Знакомьтесь: солнечная мама Светлана Мальдис!

мама МальдисСа Святланай Станіславаўнай Мальдзіс я была знаёма падчас сваёй работы ў школе. На той час яна працавала ў метадычным кабінеце аддзела адукацыі і курыравала выкладанне прадметаў у пачатковых класах школ раёна. Такія ж абавязкі былі ўскладзены і на мяне – толькі ў Гудагайскай сярэдняй школе, і мы часта кантактавалі. Сустракаліся і падчас маёй журналісцкай працы. А нядаўна яна адкрылася для мяне з іншага боку – як МАМА: мама малышоў-пачаткоўцаў, амаль дарослага сына Уладзіміра і дачушкі Соф’і, прыёмная мама для Андрэя і “мама на гадзіну” – аказваецца ёсць у нас і такія.

Класная МАМА


Святлана не марыла быць настаўніцай. Так склаліся абставіны, што пасля заканчэння васьмі класаў яна нечакана для самой сябе вырашыла паступаць у Лідскае педагагічнае вучылішча.

– У мяне было звычайнае савецкае дзяцінства: піянеры, лінейкі, патрыятычнае выхаванне… Усё па загадзя спланаваным парадку, – успамінае Святлана Станіславаўна. – І мне гэта падабалася. А потым захацелася самастойнасці – і я вырашыла паступаць пасля базавай школы.

Святлана з адзнакай закончыла школу, і пры паступленні яе чакала толькі субяседаванне. Праўда, яго правядзенне выклікала ў дзяўчыны неадназначныя эмоцыі.

– Спачатку нам далі кантрольную работу па матэматыцы, а потым мы пісалі дыктант, – расказвае Святлана. – Я і да гэтага часу помню словы, якія там былі, – у выніку мне давялося потым напісаць яшчэ і слоўнікавы дыктант, пасля якога мяне залічылі ў педвучылішча.

Усведамленне, што такое самастойнасць і дарослае жыццё, прыйшло ў першыя дні верасня – тады будучых педагогаў адправілі на бульбу.

– Села – і плачу, – усміхаецца Святлана Станіславаўна. – Праўда, слёзы цяклі нядоўга. Група ў нас была добрая. А якая цудоўная класны кіраўнік! Мы і да гэтага часу падтрымліваем з ёй стасункі і, як у гады вучобы, яна называе мяне “Сонейкам”.

А калі ў педвучылішчы пачалася практыка, маладая настаўніца зразумела, што абраная прафесія ёй падабаецца. З такім жа імпэтам і стараннасцю яна ўзялася за працу ў роднай сярэдняй школе №1.

14 гадоў, праведзеных побач з самымі маленькімі дзеткамі, якія толькі пачынаюць пазнаваць свет, проста так не прайшлі, яе зацікаўленасць у развіцці дзіцяці бачна і цяпер.

А потым Святлане Станіславаўне давялося змяніць месца працы: з-за недахопу дзяцей яна не набрала клас і ёй прапанавалі выкладаць фізічную культуру. А праз год тагачасная загадчыца метадычнага кабінета Ларыса Леанідаўна Кетрыс прапанавала педагогу перайсці ў метадычны кабінет – Святлана Станіславаўна згадзілася.

– Па праўдзе кажучы, калі б я туды не трапіла, то і тут – маю на ўвазе дом, – напэўна б, не сядзела. Мне падабалася працаваць у школе. І новая работа, у большасці сваёй з дакументацыяй, стала штуршком, каб змяніць сваё жыццё.

Проста МАМА


– Замуж я выйшла па сённяшніх мерках дастаткова позна, – расказвае Святлана Станіславаўна. – З будучым мужам пазнаёмілася, калі ён зайшоў да нас рамантаваць тэлевізар. А праз паўгода мы ажаніліся – відаць, лёсам было наканавана чакаць Валеру.

мама Мальдис1Сёння ў сям’і Мальдзіс падрастаюць сын Валодзя і дачушка Соф’я. Вову – ужо 16, ён вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным палітэхнічным каледжы і плануе звязаць сваё прафесійнае жыццё з камп’ютарамі.

– Сярэдні бал за 9 класаў у сына быў 8,3, таму паступіў ён лёгка. Цяпер Вова – стараста групы, член прафкама. За гэты год паўдзельнічаў у алімпіядах па чатырох прадметах – і на ўсіх заняў прызавыя месцы. Словам, вучыцца яму падабаецца.

Да выбару прафесіі хлопец падышоў сур’ёзна і абдумана. Праўда, спыняцца на сярэдняй спецыяльнай адукацыі ён не збіраецца – марыць паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт гульнявых тэхналогій: з дзяцінства Вова захапляўся камп’ютарнымі гульнямі. Ён і цяпер актыўна гуляе ў “Дота”, марыць стварыць сваю каманду і выйграць міжнародны турнір.

А малодшая Соф’я вучыцца ў 4 класе і пакуль што толькі шукае сябе.

– Мы танцавалі, хадзілі на гурток па выяўленчым мастацтве, збіралі фарфоравых лялек, – пералічвае Святлана Станіславаўна захапленні сваёй дачушкі, якія тая падзяляе з матуляй.

– А яшчэ я люблю плесці з гумак, – дэманструе дзяўчынка спецыяльны станок і вялікую скрынку са сваімі вырабамі.

Трэба сказаць, што фантазія ў дзяўчынкі яшчэ тая – чаго толькі ні напляла яна з гумак, якіх у яе нават не сотні – тысячы!

Дарэчы, фантазіяй і творчай жылкай у сям’і Мальдзіс не абдзелены ніхто. Трэба толькі бачыць, які трактар змайстраваў тата Валера! А якія забаўляльныя праграмы рыхтуюць у гэтай сям’і да дзён нараджэння і каляндарных святаў – тады дом пераўтвараецца ў тэатр з самаробнымі дэкарацыямі, а ўдзельнікі ўрачыстасцей становяцца героямі школ “прынцэс” ці “шпіёнаў”, трапляюць у акружэнне “піратаў” ці на вечарыну творчасці. Конкурсы і самапечаны торт, цікавая праграма, якая заканчваецца ўручэннем дыпломаў, пасведчанняў і падарункаў – усё гэта жыве не толькі ў памяці сямейнікаў, але і на фотаздымках, якіх у Мальдзісаў не адна сотня.

Прыёмная МАМА


У лістападзе 2013 года ў Мальдзісаў з’явілася трэцяе дзіця – дзесяцігадовы Андрэй.

– У 2012 годзе тагачасны кіраўнік Варнянскага сацыяльнага прытулку Алена Іванаўна Змітровіч удзельнічала ў праекце па сістэме “Прайд”, а потым праводзіла заняткі з усімі жадаючымі спасцігнуць моманты выхавання, навучыцца будаваць узаемаадносіны з дзецьмі. Прыняць удзел у іх вырашыла і я. Такое рашэнне было прынята найперш для ўнутранага развіцця – гэтаму не вучаць ва ўніверсітэтах і інстытутах.

На заняткі Святлана адправілася разам з мужам. І нягледзячы на тое, што сістэма выхавання, якой вучылі ўдзельнікаў праекта, амерыканская, многія цікавыя моманты з яе Мальдзісы ўзялі ў сваю сям’ю.

– Некалькі разоў падчас заняткаў мы былі ў прытулку. А аднойчы Алена Іванаўна расказала мне пра Андрэя – і я стала рыхтаваць мужа да сустрэчы з хлопчыкам. Валера заўсёды мяне падтрымліваў. І неўзабаве ў нашым доме з’явілася яшчэ адно дзіця.

Размову пра тое, каб узяць у сям'ю Андрэя Святлана Станіславаўна пачала з мужам у верасні, – а ўжо ў лістападзе ўсе дакументы былі аформлены – і хлопчык перасяліўся ў дом Мальдзісаў.

– Канешне, мы расказалі пра ўсё сваім дзецям – і рашэнне ўзяць Андрэя ў сям’ю прымалі разам. Вова на той час быў падлеткам, Соф’я – меншая, аднак яна больш за ўсіх чакала з’яўлення Андрэя ў нашым доме, – расказвае прыёмная мама. – Мы праходзілі медыцынскую камісію, каб прыняць новага члена сям’і, рыхтавалі дом.

– Мне вельмі хацелася, каб мяне забралі ў сям’ю, – сарамліва расказвае Андрэй. – Спачатку мяне ўзялі на выхадныя – яны праляцелі імгненна, і я вярнуўся ў прытулак. І мне стала страшна, што я тут застануся. Але вельмі хутка цёця Света забрала мяне назаўсёды.

– Страшна было ўсім, – удакладняе Святлана Станіславаўна. – Андрэю ж, напэўна, найбольш складана.

Асаблівасць выхавання ў прытулку адрозніваецца ад сямейнага тым, што дзеці там жывуць на ўсім гатовым. У сям’і ж Мальдзісаў давялося жыць па іншых правілах.

– З дзяцінства мы прывучаем дзяцей да самастойнасці і да працы. І ў нашым доме работа не дзеліцца на жаночую і мужчынскую. Дзеці прыбіраюць у сваімі пакоі, дапамагаюць гатаваць ежу, у іх ёсць абавязкі па дому – і мы патрабуем абавязковага іх выканання.

мама Мальдис3МАМіны традыцыі


– Мне хацелася б, каб дзеці ўзялі з нашай сям’і ўсё самае лепшае ў свае будучыя сем’і, – гаворыць Святлана Станіславаўна.

А традыцый – сямейных, цёплых і цікавых, – у доме Мальдзісаў і сапраўды многа. Напрыклад, на заканчэнне навучальнага года тут заўсёды ладзяць свята з шашлыком. На пачатак новага навучальнага года на святочным стале з’яўляецца вялікі кавун і марожанае. А кожнае лета сям’я адпраўляецца на веласіпедную прагулку ці на рыбалку. Калі ж выпадае першы снег, тата з дзецьмі лепяць снегавіка.

Шмат увагі надаюць і духоўнаму выхаванню – у нядзелю ўсе разам наведваюць касцёл, пасля якога сям’я збіраецца на святочны абед, за якім абмяркоўваецца пражыты тыдзень і плануецца наступны. А заканчваецца абед сумесным праглядам цікавай перадачы ці фільма, які выбірае адзін з членаў сям’і.

– У гэтым годзе Андрэй запісаўся ў вучні міністрантаў – гэта было цалкам яго рашэнне, і я вельмі ганаруся такім выбарам, – расказвае Святлана Станіславаўна. – Мне прыемна, што Андрэй пераймае нашы традыцыі. На ўсе святы мы абавязкова рыхтуем самаробныя падарункі і потым дорым іх сваім родным і блізкім.

– Са школьных прадметаў мне больш за ўсё падабаецца праца. Цяпер мы выразаем па дрэву – вельмі цікава і прыгожа атрымліваецца, – дэманструе Андрэй падарунак, які ён зрабіў уласнымі рукамі для цёці Светы.

мама Мальдис2МАМА на гадзіну


Догляд за дзіцём, арганізацыя і правядзенне з ім развіваючых гульняў, падрыхтоўка да школы, чытанне кніг, заняткі па маляванні, развіцці мовы, пісьму і матэматыцы – гэтыя і многія іншыя паслугі аказвае Святлана Станіславаўна па дамоўленасці з бацькамі. Справа ў тым, што нядаўна яна стала так званай “мамай на гадзіну”, якая дапамагае бацькам у навучанні і выхаванні іх дзяцей.

мама Мальдис423-гадовы вопыт работы, вышэйшая педагагічная адукацыя, а таксама камфортныя ўмовы: наяўнасць гульнёвага цэнтра, у які ўваходзіць батут, дзіцячая горка, сухі басейн, палатка з тунэлем – малышам ёсць чым заняцца.

– Мне падабаецца працаваць з маленькімі дзецьмі, – расказвае Святлана Станіславаўна. – Яны – цікавыя і няўрымслівыя, не ўмеюць хлусіць і адносяцца да мяне, як да мамы. Прытуліцца – і мамай назаве. Гэта так прыемна.

Яна – сапраўднае сонейка: нездарма ж прырода ўзнагародзіла Святлану Станіславаўну вогненна-рыжымі валасамі. Яе жаданне дапамагчы ўсім, адагрэць свет сваімі клопатам і ўвагай бачны з першага погляду. Яна не можа сядзець на месцы, увесь час знаходзіцца ў пошуку нечага новага, што зробіць маленькага чалавека асобай. І галоўнае – з надзеяй глядзіць у будучыню, таму што побач – сям’я, якая падтрымае і зразумее сваю любімую і дарагую маму-сонейка.

Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Мальдзіс.