Спартыўныя страсці кіпелі ў Гервятах
13:03 / 02.04.2010
3
Вясна – той непаўторны час, калі ад доўгага зімовага сну прачынаецца не толькі прырода, але і людзі. Скінуўшы нарэшце важкія дублёнкі і боты, хочацца пацягнуцца, размяцца ці проста прагуляцца на свежым паветры.
З гэтай нагоды кіраўніцтва адзела фізкультуры, спорту і турызму і адзела па справах моладзі райвыканкама напярэдадні сабраліся і вырашылі такі цудоўны момант не «прамаргаць», а нешта цікавае арганізаваць і накіраваць маладую энергію ў патрэбнае і карыснае рэчышча. Так і ўзнік іх сумесны спартыўны праект “Спартакіяда-2010 сярод маладых спецыялістаў раёна”, якая, трэба сказаць, становіцца ўжо традыцыйнай.
Калі я ўвайшла ў памяшканне Гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу то, шчыра кажучы, спачатку крыху разгубілася – няўжо спазнілася? Тут ужо ваўсю разгортваліся спартыўныя дзеянні: баскетбольны мяч лётаў ва ўсе бакі і раз-пораз, накіраваны астравецкімі «джорданамі», трапляў у жаданае кальцо, яго меншы сабрат радасна скакаў туды-сюды на тэнісным настольным міні-корце, у іншых жа месцах ішло папулярнае і распаўсюджанае спаборніцтва без пераможцаў па пацісканню рук і абдымкаў, вядомае ў народзе як прывітанне. Калі вы хочаце больш ведаць пра беларускі футбол, лешп завітаць на спецыялізаваныя сайты.
Як аказалася, гэта не я спазнілася, а першапрыбыўшыя вырашылі не чакаць стартавага свістка арбітра і разміналіся перад пачаткам спаборніцтваў. А ўдзельнікі ўсё прыбывалі – з вялізнымі спартыўнымі сумкамі і нават уласным інвентаром: рэгістраваліся, пераапраналіся, і таксама разміналіся.
Усяго ж на спартакіяду прыехала 15 каманд: Цэнтральная раённая бальніца, ДУ “Астравецрайгаз”, РУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка”, аддзел адукацыі, пагранкамендатура “Гудагай-1”, Астравецкі РАУС, лясгас, саўгас “Падольскі”, СВК “Трокенікі”, “Варняны”, “Міхалішкі”, “Гервяты”, імя Гашкевіча, Астравецкі РАНС і СВК “Гудагай”. Праўда, прадстаўнікі апошніх дзвюх па невядомых прычынах зніклі, у спаборніцтвах не ўдзельнічалі і, адпаведна, аўтаматычна сышлі з дыстанцыі барацьбы за перамогу.
Асобна трэба адзначыць яшчэ адну каманду “культурыстаў” – не ў сэнсе мускулістых спартсменаў, а вясёлых хлопцаў і дзяўчат – работнікаў раённага аддзела культуры, якія танцамі і песнямі падтрымлівалі, падзадорвалі і забаўлялі ўдзельнікаў.
Пастраенне каманд, пажаданні поспехаў у спаборніцтвах ад першага намесніка старшыні райвыканкама В.А. Славінскага, начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму С.В. Шэіна, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама А.У. Трамбовіча... Пад гімн капітаны каманд падымаюць два сцягі – Беларусі і Астраўца, апошнія нюансы азнаямлення з правіламі, свісток арбітра – і доўгачаканы старт.
А стартанула спаборніцтва буйна, разнастайна і відовішчна: адначасова праходзілі дартс, гіравы спорт, армрэстлінг і настольны тэніс. Таму гледачам прыйшлося таксама пазаймацца спортам – нацешыўшыся адным відам, хуценька бегчы да наступнага, каб не прапусціць самае цікавае і інтрыгуючае. А гэтага было нямала. Ляталі дроцікі і нават гіры, мералася сіла рук, а гледачы рабілі стаўкі – хто больш? Аднак аб усім – па парадку.
Гіры. Магчыма, камусьці гэты від спорту здаецца нецікавым і сумным. А вы паназірайце ўважліва, як іграюць-перакатваюцца мускулы пры падняцці гіры, як з кожным разам спартсмен прыкладвае ўсё больш намаганняў і напружваецца, бы струна, а сілы застаецца ўсё менш. Не ўражвае? Тады паспрабуйце падняць гіру – і зразумееце ўсё самі. На спартакіядзе гіравы спорт праходзіў па двух вагавых катэгорыях: да 80 і звыш 80 кілаграмаў. І ў першай не было роўных вядомаму аматару 24-кілаграмовай Дзмітрыю Волк-Леановічу з лясгасу. Ён лёгка, бы штодзённую норму, падняў гіру 100 разоў і пад зайздрослівыя позіркі сапернікаў спакойна саступіў месца наступнаму. На “серабро” “ўгаварыў” гіру Дзмітрый Куцько з аддзела адукацыі – 55 разоў, а трэцяе месца за Аляксандрам Юргелянцам – ЖКГ (50).
У вагавой катэгорыі звыш 80 кілаграмаў “залаты” рэкорд прадэманстраваў Віталь Міжыгурскі – прадстаўнік каманды ЦРБ. У яго моцных руках гіра падымалася і апускалася аж 120 разоў. На другім месцы ўдзельнік СВК імя Гашкевіча Віталь Туркін з паказчыкам 102 разы. Усяго нічога ўступіў яму “бронзавы” прызёр – пагранічнік Ігар Мельнік, ён падняў гіру роўна 100 разоў. Агульнакамандныя месцы ў гіравым спорце размеркаваліся наступным чынам: першае месца – ЦРБ, другое ў СВК “Гервяты”, трэцяе – лясгас.
Самых трапных, спрытных і зоркіх запрашаў праверыць свае магчымасці дартс. Тут таксама кіпелі нежартоўныя страсці – то рука не слухалася, то зрок падводзіў, а то і проста не шанцавала. На ганаровы п”едэстал лесвіцу прызёраў сярод жанчын узняліся – на трэцюю прыступку Наталля Лабкоўская (ЖКГ), на другую – Алеся Хамух (СВК “Гервяты”), на першую – Таццяна Мятлеўская (РАУС).
Сярод мужчын найлепшымі сталі: Уладзімір Ташчан (саўгас “Падольскі”) – “бронза”, Вадзім Лебядзевіч (лясгас) – “серабро”, а “золата” ў Марыуса Пятровіча з СВК “Гервяты”.
Па агульнакамандных выніках першае месца занялі гервятцы, другое ў лясгаса, трэцяе – ЖКГ.
Не ведаю як каму, а мне вельмі падабаецца армрэстлінг. Што называецца – твар у твар, рука ў руку... Праўда, каб нацешыцца відовішчам па поўнай, трэба спачатку пастарацца праціснуцца праз шчыльнае кола гледачоў. Асаблівы каларыт паядынкам надаюць эмоцыі балельшчыкаў – якіх толькі наказаў не пачуеш: “Давай!”, “Цісні!”, “Не здавайся!”, “Мы з табой!”, “Ну яшчэ крышку!” і іншыя. Можна смела слоўнік слоў падтрымкі ствараць. Асаблівы напал страсцей, калі паміж сабой у апошняй схватцы сыходзяцца лідэры. Сярод мужчын у фінал выйшлі Ігар Мельнік і Яўген Волкаў. Суддзя аддае апошнія распараджэнні, правярае гатоўнасць, гледачы затаілі дыханне, напружанне мышцаў, хвілінны паядынак – і перамога ў руках Ігара Мельніка з пагранкамендатуры. Другое месца ў Яўгена Волкава з лясгасу, трэцяе атрымаў Аляксандр Юргелянец (ЖКГ).
І не трэба думаць, што армрэстлінг – спаборніцтва выключна для мужчын. Жанчыны таксама дэманструюць майстар-клас. Трэцяй у гэтым відзе спаборніцтваў стала Ірына Янковіч (СВК “Варняны”), “сярэбраная” прызёрка – Жанна Безляповіч з ЦРБ. А першае месца – сюрпрызаў не будзе! – у Наталлі Духновіч з лясгасу.Па агульных выніках армрэстлінга – трэцяе месца ў СВК імя Гашкевіча, другое – ЦРБ, першае – лясгас.
Хочаце пабольш рухацца, натрэніраваць лоўкасць рук і адпрацаваць удар? Гуляйце ў настольны тэніс! Падача, удар, яшчэ удар, ізноў падача – і лік ачкоў на рахунку. Лепш за ўсё сябруе з ракеткай Ганна Вайцяхоўская (РАУС), якая і стала “залатой” прызёркай. Другое месца ў Таццяны Бараноўскай (СВК “Варняны”), трэцяе заняла Юлія Карвэцкая (пагранкамендатура “Гудагай-1”). Сярод мужчын лепшым стаў Генадзь Хаменка з ЦРБ, “серабро” ва Уладзіміра Ташчана (саўгас “Падольскі”), трэцяе месца – Вадзім Лебядзевіч (лясгас). У агульнакамандным заліку “золата” – лясгас, “серабро” – РАУС, “бронза” – ЦРБ.
На гэтым першы этап спартакіяды завяршыўся. Пакуль вясёлыя артысты забаўлялі публіку песнямі і танцамі, усе рыхтаваліся да другой часткі – спартландыі. І калі гіры, армрэстлінг, тэніс можна назваць самымі напружанымі відамі спорту, то спартландыю, безумоўна, самым відовішчным.
Першая эстафета ўяўляла сабой бег з палачкай, якую трэба было на фінішы перадаць наступнаму ўдзельніку каманды. Здаецца, нічога складанага. Аднак гэта толькі на першы погляд, бо раптам зручныя красоўкі ператвараюцца ў канькі, што слізгаюцца на роўным месцы, а злашчасная палачка валіцца з рук. Тым не менш, у выніку каманды дастойна справіліся з усімі перашкодамі.
Наступная эстафета была падобна хутчэй на хакей у памяшканні: з дапамогай клюшкі трэба было каціць шайбы-шарыкі. Усё нічога, толькі ўсё псавалі расстаўленыя зігзагам спецыяльныя знакі, якія абавязкова трэба абагнуць. І «схалявіць» ніяк не атрымлівалася – за ўсім строга сачылі арбітры. Гэты конкурс быў сапраўдным выпрабаваннем не толькі для ўдзельнікаў, але і для гледачоў. Здаецца, ну хоць ты вазьмі клюшку ў руку і дапамажы загнаць непаслухмяны шарык!
Не ведаю, хто прыдумваў умовы эстафеты, але іх фантазіі можна толькі пазайздросціць. Калі ўбачыла наступны конкурс, хакей з шарыкам падаўся дробяззю. Спачатку трэба было дакаціць два мячы да азначанай лініі, затым пралезці праз цёмны тунель з тканіны, не паспеўшы апамятацца , перакуліцца і вярнуцца назад, не забыўшы пры гэтым забраць мячы. І ўсё на хуткасць. Гэта трэба было бачыць!
Па выніках трох эстафет у спартландыі самымі-самымі стала каманда СВК “Гервяты”. Аддзел адукацыі даказаў, што яны здольныя не толькі ля дошкі стаяць, але і спартыўныя рэкорды дэманстраваць – у іх “серабро”. А трэцяе месца заняла каманда СВК імя Гашкевіча.
Наступнае і апошняе спаборніцтва можна ўмоўна назваць “Хто дружнейшы – той дужэйшы”. У перацягванні каната, канешне ж, вельмі важная фізічная сіла, але толькі ў адзіным дружным рыўку, калі каманда ўяўляе адно цэлае, і магчыма перамога. На працягу спаборніцтва пад дружнае “э-эх” канат перацягваўся то ў адзін, то ў другі бок. У лідэры выйшлі чатыры каманды. За трэцяе месца змагаліся каманды ЦРБ і СВК “Міхалішкі”. Дужэйшымі ў выніку аказаліся медыкі. У фінальнай дуэлі сустрэліся СВК “Гервяты” і лясгас – і пасля ўпартай барацьбы каманда лясгасу перацягнула-такі гаспадароў.
Апошні і самы прыемны этап – падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне. Пад дружныя апладысменты журы віншавалі і ўручалі падарункі ад райвыканкама ўсім “залатым” прызёрам спаборніцтва. Пры падвядзенні вынікаў усіх праведзеных спаборніцтваў: трэцяе месца заняла каманда раённай бальніцы, другое – у гаспадароў: СВК “Гервяты”. А самай спартыўнай і “залатой” стала каманда лясгасу. Усе тры каманды атрымалі ў якасці прызоў ад райвыканкама трэнажоры, каб і надалей заставацца ў цудоўнай фізічнай форме і вясёлым настроі.
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.



