Островчане взяли новые медали
На мінулым тыдні Гомель стаў сапраўдным рынгам і сабраў баксёраў з усёй Беларусі. Тут праходзілі два значныя спаборніцтвы па боксе.
З 12 па 17 лістапада ў горадзе над Сожам адбыўся Кубак Рэспублікі Беларусь па боксе сярод удзельнікаў 1990-95 гадоў нараджэння. У вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў выступаў астраўчанін Сяргей Лобан. У фінале лёс звёў яго на рынгу з былым сапернікам з Мінска, якому на нядаўнім чэмпіянаце ў рашаючым паядынку Сяргей прайграў 3 ачкі. На гэты раз астраўчанін не пакінуў ніякіх шансаў і сумненняў ні саперніку, ні суддзям. Перавага ў 10 ачкоў – і бясспрэчнае золата Сяргея Лобана.
У тым жа Гомелі, толькі ўжо з 13 па 17 лістапада, праходзіла і першынство Рэспублікі Беларусі па боксе сярод спецыялізаваных устаноў.
У складзе зборнай Гродзенскай вобласці выступалі і баксёры Астраўца. Кандыдат у майстры спорту Арцём Рагавенка (вагавая катэгорыя да 46 кілаграмаў) у першым баі выйграў у мінчаніна. У наступным паядынку астраўчанін сустракаўся з сапернікам з Магілёва. Па меркаванні гледачоў, перавага была на баку Арцёма, але перамогу аддалі яго праціўніку. У выніку Арцём Рагавенка – бронзавы прызёр першынства.
На жаль, удача не падтрымала ў той дзень яшчэ аднаго астраўчаніна – Дзіму Юцкевіча. Ён праіграў першы бой і не змог працягнуць барацьбу.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта vlg.aif.ru