонскай, Трокеніцкай базавых школ – і для ўсіх іх былі створаны належныя ўмовы для адукацыі і выхавання. Праўда, па словах дырэктара Надзеі Андрэеўны Субач, гэта прыўнесла і пэўныя праблемы: сёння ў школу падвозіцца 209 вучняў з 39 населеных пунктаў раёна, і ўсе яны павінны быць на занятках да 8.30. Але, дзякуючы дапамозе аўтапарка, пытанне з падвозам вучняў удалося вырашыць. Усе астатнія моманты жыцця школы – матэрыяльна-тэхнічная база, кадравае забеспячэнне, якасць навучання і ўзровень выхавання вучняў у Варнянскай школе – на вышыні. І гэта, як падкрэсліў А.Д. Кавалька, у многім – дзякуючы таму, што калектыў вось ужо шмат гадоў узначальвае сапраўдны прафесіянал сваёй справы Надзея Андрэеўна Субач.
– У гэтую школу ў любы дзень і час можна прывезці гасцей любога ўзроўню – і быць упэўненым, што ўсё будзе ў парадку, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
На жаль, у адносінах да іншых устаноў і арганізацый, і не толькі Варнянскага сельсавета, такой упэўненасці няма – гэта адзначалася і ў час аб’езду аб’ектаў семінару, і падчас падвядзення вынікаў работы дня сельвыканкама.
– Куды б мы ні зайшлі – усюды ёсць нейкія недапрацоўкі, – зазначыў Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Старшыня райвыканкама ў чарговы раз нагадаў, што старшыні сельвыканкамаў – гаспадары на сваіх тэрыторыях. І толькі ў тым выпадку, калі яны будуць працаваць у цеснай супольнасці з кіраўнікамі ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, што дзейнічаюць на падведамасных тэрыторыях, можна будзе дабіцца сапраўднага, а не паказнога парадку – на тэрыторыях і ў справах.
