"Круглый стол", посвящённый вопросам здоровья, прошёл в Островецком районе
На базе райвыканкама прайшоў “круглы стол”, удзел у якім прынялі прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, удзельнікі праекта “Дзеянні таварыстваў па пытаннях здароўя”, які пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа працуе ў Кыргызстане, а таксама зацікаўленыя прадстаўнікі структур нашага раёна. Узначаліў абмен вопытам, які прайшоў у рамках “круглага стала”, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла.Сустрэча пачалася са знаёмства. Рэспубліку Кыргызстан прадстаўлялі намеснік кіраўніка праекта Талкун Джамангулава і прадстаўнік Рэспубліканскага Цэнтра ўмацавання здароўя Міністэрства аховы здароўя Кыргызстана Айгуль Ільязава. На сустрэчы прысутнічалі кансультант Швейцарскага Чырвонага Крыжа Алена Крылова, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія Скамарошка, начальнік аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Анацка і каардынатар праекта “Умацаванне службы сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа” Таццяна Святловіч.
Астравец прадстаўлялі супрацоўнікі многіх зацікаўленых у абмене вопытам арганізацый. Акрамя галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Валянціна Тачонага і старшыні раённай арганізацыі БТЧК Вольгі Руднік, удзел у сустрэчы прынялі загадчыца аддзялення для дзённага знаходжання маладых інвалідаў, кіраўнік па рабоце з валанцёрамі
Чырвонага Крыжа Святлана Куцько, загадчыца Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Ачарэтава, прадстаўніца раённага савета ветэранаў Данута Чарнушэвіч, адказныя спецыялісты па фарміраванні здаровага ладу жыцця гімназіі №1 і СШ №1 Ірына Юковіч і Вольга Хацяновіч, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Клімчэня, загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Мінкевіч, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Аксана Лазарава, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ганна Пашук, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Даўляш.
Наш раён для абмену вопытам быў выбраны невыпадкова.
– Астравецкі раён валодае высокім чалавечым патэнцыялам, – зазначыла падчас сустрэчы старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія Скамарошка. – Тут працуюць прафесійныя супрацоўнікі, да таго ж у раёне ёсць валанцёры, якія не першы год займаюцца добрымі справамі, – гэта работа з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі і састарэлымі людзьмі. І што самае галоўнае – мы бачым зацікаўленасць раённай улады ў рэалізацыі розных валанцёрскіх ініцыятыў.
Прадстаўнікі Кыргызскай Рэспублікі прыехалі ў Беларусь, каб расказаць аб рабоце праекта Швейцарскага Чырвонага Крыжа “Дзеянні таварыстваў па пытаннях здароўя”, які рэалізуецца тут з 2002 года. Гэты праект праходзіць сумесна з Кыргызскім Рэспубліканскім Цэнтрам грамадскага здароўя і Міністэрствам аховы здароўя Кыргызстана.
– Ядром нашай праграмы з’яўляюцца сельскія камітэты здароўя – гэта згуртаванні людзей, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, накіраванай на ўмацаванне здароўя людзей у вёсках, – расказвае намеснік кіраўніка праекта Талкун Джамангулава. – Яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя, але супрацоўнічаюць з ёй і падтрымліваюцца такімі дзяржаўнымі структурамі, як кабінеты ўмацавання здароўя і супрацоўнікамі пярвічнай медыка-санітарнай дапамогі (групы сямейных урачоў, фельчарска-акушэрскія пункты).
Сельскія камітэты здароўя ўваходзяць у раённыя камітэты здароўя, якія, у сваю чаргу, фарміруюць нацыянальную федэрацыю сельскіх камітэтаў здароўя. Рэалізацыя праграмы “Дзеянні таварыстваў па пытаннях здароўя” ўключае пяць асноўных блокаў: аналіз праблем, звязаных са здароўем, які праводзіць само насельніцтва; фарміраванне сельскіх камітэтаў здароўя; дзеянні іх па пытаннях здароўя; напрацоўка арганізацыйнага патэнцыялу; нарошчванне патэнцыялу сістэмы аховы здароўя для партнёрскага супрацоўніцтва з сельскімі камітэтамі здароўя.Працэс укаранення праграмы ў Кыргызстане пачаўся з аналізу прыярытэтных праблем здароўя ў кожнай вёсцы, які ажыццяўляўся пры падтрымцы работнікаў груп сямейных урачоў і ФАПаў. У гэты працэс уцягваліся группы людзей, якія жывуць па суседству. Пасля аналізу праблем, звязаных са здароўем мясцовых жыхароў, суседзі выбіраюць членаў сельскага камітэта здароўя.
Работнікі кабінетаў умацавання здароўя навучаюць членаў адпаведных сельскіх камітэтаў, як трэба працаваць, каб вырашаць выяўленыя праблемы. Яны таксама вырашаюць і іншыя важныя пытанні захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва.
Поле дзейнасці сельскіх камітэтаў здароўя, якія працуюць у Кыргызстане, даволі шырокае – гэта прасоўванне выкарыстання ёдаванай солі, барацьба з гіпертаніяй, анеміяй, бруцэлёзам, алкагалізмам і шэрагам іншых хвароб.
Сёння праграма “Дзеянні таварыстваў па пытаннях здароўя” ў Кыргызстане рэалізуецца на нацыянальным узроўні і з’яўляецца часткай нацыянальнай праграмы рэфармавання аховы здароўя. Тут арганізавана 1400 сельскіх камітэтаў здароўя, якія ахопліваюць большую палову вялікіх населенных пунктаў краіны.
Талкун Джамангулава на практыцы паказала, якім спосабам праходзіць аналіз праблем, звязаных са здароўем. Удзельнікам “круглага стала” неабходна было ўявіць, што яны з’яўляюцца жыхарамі нашых вёсак, і назваць самыя актуальныя праблемы, якія ў нас існуюць, а затым па 100-бальнай шкале выставіць ацэнку кожнай праблеме. Такім чынам вызначаліся самыя актуальныя праблемы і шукаліся шляхі іх выпраўлення і выкаранення.
Дарэчы, у астравецкіх валанцёраў таксама вялікі вопыт работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, і таму абмен ім прайшоў дастаткова дынамічна і цікава.
У Кыргызстане, дзякуючы гэтай праграме, большасць насельніцтва ўжо прыйшла да высновы, што чалавек сам павінен клапаціцца пра сваё здароўе і быць за яго ў адказе. У Беларусі пакуль што сітуацыя прама супрацьлеглая – большасць пацыентаў спадзяюцца на ўрачоў. І, магчыма, укараненне падобнай праграмы ў нашым раёне і краіне ў цэлым магло б змяніць сітуацыю з фарміраваннем здаровага ладу жыцця.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.