Актуальные вопросы обсудили на 30-й сессии Островецкого районного Совета депутатов
Сумеснае пасяджэнне 30-й сесіі Астравецкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання і раённага выканаўчага камітэта прайшло ў Астраўцы. На пасяджэнне былі запрошаны дэпутаты раённага савета, члены райвыканкама і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Астравеччыны. Узначалілі работу пасяджэння старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька і намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў В.І. Тачоны.
На пасяджэнне выносілася шэраг пытанняў. Пачалося яно з абмеркавання пытання аб рабоце арганізацый раёна па рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў у адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта ад 14 чэрвеня 2007 года №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
У дакладзе начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Уладзіміраўна Родзь паведаміла, што падчас рэалізацыі раённай праграмы энергазберажэння за мінулы год у раёне было рэалізавана 17 мерапрыемстваў з запланаваных і 43 дадатковыя мерапрыемствы. Што датычыцца бягучага года, то паказчыкі пакуль не радуюць – яшчэ не пачата выкананне 16 мерапрыемстваў, прычым чатыры з іх былі запланаваны на 1 паўгоддзе.
Разам з тым ёсць і станоўчыя моманты. У гэтым годзе жыллёва-камунальная гаспадарка правяла тэрмарэнавацыю агароджвальных канструкцый дома №41 па вуліцы Камсамольскай, устаноўлена 230 фотаакустычных датчыкаў на асвятленне лесвіц у жыллёвым фондзе горада, заменена 110 электралямп вулічнага асвятлення, помпавае абсталяванне на каналізацыйных станцыях у пасёлку Гудагай, вёсках Рытань, Альхоўка і Палушы. Заменены 6400 пагонных метраў неэфектыўных цеплатрас у Астраўцы, рыхтуецца да здачы блочна-модульная кацельная на мясцовых відах паліва ў Альхоўцы. Работы праводзіліся таксама ў СВК “Варняны”, “Гервяты”, на аб’ектах аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму. У выніку праведзеных мерапрыемстваў атрымана эканомія ў 177,4 тоны ўмоўнага паліва.
Разам з тым, некаторыя арганізацыі так і не прыступілі да выканання запланаваных на першае паўгоддзе мерапрыемстваў па энергазберажэнні. На гэты раз ім быў дадзены час на выпраўленне недахопаў.
***
Кіраўнік справамі райвыканкама Галіна Людвікаўна Манушына праінфармавала аб рабоце структурных падраздзяленняў Астравецкага райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта ад 27 снежня 2006 года №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і рэалізацыі заяўнага прынцыпу “адно акно”.
Галіна Людвікаўна паведаміла дэпутатам і членам райвыканкама аб рабоце з пісьмовымі і вуснымі зваротамі і аб дзейнасці “аднаго акна”. Толькі ў гэтым годзе ў раёне была праведзена 21 “Прамая лінія”, прычым чатыры з іх правёў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Толькі падчас “Прамых ліній” вусных зваротаў паступіла 66, і 35 з іх зноў жа былі адрасаваны старшыні райвыканкама. Большая частка пытанняў звычайна тычыцца будаўніцтва і ўтрымання дарог, работы транспарту і ЖКГ.
Папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца і асабістыя прыёмы грамадзян. Магчыма, таму жадаючых пакідаць свае звароты праз тэлефоны “гарачай лініі” амаль няма?
***
Наступныя пытанні датычыліся бязвыплатнай перадачы маёмасці камунальнай уласнасці раённага ўзроўню кіравання. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама С.У. Родзь прадставіла ўвазе дэпутатаў і членаў райвыканкама прэзетацыю інвестыцыйнага праекта “Будаўніцтва гандлёва- забаўляльнага комплекса на месцы будаўніцтва малочнага завода”.
Тэрыторыя, дзе сёння размешчаны будаўнічыя пляцоўкі вытворчых карпусоў малочнага завода, выстаўлялася на аўкцыён чатыры разы. І нават пры тым, што з кожным наступным аўкцыёнам кошт выстаўленай маёмасці паніжаўся, жадаючых набыць яе ва ўласнасць не аказалася. А ўлічваючы тое, што карпусы знаходзяцца ў амаль напаўразбураным стане, а расходы на іх знос вельмі вялікія, было прынята рашэнне перадаць іх расійскай будаўнічай кампаніі “Корилус”. У ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта прыкладна праз тры гады ў Астраўцы не толькі з’явіцца новы гандлёва-забаўляльны цэнтр, але і будуць створаны 150 рабочых месцаў.
Падчас сумеснага пасяджэння былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя пытанні.
Па ўсіх разглядаемых пытаннях дэпутаты прынялі адпаведныя рашэнні.
Вынікі работы пасяджэння падвёў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
