"Золотая молодёжь" Островетчины встретилась с председателем райисполкома
Ужо стала добрай традыцыяй сустрэча старшыні райвыканкама з “залатой моладдзю” Астравеччыны – выпускнікамі, якія закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, а таксама – пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Яна адбываецца штогод, як правіла, напярэдадні выпускных вечароў. Але традыцыі тым і каштоўныя, што кожны раз маюць нейкія навацыі.Сёлета такой навацыяй стала не толькі новае месца правядзення – настаўнікі, вучні, іх бацькі і сябры сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”. Але і яго форма – гэтай сустрэчы далі гучную назву “Форум таленавітай і адоранай моладзі”.
Пачаўся гэты форум таксама не зусім звычайна – не з віншаванняў і пажаданняў кіраўнікоў раённай улады, а з самай сапраўднай прэс-канферэнцыі, якую школьнікі наладзілі для старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі. Пра што ён марыў у 17 гадоў і ці спраўдзіліся гэтыя мары? Ці хацеў у дзяцінстве Адам Дзмітрыевіч стаць кіраўніком раёна? Калі плануецца зрабіць капітальны рамонт у СШ №1? Колькі ў Астраўцы плануецца пабудаваць новых школ у рамках узвядзення горада энергетыкаў? Якія спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў раёне праз пяць гадоў? Ці змогуць маладыя спецыялісты, якія прыедуць у раён праз пяць гадоў (выпускнікі мелі на ўвазе, канешне ж, сябе ў недалёкай будучыні) разлічваць на атрыманне арэнднага ці якога іншага жылля? Калі на вуліцах Астраўца з’явіцца грамадскі транспарт? На гэтыя і іншыя пытанні Адам Дзмітрыевіч Кавалька адказаў максімальны шчыра і адкрыта.
А затым ад спраў будзённых удзельнікі форуму перайшлі да святочных – віншаванняў і ўручэння заслужаных узнагарод. Старшыня райвыканкама зазначыў, што ён заўсёды з вялікім задавальненнем прысутнічае на сустрэчах з лепшымі прад- стаўнікамі маладога пакалення. Ён падзякаваў за працу ім і іх настаўнікам, павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем школы, зычыў ім поспехаў на ўступных іспытах – і пажадаў, каб усе яны кваліфікаванымі спецыялістамі вярнуліся ў родны раён, дзе іх заўсёды чакаюць і рады сустрэць.
А затым з рук старшыні райвыканкама атрымалі свае першыя, важкія і надзвычай важныя ўзнагароды выпускнікі, які закончылі школу з залатым медалём: Яна Івашкевіч са Спондаўскай школы, Юлія Сцефановіч і Анжаліка Васюкевіч з Гервяцкай, Дар’я Багдановіч і Дзяніс Ігнатовіч – з Варнянскай школы, Дар’я Кранкоўская і Ілона Кунігель з СШ №1, Марыя Кардзіс, Анастасія Масальская, Гражына Махневіч і Аліна Шостак з гімназіі. Кожны медаліст у дадатак атрымаў прэмію раённага выканаўчага камітэта ў памеры 700 000 рублёў.
Прэміямі раённага выканаўчага камітэта былі адзначаны і поспехі вучняў раёна на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Іх атрымалі гімназісты Уладзіслаў Міхно, Ангеліна Пятровіч, Ілья Карповіч і Маргарыта Шаўчэнка з СШ №1, Юлія Сцефановіч з Гервяцкай, Дар’я Лукша – з Варнянскай і Анастасія Стэх з Міхалішкаўскай школ.
Словы падзякі і прэміі за сваю нястомную працу атрымалі і тыя настаўнікі, якія доўга і настойліва вялі сваіх вучняў да гэтых яркіх і важкіх перамог: Віталій Тадэвушавіч Стаціна і Ніна Тадэвушаўна Мажэйка з гімназіі, Вольга Чаславаўна Хацяновіч з СШ №1, Наталля Валянцінаўна Ярмак з Міхалішкаўскай СШ, Вольга Генрыхаўна Адула з Варнянскага НПК.

А заключным акордам гэтай урачыстай імпрэзы, насычанай пазітыўнымі эмоцыямі, стаў святочны канцэрт.
-------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.