"Золотой возраст". Одиночеству скажем нет
Актыўныя стасункі – неацэнная каштоўнасць для людзей пажылога ўзросту. Хочам мы таго ці не, але з выхадам на заслужаны адпачынак міжволі выпадаем са звыклага кола: не спяшаемся штодня на працу, да калег, наведвальнікаў, знаёмых. Нашы “выхады ў свет” абмяжоўваюцца прабежкай па бліжэйшых магазінах, асноўныя дзённыя заняткі – уборкай кватэры, прыгатаваннем абедаў-вячэраў, пры ўмове, што ёсць для каго старацца. А калі чалавек па розных прычынах застаецца адзін, яго побыт мінімалізуецца, вольнага часу большае, а кантактаў становіцца менш. І ў доме пасяляецца няпрошаная суседка – адзінота. Вырвацца з яе моцных, зусім не сяброўскіх абдымкаў бывае вельмі цяжка.Зрэшты, усё індывідуальна. Як сказаў аднойчы сатырык Міхаіл Задорнаў, узрост чалавека дзеліцца на тры стадыі: дзяцінства, юнацтва і… “Вы цудоўна выглядаеце!” Сапраўды, гэта не толькі пара ўспамінаў і разважанняў, але і перыяд, калі хочацца ўздыхнуць глыбей, нарэшце пажыць “для сябе”, развіць і прымножыць схаваныя некалі падалей таленты.
Аднак часта для самарэалізацыі нам не хапае кампаніі блізкіх па духу равеснікаў, аднадумцаў, сяброўскай падтрымкі і парады. Вось такую падтрымку мы, каму “за…”, атрымліваем у аддзяленні дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту, якое ўжо год працуе ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго мілыя супрацоўніцы – загадчыца Аксана Генрыхаўна Свірская і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тамара Аляксандраўна Лукша – дапамагаюць пераадолець самаізаляцыю, у якую людзі нярэдка сябе заганяюць, стараюцца цікава і з карысцю арганізаваць наш вольны час, запрашаюць у гурткі па інтарэсах. Пры неабходнасці тут могуць аказаць псіхалагічную і кансультацыйна-інфармацыйную дапамогу.
За год шмат чаго зроблена. Клуб “Турыст” арганізаваў тры экскурсіі па святых месцах – у Жыровічы, Сынкавічы і Полацк. Творчымі сіламі Цэнтра наладзілі цікавыя святочныя праграмы для жанчын да 8 Сакавіка і Дня маці. Перад святам Перамогі правялі акцыю “Дом без адзіноты”, наведалі ветэранаў з невялікімі падарункамі – звязанымі ўласнаручна цёплымі шкарпэткамі. Другая, ужо традыцыйная, акцыя “Анёл у тваім сэрцы” прысвячалася Міжнароднаму дню інвалідаў і праводзілася ў цесным супрацоўніцтве з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў.
Адбыліся цікавыя і карысныя сустрэчы з супрацоўнікамі РАУС і МНС, на якіх ішла гаворка аб бяспецы жыцця пажылых людзей.
Магчымасць збірацца пад гасцінным дахам Цэнтра адразу скарысталі пенсіянеры з творчай жылкай: вязальшчыцы і вышывальшчыцы аб’ядналіся ў гурток “Чароўны клубок”, аматаркі дызайнерскіх ідэй назвалі сваю групу крыху інтрыгуюча – “Асарці”. Сваё мастацтва яны прадэманстравалі падчас міжраённай выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. Шматлікія наведвальнікі цікавіліся вязанымі вырабамі Ганны Паўлаўны Урбановіч, вышыўкамі Святланы Міхайлаўны Харытонавай, арыгінальнымі вырабамі з галінак Леаніда Іванавіча Баршчэўскага. На розных выставах народнай творчасці дэманстраваліся вышываныя творы Святланы Іванаўны Мешкіс. У скарбонцы майстрых і майстроў ужо ёсць памятныя дыпломы і граматы. А яшчэ адна актыўная ўдзельніца творчых праектаў аддзялення – Вера Мікалаеўна Кучынская, чые вышытыя карціны таксама экспанаваліся на многіх раённых, і не толькі, выставах, правяла майстар-клас па вышыўцы крыжыкам для вучняў Мальскага НПК. Вельмі стараліся малыя заслужыць пахвалу майстрыхі! А бабулі, што назіралі за дзействам, бралі на заметку, як можна развіць цягу да творчасці ў сваіх унукаў.Праходзяць своеасаблівую апрабацыю наша вакальная група “Пяе душа”, і тэатральная майстэрня “Маска”. Апошняя, дарэчы, ужо выступіла з невялікім спектаклем перад пацыентамі Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду і прыступае да рэпетыцый новай лялечнай імпрэзы.
У “Школе здароўя” пад уважлівым наглядам медыкаў наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання вучацца самастойна спраўляцца з узроставымі немачамі, атрымліваюць карысныя веды па зберажэнні свайго здароўя. Нядаўна, да прыкладу, заняткі па прафілактыцы грыпу і прастудных захворванняў правялі ўрач-тэрапеўт Кацярына Мікалаеўна Будрыца і ўчастковая медсястра Марыя Валянцінаўна Мешчановіч.
У планах аддзялення многа цікавых задумак: інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?” для пенсіянераў, мерапрыемствы да Дня сям’і, паездкі па цікавых мясцінах Астравеччыны, удзел у розных творчых конкурсах, выставах. Дзверы тэрытарыяльнага цэнтра і яго аддзяленняў шырока расчынены для людзей залатога ўзросту. Так што давайце не будзем замыкацца ў сценах сваіх кватэр, а збяромся разам, цесным сяброўскім колам, пагамонім аб надзённым, павучымся самі і павучым іншых чаму-небудзь карыснаму, зробім сваё жыццё цікавым і разнастайным. Скажам адзіноце “не”!
НА ЗДЫМКАХ: падчас экскурсіі ў Полацк; у творчай кампаніі нараджаюцца цікавыя ідэі.
Фота Аксаны Свірскай.
