3 июля в Островце прошла акция "Белая Русь" - с любовью к детям"

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька разам са сваім намеснікам Віктарам Збігневічам Свілам, старшынёй Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірынай Эдуардаўнай Тальчук і старшынёй РА РГА “Белая Русь” Наталляй Уладзіміраўнай Сянюць наведалі радзільнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, каб павіншаваць маці, якія напярэдадні Дня Незалежнасці нарадзілі дзяцей – новых грамадзян нашай краіны.

Такіх маці ў той дзень у Астравецкай бальніцы было шэсць: Вікторыя Балтруковіч, Кацярына Гушта, Валянціна Кірпа, Вікторыя Кісель, Аксана Капуста, Анастасія Бандарчук.
Усіх жанчын госці павіншавалі не толькі з Днём Незалежнасці, але і з днём нараджэння іх дзетак. А добрым дадаткам да цёплых слоў віншавання сталі кветкі і падарункі ад Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
– Нашы пачуцці складана перадаць словамі. Гэта быў сапраўдны сюрпрыз, якога мы не чакалі. Удзячны ўсім, хто павіншаваў нас і нашых малышоў. Вельмі прыемна – такое не забываецца, – з удзячнасцю і са слязамі на вачах гаворыць астраўчанка Кацярына Гушта.
І гледзячы на маці, вочы якіх свяціліся радасцю і шчасцем, сапраўды разумееш, што сюрпрыз удаўся, а Дзень Незалежнасці стаў для іх двайным святам – светлым і запамінальным.


----------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.