Островецкий школьник принял участие в первенстве чемпионата Европы по боксу

Па выніках выступленняў на рэспубліканскіх спартакіядах па боксе сярод школьнікаў Беларусі права выступаць на першынстве чэмпіянату Еўропы ў вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў заваяваў кандыдат у майстры спорту Марк Маргуж. Пра ўдзел юнака ў прэстыжных спаборніцтвах расказвае трэнер і сам Марк.


Спаборніцтва праходзіла ў расійскім горадзе Анапа. На чэмпіянат сабраліся лепшыя баксёры з 22 краін Еўропы. Гэта быў сапраўды адбор мацнейшых, і барацьба на рынгу была сур’ёзнай і напружанай.
У вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў, дзе і выступаў наш Марк, змагалася найбольшая колькасць удзельнікаў – 16 прэтэндэнтаў на тытул лепшага. Для гэтага трэба было выйграць два паядынкі. У першым баі астраўчанін сустракаўся з сапернікам з Малдавіі. Марк перамог яго з лікам 7:4. Дарэчы, выйграць першы бой удалося яшчэ аднаму беларусу – астатнія ж выбылі з гульні.
У другім паядынку праціўнікам Марка на рынгу стаў украінец, які да гэтага выйграў у англічаніна і быў, як і астраўчанін, ляўшой. Першы раўнд іх дуэлі на рынгу закончыўся з лікам 4:2 на карысць Марка. Аднак пасля перапынку адносіны суддзяў да беларуса рэзка памяняліся… У роўным баі паядынак раптам спынілі і налічылі астраўчаніну накдаўн – гэта дало два лішнія ачкі саперніку. Раўнд скончыўся ўнічыю 7:7. У трэцім, рашаючым раўндзе, у Марка разбалелася траўміраваная рука. Але юнак трымаўся дастойна да апошняй секунды. Аднак бой скончыўся з лікам 13:11 на карысць украінца. Крыху ўдачы і справядлівага судзейства не хапіла Марку, каб стаць бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Каманда Беларусі ў выніку заняла дзясятае месца.
– На спаборніцтва сабраліся сапраўды моцныя баксёры, – дзеліцца сваімі ўражаннямі трэнер па боксе і бацька Марка А.З. Маргуж. У кожнага з іх – па 60-100, а то і больш баёў, у той час, як у нашых – прыкладна па 30. У нас апошні турнір праходзіў летам, такім чынам падрыхтоўка да чэмпіянату залежала толькі ад жадання і намаганняў трэнера і ўдзельніка. А ў той жа Расіі спаборніцтвы праходзілі пастаянна. Перад чэмпіянатам яны мэтанакіравана трэніраваліся. Падрыхтоўка была больш, чым сур’ёзнай. Адборачныя туры праходзілі ў некалькі этапаў. З мацнейшых выбіралі больш моцных, з іх – яшчэ мацнейшых. У выніку адабраны лепшыя. Вопыт і прафесіяналізм – іх цяжка перамагчы. І разумеючы ўсё гэта, паглядваючы на цудоўна падрыхтаваных спартсменаў, некаторыя нашы баксёры проста гублялі ўпэўненасць і сілу духу. А гэта вельмі важна на рынгу. Праўда, Марк?
– Сапраўды так, – падзяліўся сваімі эмоцыямі юнак. – Перад пачаткам спаборніцтваў я хваляваўся – з кім буду баксіраваць, як выступлю? Бо з першага погляду было бачна, што сапернікі цудоўна падрыхтаваныя і змагацца з імі будзе складана. Аднак як толькі выйшаў на рынг – адразу супакоіўся. Тут ужо галоўнае – правільна захоўваць тэхніку бою. Эмоцыі і хваляванні адышлі на другі план. Канешне, пасля несправядлівых адносін суддзяў у першы момант апускаюцца рукі. Але гэта – хвілінная слабасць. Будзе некалі і на нашай вуліцы свята – і мы атрымаем медаль! А ўвогуле, было цікава і карысна з’ездзіць, іншых паглядзець і сябе паказаць. Ды і ў новым месцы пабываць таксама цікава.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта sport.comments.ua