Знакомьтесь: талантливые гимназисты!

олимпиада школьнаяПрадметныя алімпіяды ў жыцці школьнікаў і іх настаўнікаў – асаблівая падзея. Яны дапамагаюць вызначыць узровень ведаў вучняў – іх таленты і магчымасці. Як дзеці рыхтуюцца да алімпіяд і перамагаюць на іх? Пра гэта наша гутарка з пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскіх алімпіяд – вучнямі гімназіі №1.

1 Як узнікла цікавасць да алімпіяды, і з чаго вы пачынаеце падрыхтоўку да яе?
2 Якія патрабаванні да вучня прад’яўляе настаўнік?
3 У чым складальнікі вашага поспеху?
4 Што вы адчувалі, калі даведаліся пра вынікі алімпіяды?
5 Чым займаецеся пасля школы? Пра што марыце?

олимпиадница ПетровичАнгеліна Пятровіч, 11 клас, уладальніца дыплома ІІІ ступені алімпіяды па хіміі
1 Цікавасць да вывучэння хіміі ў мяне ўзнікла ў сёмым класе, калі наш настаўнік Віталь Тадэвушавіч Стаціна дэманстраваў захапляючыя доследы. Гэта было неверагодна прыгожа! А потым прачнуўся “спартыўны” інтарэс, калі захацелася самой атрымаць нейкі вынік. І ўжо ў сёмым класе я паспрабавала паўдзельнічаць у алімпіядзе па хіміі – з таго часу штогод атрымлівала прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім этапах. Можна сказаць, што цяпер канікулаў у мяне няма, але я не шкадую. Па-першае, заўсёды можна знайсці час на адпачынак, а па-другое, мне вельмі цікава займацца хіміяй. Да таго ж, пасля шматгадовага ўдзелу ў алімпіядах ужо ведаю, над чым трэба працаваць.
2 На мой погляд, настаўнік мае права нешта патрабаваць, калі ўзамен можа што-небудзь даць. Да таго ж, калі вучань не хоча паглыбляць свае веды, то няма сэнсу патрабаваць іх ад яго. Мне пашанцавала на настаўнікаў: Віталь Тадэвушавіч Стаціна, які і цяпер падтрымлівае мяне, і Таццяна Анатольеўна Круглікава – самыя лепшыя настаўнікі. Яны ведаюць пра мяне ўсё, а ў мяне выклікаюць давер.
3 Я – няўважлівая і бачу толькі тое, што хачу бачыць. Але адначасова – мэтанакіраваная. Пасля няўдачы не апускаю рукі, наадварот, мне хочацца працаваць яшчэ больш. Я – няўседлівая, не магу доўга займацца манатоннай работай. Сакрэт майго поспеху крыецца ў тым, што я не здаюся. Ніколі! А яшчэ поспех не прыйшоў бы без маіх настаўнікаў. Яны не прымушаюць мяне займацца, але робяць так, што я хачу працаваць і пазнаваць новае
4 Алімпіяда па хіміі праходзіць на працягу чатырох дзён. Увесь гэты час перапаўняюць розныя эмоцыі. Сёлета падчас аб’яўлення вынікаў я адчула расчараванне – з’явілася пачуццё, што я недапрацавала, і адначасова – жаданне пазнаваць і вучыць больш і больш.
5 Маё жыццё не абмяжоўваецца хіміяй, хаця яе вывучэнню я аддаю перавагу. У мяне хапае часу на сустрэчы з сябрамі, я іграю на гітары, наведваю курсы “Мова нанова”, нарэшце, я – дэпутат маладзёжнага парламента, і гэта таксама да многага абавязвае.
Але цяпер увесь час будзе прысвечаны паўтарэнню забытага і вывучэнню новага па хіміі – наперадзе рэспубліканская алімпіяда. Хочацца парадаваць настаўнікаў і даказаць сабе, што я штосьці магу.
Усе мары звязаны з будучым. Хочацца паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і стаць шчаслівым, паспяховым чалавекам.

олимпиадница БогушевичЮлія Багушэвіч, 10 клас, уладальніца дыплома ІІІ ступені алімпіяды па хіміі
1 З дзяцінства я мару стаць урачом. Гэта і зразумела: калі расцеш у сям’і, дзе мама і тата – медыкі, то міжволі прымерваеш гэтую прафесію на сябе. Да таго ж у сёмым класе ў нас з’явіўся новы прадмет – хімія, якім я зацікавілася з першых урокаў. Праз год прыняла ўдзел у алімпіядзе, але прызавое месца не заняла. Няўдача стала стымулам, каб займацца больш старанна. І сёлета мне не проста пашанцавала! Гэта быў вынік старанняў, бо з 8 класа разам з Таццянай Анатольеўнай Круглікавай мы мэтанакіравана займаліся.
2 Настаўнік ні ў якім разе не павінен прымушаць – вучань сам павінен імкнуцца да ведаў, слухаць настаўніка і выконваць яго патрабаванні. У алімпіядзе па хіміі вялікае значэнне мае практычнае заданне, якое трэба выконваць: штосьці прапусціў – і нічога не атрымаецца.
3 Мне здаецца, што я – мэтанакіраваная. Кожны вечар рашаю задачы, рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання, выконваю дамашнія заданні – веды ў жыцці лішнімі не будуць. А яшчэ я – таварыская. Гэта дапамагае знаходзіць агульную мову з аднакласнікамі, сябрамі і настаўнікамі. А мой поспех залежыць ад маіх старанняў і ад працы з настаўніцай.
4 Канешне, я ўзрадавалася! Для мяне прызавое месца на абласной алімпіядзе – вялікі поспех. А таксама стымул ісці далей і працаваць на вынік.
5 Пасля школы стараюся адпачыць. Люблю пагуляць у валейбол, а потым вучу ўрокі, чытаю, займаюся хіміяй. Мара стаць урачом засталася – я нават яшчэ больш умацавалася ў сваім рашэнні: сплю і бачу сябе стаматолагам. Спадзяюся, што так і будзе.

олимпиадник МолочкоАндрэй Малочка, 11 клас, уладальнік дыплома І ступені алімпіяды па геаграфіі
1 У кожнага свой шлях у алімпіядны рух. Аднак у большасці ўсё пачынаецца з любімага прадмета. У дзяцінстве бацькі падарылі мне энцыклапедыю “Краіны свету” – і я зразумеў, што ў кнігах схавана шмат цікавай і карыснай інфармацыі. Геаграфія захапіла, асабліва калі пачалі вывучаць гэты прадмет у школе. У алімпіядах удзельнічаў з сярэдніх класаў. А ў дзясятым “прайшоў” на вобласць. Дыплома, праўда, не атрымаў, але веды засталіся. А яшчэ – уражанні. Мне не вельмі спадабалася маё выступленне, і я вырашыў даказаць – у першую чаргу – сабе, што чагосьці варты. І пачаў займацца – шмат чытаў, працаваў з педагогамі…
2 Настаўнік павінен патрабаваць, але лепш калі ён будзе накіроўваць і падказваць. А складнікамі перамогі на алімпіядзе з’яўляюцца праца вучня – працэнтаў на 90 – і яго талент.
3 Я вяду здаровы лад жыцця і займаюся спортам. А яшчэ я мэтанакіраваны і не баюся цяжкасцей. Калі яны ўзнікаюць – стараюся пераадольваць. Бываю несур’ёзным – магу пажартаваць і нават пасмяяцца на ўроках. Я не выдатнік, на жаль.
“Віноўнікамі” майго поспеху з’яўляюцца ў тым ліку і настаўнікі: Аляксандр Іванавіч Пілецкі, Ганна Яўгенаўна Андралойць і многія іншыя. А таксама Ларыса Леанідаўна Кетрыс – яна дапамагала ў арганізацыі сустрэч з таленавітымі педагогамі, якія дапамагалі рыхтавацца да алімпіяды. Усім ім я ўдзячны.
4 Для мяне перамога стала нечаканасцю. Я, канешне, спадзяваўся, што атрымаю дыплом другой ці трэцяй ступені – але не першай. Прайсці ўсе алімпіядныя іспыты было складана, бо алімпіяда па геаграфіі ўключае веды па біялогіі і геалогіі, гідралогіі і хіміі, астраноміі і іншых навуках. А яшчэ адчуваецца псіхалагічны прэсінг: цябе акружаюць дзясяткі таленавітых юнакоў і дзяўчат – і кожны з іх марыць стаць лепшым.
5 Люблю праводзіць час у сацыяльных сетках. Аднак у мяне хапае часу і на рэальныя стасункі з сябрамі, і на прагляд цікавых кінафільмаў, і на ўрокі. Канешне, я мару паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Аднак мая спецыяльнасць не будзе звязана з геаграфіяй, таму сур'ёзна рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання.

олимпиадник ПетрулевичАртур Петрулевіч, 11 клас, уладальнік дыплома ІІІ ступені алімпіяды па астраноміі
1 З пятага класа я ўдзельнічаў у алімпіядах. Спачатку па прадмеце “Чалавек і свет”, потым – па працы і фізіцы. У 9 і 10 класах “замахнуўся” на вобласць, але прызавога месца не заняў. А сёлета – пашанцавала: на алімпіядзе па астраноміі атрымаў дыплом ІІІ ступені. Падрыхтоўку да алімпіяды пачынаў з рашэння задач. Чытаў дадатковую літаратуру і займаўся з настаўнікам. Шмат залежала і ад самастойнай работы. Чамусьці я больш увагі ўдзяляў складаным тэмам, а простыя ўпусціў – а яны таксама былі ў алімпіядных заданнях. Адсюль і трэці вынік – магло б быць лепш.
2 Настаўнік павінен даваць веды і правяраць, як вучань іх засвоіў. Галіна Віктараўна Внуковіч прапаноўвала мне літаратуру, давала заданні, а я стараўся ўсё выконваць.
3 Не люблю сябе хваліць, але мне здаецца, што я – мэтанакіраваны, адказны і начытаны.
А мой поспех на алімпіядзе крыецца ў тым, што астраномія – гэта частка фізікі. І шматгадовы вопыт вывучэння фізікі, удзел у алімпіядах па гэтым прадмеце дапамог мне і па астраноміі.
4 Было нечакана і вельмі радасна. Па рэйтынгу раённай алімпіяды я быў дваццатым па набраных балах. Калі ехаў на алімпіяду, думкі аб перамозе час ад часу з’яўляліся, але ў добры зыход гэтага пачынання не верылася. Сёння я ўпэўнены, што шанс ёсць заўсёды, трэба толькі працаваць.
5 Пасля ўрокаў наведваю факультатывы, рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання – збіраюся здаваць рускую, англійскую мовы і матэматыку, каб паступіць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Хацелася б атрымаць добрую адукацыю, каб стаць запатрабаваным спецыялістам. А магчыма, і стварыць штосьці такое, што зменіць ход гісторыі.

олимпиадница КусойтьАліцыя Кусойць, грамата па грамадазнаўству
1 З прафесіяй я вызначылася ў 12 гадоў. Як і многія дзяўчынкі, спачатку марыла быць спявачкай, потым – урачом, а затым зразумела, што хачу быць палітолагам ці эканамістам. А паколькі для паступлення на гэтыя спецыяльнасці неабходна здаваць англійскую мову і грамадазнаўства, стала ўсур’ёз займацца гэтымі прадметамі.
У раённай алімпіядзе па грамадазнаўству ўдзельнічала ўпершыню – і адразу ж “прайшла” на вобласць. Вельмі ўзрадавалася. Канешне, атрымаць вынік без дапамогі настаўніка складана. На маю думку, 50 працэнтаў поспеху вучня залежыць менавіта ад педагога.
2 Канешне, настаўнік павінен патрабаваць, бо ў школьнікаў ёсць такі недахоп, як лянота, – менавіта яна не дазваляе атрымліваць добрыя веды і перамагаць на алімпіядах ці ў конкурсах. Настаўнік накіроўвае, а вучань – вучыць, вучыць і яшчэ раз вучыць.
3 Я – мэтанакіраваная і адказная, а таксама – таварыская. У мяне шмат сяброў, і я заўсёды гатова прыйсці ім на дапамогу.
Сакрэт майго поспеху ў тым, што я мэтанакіраваная. У наступным годзе мару заваяваць прызавое месца на алімпіядзе і “прайсці” на рэспубліку. Аднак галоўнае для мяне – атрымаць веды па любімым прадмеце.
4 Спачатку я не магла паверыць, што мае веды былі так высока ацэнены – часу на падрыхтоўку было няшмат. Я вельмі ўдзячна маёй настаўніцы і бацькам, якія падтрымлівалі і дапамагалі.
5 У вольны час я займаюся ў танцавальным гуртку “Нон-стоп”, аднак шмат часу прысвячаю вывучэнню англійскай мовы і грамадазнаўству. А таксама дапамагаю маме, гуляю з малодшым братам Эвальдам і спадзяюся, што ў будучым бацькі змогуць мной ганарыцца.

Яны такія розныя і такія падобныя адначасова. Кожны з іх – асоба, якая ведае, да чаго імкнецца і што хоча ад жыцця. Няхай жа іх мары і жаданні спраўдзяцца!

---------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.