"Жыццё без рэтушы". Як забівалі каханне

Гісторыі кахання, расказаныя жанчынамі, – вельмі падобныя і зусім розныя
Гiсторыя бабы Веры

Гэтыя гісторыі кахання, якія расказалі мне ў хвіліну шчырасці чатыры самыя розныя жанчыны – па ўзросту, па светаўспрыняццю, па жыццёвым і сямейным вопыце, – усё ж вельмі падобныя. Падобныя адным: у душы кожнай з гэтых жанчын, аднойчы ці сістэматычна, забівалі каханне – жорстка, бязлітасна, безнадзейна… Забівалі ў літаральным сэнсе гэтага слова. Тыя, каго гэтыя жанчыны моцна, самааддана, да самазабыцця кахалі.
Такіх гісторый можна было б прывесці нашмат больш. Але нехта раскрываў сваю душу з адной умовай: не для друку! Іншыя пагаджаліся, каб я напісала пра пражытае і перажытае імі, – пасля аргумента, што для некага іншага, хто і зараз трывае і маўчыць, іх горкі вопыт можа стаць навукай, ці, магчыма, нават уратуе ад непапраўнага. Але ўсё роўна прасілі змяніць імёны і дэталі. Каб не пазналі…
Гэтым жанчынам сорамна… За што? За тое, што трывалі, што дазволілі так з сабой абыходзіцца. А некаторыя і зараз лічаць, што яны самі – а не тыя, хто адносіўся да іх горш, чым да жывёлы, – вінаватыя ў тым, што адбылося: справакавалі, не папярэдзілі, не дагадзілі…
Так, гэтыя гісторыі ў многім падобныя. І разам з тым яны вельмі розныя. Розныя ў тым, што рабілі затым жанчыны са сваім забітым каханнем: знаходзілі яны ў сабе сілы ўзняцца над ім і над тымі, хто яго забіў, каб захаваць сваю жаночую і чалавечую годнасць, – ці лічылі за лепшае пахаваць разам з мёртвым каханнем, у адной труне, свой гонар, надзеі на шчасце і па вялікаму рахунку – уласнае жыццё…
Чатыры такія розныя і такія падобныя гісторыі… Нічога адметнага ў іх няма – звычайныя жыццёвыя драмы звычайных жанчын.
І ў гэтай будзённасці – іх трагізм…
– Ці кахала я свайго мужа? Дзетанька мая, ды якое там каханне? Мы пасля вайны слова такога не зналі – шукалі, каб чаго з’есці, бо голад быў страшэнны. А ўборы – якое там, было б чым сорам прыкрыць. У нас на вайне бацька загінуў, маці хворая, нас, дзяцей, трое, я – старэйшая, не да пагулёнак было.
Хаця на вячоркі хадзілі, а як жа – тыя, хто багацей жыў, хто меў што адзець-абуць. Я дык саромелася… Куды мне, у чым? Саматканая кашуля, саматканая спадніца… Але замуж хацелася – як і ўсім. І дзетак хацелася… У дзеўках застацца – у тыя часы гэта сорам вялікі быў, ганьба – нікому, маўляў, непатрэбная. Гэта зараз жанчыны лічаць, што яны без мужыкоў яшчэ лепш пражывуць, чым за імі. А замуж усё роўна хочуць – бо дзетак жа трэба нараджаць, без дзіцяці жанчына нібы і не жанчына, так, пустацветам адкрасавалася – і звяла, ніякага працягу свайго на зямлі не пакінула…
Да мяне Мікалай пасватаўся. Таксама сіраціна, толькі яшчэ большы, чым я – у яго маці памерла. А нездарма ж людзі кажуць: “Матка памерла – бацька аслеп”. Не да дзяцей яму было, самі раслі, як гарох пры дарозе. А Мікалай да таго ж яшчэ і калечка, кульгавы на правую нагу. Вядома ж, каторая з багацейшых ды за добрымі бацькамі за яго б не пайшла. Вось ён і прыйшоў да мяне. Пабраліся – голы з босым.
Вось ты зноў пра каханне… Ды і не думала я ніколі, ці кахаю я яго, ці не! Шкадавала, так: дасталася яму ў жыцці, сербануў гора па поўніцы. І шанавала – за тое, што працавіты быў, рукі залатыя меў. Усё мог зрабіць: і хату скласці, і печку зляпіць, і боты пашыць. Гэта добрай падмогай было, бо ішлі да яго людзі: аднаму тое трэба зрабіць, другому – гэтае. Усё ж капейка ў хату. А яна ніколі лішняй не была, бо дзеткі, як гарох, пасыпаліся, адно за адным, ажно пяцёра – іх карміць, адзяваць-абуваць трэба.
Але з-за яго залатых рук не толькі грошы ў хаце завяліся, але і бяда. Папіваць стаў мой Мікола – многім было прасцей і дзешавей з ім бутэлькай разлічыцца, чым грошы плаціць. А як напіваўся мой мужык, то проста шалёным станавіўся. Я ўсё думаю: мусіць, у яго тады з галавой нешта рабілася? Бо не можа ж нармальны чалавек без дай-прычыны шалёным зверам зрабіцца? Я ці дзеці, як толькі ўбачым здаля, што п’яны дахаты вяртаецца – а гэта мы ўжо па хадзе яго вызначалі, – нажы ды сякеры хаваем, бо ад яго тады ўсяго можна чакаць. Во гэты рубец бачыш? Гэта ён мяне нажом паласнуў. Добра, што неяк крутанулася, дык толькі край пляча зачапіў… А старэйшы сын тады ў яго той нож – вялікі такі, паляўнічы – выхапіў, прама за лязо, сухажыллі на пальцах сабе перарэзаў, з-за гэтага яго потым не ўзялі ў ваеннае вучылішча, а так марыў хлопец… А вось тут, на галаве, шрам – гэта ён у мяне на галаве бутэльку з гарэлкай разбіў. Закамандаваў сярод ночы: “Дзе хочаш вазьмі, а прынясі паўлітру”. Пайшла я да суседкі, выпрасіла. Прынесла – а ён той бутэлькай мне па галаве… Шчасце яшчэ, што на грабеньчык папала. Грабеньчык колішні быў, касцяны, моцны – бутэлька разбілася. Я стаю, з галавы кроў і самагонка цякуць, з валасоў шкло сыплецца, паўночы яго з валасоў вычэсвала…
Біў ён мяне, моцна біў. Колькі разоў з дзецьмі голыя-босыя з хаты ўцякалі – і не злічыць. І ў мароз, і па снезе, і пад дажджом… Няма ў вёсцы той хаты, куды б мы не прасіліся на начлег, няма той адрыны ці хлява, дзе б не хаваліся… Да гэтага часу не разумею, як жывая засталася ды не скалечаная. Бог, мусіць, мяне, сіраціну, сцярог, бо больш не было каму бараніць…
Хаця чаму ж не скалечаная? Рукі-ногі мае не раз перабітыя – толькі пазрасталіся ўжо, дзе роўна, дзе няроўна, але ж хаджу, лыжку трымаю – і за тое дзякуй богу. І хваробы сённяшнія – адкуль яны? А страх? Яго ўжо восем гадоў няма, а да гэтага часу скрозь сон прахопліваюся ў ліхаманцы: Мікалай п’яны дахаты ідзе! Кіно гэтае, дзе бойкі і кроў, глядзець не магу, адразу тэлевізар выключаю: як тыя, што здымаюць такое, не разумеюць, як баліць чалавеку, калі яго б’юць? А ў іх усё лёгенька: змалацілі на горкі яблык – а ён падняўся, пайшоў, як нічога не было…
Чаму жыла, чаму не разышлася? Дзетанька, ды пра што ты пытаеш?! Гэта ж у вас, маладых, сёння ўсё проста: сышліся, разышліся… А раней, ды яшчэ ў вёсцы жывучы... Куды б я пайшла са сваімі пяццю дзецьмі? За што б жыла? Паехаць з вёскі? А дзе каму я трэба, спецыяліст такі – калгасны палявод.
Ды і не адна я такая – у вёсцы ў рэдкай хаце муж жонку не біў. У наш час гэта лічылася нармальным: яго жонка, што хоча, тое і робіць. Але Мікалай асабліва знушчаўся з нас. Хто сэрца меў, шкадаваў мяня, але дапамагчы ніхто не спрабаваў – каму ж хочацца ў чужую сям’ю лезці? Няўдзячная гэта справа… Усе моўчкі глядзелі, як ён нада мной ды дзецьмі здзекуецца. Хто спачуваў, хто пасмейваўся, а хто і падводзіў – на такіх я крыўду на ўсё жыццё маю, хоць і кажуць, што грэх гэта, што дараваць трэба. А я, грэшная, не магу: як успомню, колькі гора прыняла з-за злых жартаў яго сябрукоў, дык і сёння слёзы на вочы наварочваюцца.
Мікалай жа мой да ўсяго раўнівы быў – не прывядзі гасподзь! Я так думаю, непаўнацэннасць сваю з-за той кульгавай нагі адчуваў. А я, як дзяцей нарадзіла, паспраўнела, пахарашэла… Хоць я яго ніколі не папракнула, слова благога не сказала, але ж у яго, мусіць, недзе ўсярэдзіне жыло, што ён не такі, як усе… Вось некаторыя дружбакі гэтым і карысталіся. Любілі пазабаўляцца: чарку нальюць – і на вушка: маўляў, пакуль ты ў заробках у суседняй вёсцы быў, да тваёй Веркі той і той захаджваў. А потым – канцэрт на ўсю вёску: Мікалай зноў сваіх па вёсцы ганяў…
Дзеці, калі павырасталі, сталі ўгаворваць: “Кідай, мама, ты яго – колькі можна трываць такія здзекі? Пажыві ты хоць апошнія гады ў спакоі”. Я ўжо было і пагадзілася, сабралася паехаць жыць да малодшай дачкі. Ды ён захварэў моцна – рак. Не кінеш жа аднаго, хворага, паміраць у пустой хаце… Дагледзела да смерці.
Зараз вось з дачкой жыву. Як нанова на свет нарадзілася! Цяпер толькі б жыць і жыць – ды часу не засталося. Восемдзесят мне ўжо амаль, без аднаго года… Час і мне збірацца…
Ці хацела б на тым свеце з Мікалаем сустрэцца? Барані бог! Я на гэтым, як у пекле, пражыла, спадзяюся, што на тым, калі ён ёсць, чаго лепшага заслужыла.



Гiсторыя Тамары

У маім жыцці было два самыя шчаслівыя дні. Першы – калі я выходзіла замуж за свайго каханага Андрэйку. Другі – калі мы з ім разышліся… І паміж імі – жыццё даўжынёй у дваццаць тры гады…
Як я яго кахала, расказаць немагчыма – мне здаецца, слоў такіх яшчэ не прыдумалі. Я жыла ім, я ім дыхала, для мяне ўвесь свет заключаўся ў ім адным. Цяпер я разумею, што так кахаць – да самазабыцця, да страты ўласнага “Я” – нельга. Тады ж гэта здавалася натуральным. Я была шчаслівая, што ў мяне ёсць самае вялікае, на мой погляд, шчасце ў жыцці – маё каханне. І што гэтае каханне – узаемнае. Так, Андрэй таксама мяне кахаў. Мне здаецца, што ён і зараз мяне кахае. Па-свойму…
Першы раз ён мяне ўдарыў… Ну, мы тады былі ўжо жанатыя гадоў дзесяць, дваіх дзетак гадавалі, сына і дачку. У той вечар ён прыйшоў дахаты раззлаваны, ды яшчэ нападпітку… А я вячэру да яго прыходу не паспела прыгатаваць – са школы позна вярнулася, потым маці адной з вучаніц патэлефанавала – не пакладзеш жа трубку, калі чалавек пра дзіця сваё распытацца хоча. Але я нават растлумачыць яму нічога не змагла: Андрэй зайшоў на кухню, убачыў, што я яшчэ толькі абіраю бульбу, – і заляпіў аплявуху. Без слоў. І пайшоў у спальню.
Я выцерла слёзы і прыгатавала вячэру. Паклікала яго есці – ён не выйшаў. Праплакала ўсю ноч: за што ён так са мной? У чым мая віна?
Думала, ранкам з ім пагавару, але ён гэтак жа моўчкі пайшоў на работу. А вечарам прыйшоў як ні ў чым не бывала: вясёлы, пяшчотны… Ну, я палічыла, што ён сам зразумеў, што паступіў няправільна. А чалавек ён горды, прабачэння прасіць не хоча – загладжвае віну такім вось чынам. І павялася на яго гульню: на жарты адказвала жартамі, на пяшчоту – пяшчотай, нібы і не было напярэдадні той аплявухі, нібы і не плакала я ўсю ноч.
Чаму я так лёгка даравала тую першую абразу? Ведаеце, я вырасла ў сям’і, дзе бацька з намі асабліва не цырымоніўся, біў маці часта і густа, ды і нам, дзецям, перападала. Мы, як падраслі, стараліся яе абараніць – хоць гэта была хутчэй маральная падтрымка, чым абарона. І канешне ж, мы ўсе, тры сястры, былі ўпэўнены, што ў нашых сем’ях такога не будзе ніколі! Але, напэўна, гэтая рабская пакорлівасць жанчыны перад мужчынам была закладзена ў нас недзе на ўзроўні падсвядомасці. Ці мо нават генаў? Бо як інакш растлумачыць, што ні ў адной з нас не атрымалася такой сям’і, пра якую мы марылі ў дзяцінстве, хоць кожная выходзіла замуж па вялікім і ўзаемным каханні? Напэўна, гэтая наша гатоўнасць усё дараваць і падпарадкоўвацца была бачна нават старонняму. Ці інфармацыя аб ёй распаўсюджваецца нейкім іншым чынам: думкамі – яны, як зараз гавораць, матэрыяльныя? Ці якімі флюідамі? Ва ўсякім выпадку, на кожную з нас траіх мужы падымалі руку, хоць усе яны па натуры былі не жорсткія, не злосныя людзі. Часам у мяне ўзнікае крамольная думка: можа, у некаторых людзей на твары напісана, што іх можна беспакарана крыўдзіць? Было напісана… У сясцёр жыццё па-рознаму склалася. Але я не буду пра іх, я – пра сябе…
…Я лічыла, што пасля таго, першага, разу Андрэй усё зразумеў – і такога больш ніколі не паўторыцца. Але паўтарылася, і вельмі хутка. Прычыны другой аплявухі я ўжо нават не памятаю. Зрэшты, як і наступных – яны сталі рэгулярнымі. То сарочка ў час не адпрасавана, то над сшыткамі сяджу доўга замест таго, каб ісці спаць…
Ну канешне, мне гэта не падабалася – каму можа спадабацца, калі яго зневажаюць? Я нават спрабавала пагаварыць з Андрэем аб гэтым. Але ён то пераводзіў усё ў жарт, то спісваў на тое, што быў п’яны – не памятае нічога. А ў чарговы раз у адказ на маё: “Што ты робіш, Андрэй? За што ты са мной так?” – гыркнуў так, што я зразумела: чарговым адказам стане аплявуха – навошта нарывацца?
Пры гэтым не магу сказаць, што мы жылі дрэнна. На людзях мы былі амаль што ідэальнай сямейнай парай: ён заўсёды такі ўважлівы, клапатлівы, пяшчотны. У любой кампаніі – душа: і жартуе, і спявае… Ну і я старалася падтрымліваць імідж прыстойнай, прыгожай сям’і. Грошы ён усе – у сям’ю, у доме ўсё сваімі рукамі зрабіў – сяброўкі ад зайздрасці заходзяцца: пашчасціла ж табе, Тамарка, з мужам! І дзяцей любіць – па-свойму, канешне, але ж любіць! Яны, праўда, сталі яго баяцца, з усім-усялякім да мяне беглі. Мяне гэта, канешне, непакоіла, хацелася, каб бацька больш часу з імі праводзіў – але што я магла зрабіць? “Бывае і горш, – суцяшала я сама сябе. – Лепш такі бацька, чым ніякага”.
Я з дзяцінства была цвёрда ўпэўнена, што сям’я – гэта самая галоўная каштоўнасць у жыцці. І захоўваць яе трэба любой цаной. Любой! А рэгулярны мардабой – не такая ўжо і вялікая плата за тое, каб у дзяцей быў бацька, а я сама не насіла кляймо “развядзёнкі”, не маючы з кім выйсці “ў людзі”.
Але аднойчы гэтае маё перакананне кардынальна змянілася. У адзін момант.
…У мяне ў той дзень якраз быў дзень нараджэння. Вечарам прыйшлі сяброўкі павіншаваць. Я прасіла мужа вярнуцца дахаты раней, пасядзець з намі, ды ён спаслаўся, што шмат работы. “Пасядзеў” ён са сваімі сябрамі ці з кім яшчэ, не ведаю – дахаты прыйшоў моцна п’яны. Мае госці толькі што пайшлі, а я сяджу, кампліментамі абсыпаная, шчаслівая – з кветкамі, з падарункамі… А стол, між тым, не прыбраны, вячэра не разагрэтая… І раззлаваны Андрэй павіншаваў мяне вельмі арыгінальна: не проста заляпіў чарговую аплявуху, а ўдарыў у твар – моцна, кулаком, з усёй сваёй мужчынскай сілы. Раз, другі, трэці… Я адляцела ў кут, ударылася аб рог шафы – і страціла прытомнасць.
Апрытомнела я ад таго, што сын паліваў мяне з чайніка. Дачушка пабегла клікаць на дапамогу. Муж, спалохаўшыся ці то адказнасці, ці то майго стану, сышоў з хаты… “Хуткую” выклікалі суседзі – такім чынам міф аб нашай добрапрыстойнай сям’і лопнуў, як мыльны пухір.
Некалькі дзён я ляжала ў рэанімацыі. Глядзела ў адну кропку – і ўспамінала. Як мы хадзілі вечарам за ваколіцу слухаць салаўёў… Як ён прапанаваў мне выйсці за яго замуж… Наша вяселле… Як ён забіраў мяне з раддома… Як мы будавалі свой дом… Як пайшоў у школу наш сын… І затым – першую аплявуху, другую… І сваю маці… І сваю першую настаўніцу, якую забіў п’яны муж…
Тады і прыйшло разуменне, што сям’ю, вядома, трэба захоўваць – але не любой цаной. Што гэта цана можа быць занадта высокай. Што, калі б яго ўдар прыйшоўся на пару сантыметраў правей – сям’і нашай ужо не было б па той простай прычыне, што не было б мяне. І мае дзеці – самае дарагое, што ў мяне ёсць, – раслі б без маці? Ну, не – я не магу дапусціць, каб ў самым пачатку жыцця на іх абрынулася такое выпрабаванне. Не для таго я іх нараджала, каб яны засталіся сіротамі! Калі іх бацька лічыць, што мае права забіваць маці – не трэба нам такі бацька!
Але, нават зразумеўшы і ўсвядоміўшы ўсё, я не падала на развод, як толькі выпісалася з бальніцы – хоць зараз, па праўдзе кажучы, шкадую аб гэтым: столькі часу страчана ў марных спробах рэаніміраваць тое, што ўжо знаходзілася ў безнадзейнай агоніі! І нават прадстаўніку праваахоўных органаў, які прыйшоў да мяне ў бальніцу пацікавіцца, адкуль у мне страсенне мозгу і сінякі на ўвесь твар, сказала, што сама так няўдала ўпала: паслізнулася на мокрай падлозе і моцна стукнулася аб шафу – не хацела, каб Андрэй з-за мяне трапіў у турму.
Чаму так зрабіла? Ён слёзна прасіў прабачэння. А я… Напэўна, я яго тады ўсё яшчэ кахала. Таму і даравала – у чарговы раз…
Тады мне здавалася, што сапраўды даравала – цалкам. І ўсё ж каханне незаўважна пачало сыходзіць, выцякаць з мяне па кропельцы – як вада з трэснутага кубка… Не, цяпер ён не біў мяне. Але станавіўся ўсё больш чужым… І праз некалькі гадоў я не магла паверыць, што вось гэты чалавек, з якім нам няма пра што перамовіцца двума слоўцамі, – той самы Андрэйка, без якога я некалі не ўяўляла свайго жыцця, з якім мы маглі прагаварыць ноч навылёт – і не нагаварыцца.
Калі я сказала, што падала на развод, ён не мог паверыць і зразумець: чаму? Мы што, горш за ўсіх жывём? Не даваў згоды. На судзе нешта плёў пра дзяцей, пра ўзаемную адказнасць за тое, што адбываецца ў сям’і, – словам, гаварыў правільныя ўвогуле рэчы. Мне ж хацелася плакаць…
Мне здаецца, ён і зараз не разумее, куды падзелася тое маё каханне… Ды што там – я і сама гэта не зусім разумею.
Я думаю, што яго забілі… Забіў той самы чалавек, які мне яго падарыў…



Гiсторыя Анжэлы

– Цікава, як гэта вас да мяне ў камеру пусцілі? Суддзя дазволіў? Глядзі ты, аб усім аказваецца, можна дамовіцца… Ну і што вы хочаце ад мяне даведацца? Як я рашылася зрабіць тое, што зрабіла? Ну вось, рашылася… Ведаеце закон спружыны? Гэта калі сціскаеш спружыну – пакрысе, патрошку – і яна сціскаецца, здаецца, вельмі лёгка, бесперашкодна…. А калі сціснуць яе да самага канца – яна з сілай распрамляецца, і гора таму, хто ў гэты момант акажацца на яе шляху. Вось і я, усё маё жыццё было такой спружынай… Якую ўвесь час бязлітасна сціскалі – і якая аднойчы распрамілася…
Толькі не думайце – я ні аб чым не шкадую. Ведаеце, нядаўна тут, у камеры, мне прысніўся муж. Я прачнулася ледзь жывая ад страху: куды ўцякаць, дзе хавацца? А потым успомніла, што яго – няма, што я ў турме – і такая хваля шчасця мяне захліснула, што я нават заплакала ад радасці: ён больш не зможа мяне біць, не стане нада мной здзекавацца… Так, я ў турме – але зараз я больш свабодная, чым была паўгода назад.
…Пазнаёміліся мы ў рэстаране. Сяброўка дзень нараджэння адзначала – і мяне запрасіла. Да нашай дзявочай кампаніі хутка хлопцы з-за суседняга століка далучыліся – ветлівыя такія, культурныя… Ну, усё як звычайна ў такіх выпадках: шампанскае, кампліменты, танцы-зацісканцы… Словам, з рэстарана мяне пайшоў праводзіць дахаты Валодзя, самы прыгожы і далікатны з гэтай кампаніі.
Раман наш вельмі бурна закруціўся – як у сне. Ці як у кіно... Ён такі ўважлівы быў, галантны. А прыгажун! Высокі, шыракаплечы, дужы, чорныя валасы ўюцца да плячэй. У модных джынсах, у стыльнай скураной куртцы… Мара, а не хлопец! Сяброўкі ад зайздрасці млелі: такога хлопца Анжэлка адхапіла!
Бацькам, праўда, мой новы кавалер не спадабаўся. “Пустазвон!” – сказаў бацька пасля таго, як я яго да нас на чай запрасіла. Маці была яшчэ больш катэгарычнай: “Махляр! Языком меле безупынку, а вочкі, як у злодзея, так па хаце і шныраць… Нельга з такім звязвацца: падмане!”
Мне, канешне, крыўдна было, што маё каханне так ацанілі, але спрачацца не стала – сабе даражэй. Махнула рукой: што яны разумеюць – мінулае стагоддзе! І ўрэшце – я ўжо дарослая, мне – дзевятнаццаць гадоў! І самае галоўнае: я яго кахаю, а ён – мяне. Прычым тут увогуле бацькі? У мяне сваё жыццё!
Ад бабулі мне засталася ў спадчыну маленькая лядашчая хацінка ў вёсцы – туды мы і паехалі жыць, каб не чуць бацькоўскіх ушчуванняў. У загс мяне Валодзя не запрашаў – навошта? “Не штамп у пашпарце людзей разам трымае,” – пераконваў ён мяне. І я пагаджалася – сапраўды, ці можа паўплываць нейкая там паперка на наша каханне?!
Што ён быў двойчы жанаты і ў яго трое дзяцей у розных сем'ях і ў розных гарадах растуць, я даведалася, калі ўжо сама была цяжарная. Выпадкова даведалася – пашпарт яго ў рукі трапіўся. Спачатку была ў шоку. А потым падумала: што ўжо зараз? Ці мала чаго ў жыцці не бывае? Тым больш, што ўсе гэтыя жанчыны, дзеці – яны ж былі да мяне… А мяне ён любіць, і ў нас усё будзе інакш – па-сапраўднаму. На ўсё жыццё….
Калі ён мяне першы раз ударыў? Ды я сёння нават і не ўспомню дакладна… Мне здаецца, што так было заўсёды. Ну, не тое, каб біў моцна, а так, злёгку: аплявуху адважыць ці плескача па мяккім месцы – за тое, што на спатканне спазнілася ці сустрэчнаму ўсміхнулася. Нібыта і жартам, а на самой справе – балюча. Але тут жа пацалуе, нешта пяшчотнае на вушка пашэпча – нібы і не было нічога…
Упершыню ён пабіў мяне вельмі моцна, да страты прытомнасці, калі ўжо Ліза нарадзілася, паўгода малой было. З-за чаго? Ну, тут трэба растлумачыць… Разумееце, традыцыя ў нас пэўная ўзнікла… Калі пераехалі ў вёску, ён у калгас працаваць пайшоў, а я дома засталася: са старой работы звольнілася, а на новую нават не спрабавала ўладкавацца – хто мяне возьме, цяжарную? Валодзя сказаў: я мужчына, я і сям’ю павінен утрымліваць. А твая справа – дома сядзець і мужа з работы чакаць. І правіла такое завёў: у любы час, калі ён прыйдзе дахаты, на пліце павінен стаяць свежапрыгатаваны абед з трох страў і падагрэтая вада. Затым я павінна была дапамагчы яму памыцца, бо ні душа, ні ванны ў нашай вясковай хаціне не было, а яму заўсёды падабалася хадзіць чыстым, акуратным – і мы садзіліся за стол. Працаваў ён на трактары,таму, калі вернецца дахаты, не ведаў і сам, не тое, што я. Ну вось, гадзін з шасці вечара і часам да дзевяці-дзесяці, а то і пазней, я павінна была рэгулярна разаграваць абед і падаграваць ваду. А ў той дзень Ліза закапрызіла, зубкі ў яе рэзаліся, з рук не злазіла… Ну вось, я і прапусціла той момант, калі ён адчыніў дзверы, – а ў мяне і вада астыла, і боршч…
…Калі ачнулася ў лужыне вылітага на мяне баршчу ад плачу дзіцяці, я ўпершыню падумала: трэба кідаць яго, дабром гэта не скончыцца. Супакоіла малую, патэлефанавала сястры – тая шкадавала мяне, спачувала, бацькі ж адмовіліся ад дачкі-сваявольніцы: маўляў, хай жыве, як знае, раз нас не паслухалася. Але муж, здаецца, зразумеў, што я задумала: падышоў і сказаў – ціха так, спакойна, але ад яго спакойнага голасу ў мяне і зараз дрыжыкі па скуры:
– Толькі паспрабуй! Я цябе дзе хочаш знайду, нават з-пад зямлі дастану. А пасля таго, як знайду, ты і пяці хвілін не пражывеш.
І я зразумела, што ўсё будзе менавіта так…
Адзінае, на што я рашылася і што ён дазволіў мне зрабіць, – гэта аддаць сястры малую.
А сама… Пра тое, што я трывала, у матэрыялах крымінальнай справы запісана, можаце пачытаць, калі цікава. І пра тое, як галаву мне зашывалі, і як з адкрытым пераломам рукі ў бальніцу трапіла, і як заражэнне крыві пайшло з-за таго, што я лязом сабе на назе вышэй калена слова непрыстойнае выразала... Я што вы здзіўляецеся – так, сама выразала! Ён так загадаў, каб спадніцы кароткія не насіла, каб чужыя мужыкі на мае каленкі не заглядваліся, а калі раптам уздумаю надзець, дык каб усе адразу ведалі, хто я такая… Вы што, думаеце, калі б ён сам на мне гэтае слова выразаў, мне б менш балела? Ён бы ўжо па-сапраўднаму, да касцей, крамсаў, а я сама на сабе – так, злёгку… Вось толькі заражэнне потым пайшло, гоілася дрэнна. І шрамы на ўсё жыццё засталіся – але ж ён гэтага і хацеў.
Ці спрабавалі мяне абараніць? А каму тут, у глухой вёсцы? Бабка па суседству жыве, аднойчы ўбачыла, як ён мяне гумовым шлангам біў, – крычаць стала, на дапамогу клікаць, дык ён і яе перацягнуў па спіне. Болей і яна не спрабавала заступіцца. Сястра, бацькі? Ім я не расказвала пра сваё жыццё – яны ж мне адразу казалі, каб не звязвалася з ім, а я не паверыла, дзе ж там – у мяне ж каханне… І сорамна было, і крыўдна. Што называецца: за што змагалася – тое і атрымала. Міліцыя? Вы што, жартуеце? Я ўвесь час памятала тыя яго словы: я цябе і з-пад зямлі дастану, і жыць пасля таго табе застанецца пяць хвілін. А жыць хацелася…
Увогуле нікога блізкага ў мяне не было – толькі сястра, ды і з ёй, я ж кажу, усімі падрабязнасцямі свайго жыцця падзяліцца не магла. А тут сяброўка ў мяне з’явілася – з турмы толькі вызвалілася, пасялілася па суседству. Зараз яе ўсе асуджаюць: маўляў, гэта яна мяне падбіла зрабіць такое… А я дык удзячна ёй. Каб не яна, я б, напэўна, да гэтага часу пакуты трывала. Ці, што найбольш верагодна, сама ўжо зямлю парыла б… А яна мне ўвесь час цяльмяшыла: “Чаму ты гэта трываеш? Ён цябе аднойчы заб’е! Ты павінна зрабіць гэта першай! Калі з розумам, то ніхто нічога не даведаецца, а ты хоць пажывеш як чалавек. Водар смерці ў вашай хаце лунае: калі не ты яго, то ён цябе…”
І аднойчы, калі я яму зноў нечым не дагадзіла, муж крыкнуў: “Прынясі сякеру – я табе галаву адсяку!”. Я выскачыла ў сенцы, дзе ляжалі яго інструменты, і тыя словы сяброўкі: “Калі не ты яго, дык ён цябе”, – у скронях запульсавалі. Сама не памятаю, як усё адбылося. Я прынесла сякеру – і…
Я ж вам кажу: ні аб чым не шкадую. Я шчаслівая, што ўжо паўгода ў спакоі жыву, што ніхто мяне не б’е, не здзекуецца нада мной. За адно перажываю: Ліза вырасце, пакуль я вызвалюся… Зараз ёй пяць, калі вярнуся, пятнаццаць будзе – нявеста… Ды нічога, сястра, я ведаю, дагледзіць яе, чалавекам выхавае. Я ж вырашыла, што нават умешвацца не буду: навошта дачушцы такая маці, з кляймом забойцы? Хай лепей ніякай не ведае.
Апеляцыю? Ну што вы, якая апеляцыя?! Я заслужыла тое, што атрымала, маглі і больш даць, я б не пакрыўдзілася. Па злачынству і пакаранне. Ці наадварот? Маё жыццё замужам было суцэльным пакараннем – і ўсё закончылася злачынствам. Так, за тое, што я зрабіла, я атрымала жорсткае, як некаму здаецца, пакаранне. Але для мяне яно – як збавенне ад пакут…



Гiсторыя Алесi

– Я – вельмі шчаслівая жанчына. Часам мне нават не верыцца, што можна быць такой шчаслівай… У мяне – каханы і любячы муж, падрастаюць двое сыноў. Старэйшы, Арсень, хутка ў школу пойдзе, а малодшаму, Паўліку, два гадкі нядаўна споўнілася. Я зараз у дэкрэтным адпачынку, але гэта не перашкаджае займацца любімай справай: я малюю, распісваю вазы, раблю розныя стыльныя аксесуары для жанчын і дзяўчат, да мяне звяртаюцца з заказамі – словам, знаходжу час і магчымасці для творчай самарэалізацыі. Ведаеце, што мне муж падарыў на дзень нараджэння? Набор вельмі дарагіх, якасных фарбаў і шыкоўных пэндзляў. Я проста абамлела ад радасці: даўно пра такі марыла!
А аб тым, што было раней, я ўспамінаць не хачу. Хоць, зрэшты, і забыцца не атрымліваецца… Мусіць, ніколі не атрымаецца. Зрок мой імкліва пагаршаецца, нягледзячы на ўсе старанні ўрачоў – яны кажуць, што гэта вынік траўмы і моцнага стрэсу. А як жа мастаку без зроку? Ды і Арсенька, хоць і заве Міцю татам, і лічыць яго родным, усё ж – копія свайго роднага, як зараз кажуць, біялагічнага бацькі. І псіхіка яго… Я ніколі не думала, што дзіця ў паўтара года можа нешта запомніць – а ён памятае. Неяк увёў мяне ў ступар, калі сказаў – так, між іншым: “Я памятаю, як той, ранейшы, тата, біў цябе па твары, як ты ўпала і плакала… Табе моцна балела, мамачка? Я, калі вырасту вялікі, яго таксама наб’ю” Я вось думаю: які жах перажыло дзіця ў той момант, калі ён, амаль што немаўля, запомніў гэта? І стала зразумелым, чаму сын доўга баяўся заставацца ноччу адзін у пакоі, чаму плакаў і капрызіў, калі мы праязджалі каля дома, дзе была некалі наша кватэра.
Думаю, вы ўжо зразумелі, што Міця – мой другі муж. А першы… З Віктарам мы сустракаліся яшчэ са школы. Мне падабалася, цешыла маё дзявочае самалюбства, што ў мяне такі дарослы, самастойны, прыгожы хлопец, які сустракае мяне са школы на машыне, робіць падарункі, можа адвезці на рынак і сказаць: “Выбірай сабе сукенку, мы заўтра ідзем на вяселле да майго сябра”.
Пасля школы я нават не спрабавала нікуды паступаць. Ну як я магла некуды паехаць з нашага гарадка, калі тут заставаўся Віця? Ды і вучылася, па праўдзе кажучы, не вельмі… Не да вучобы мне было: каханне ў крыві віравала… А ў вольны ад спатканняў час спяшалася не ў школу, а ў цэнтр творчасці: навучыцца правільна класці цень, ці змешваць палітру, ці даведацца розніцу паміж халодным і цёплым бацікам для мяне было нашмат цікавей, чым вучыць хімічныя формулы ці запамінаць гістарычныя даты. Калі настаўнікі на мяне сварыліся і папярэджвалі, што адна з класа застануся невукам, я ў адказ смяялася і гаварыла, што некалі стану вядомай мастачкай – і яны будуць мной ганарыцца і расказваць гасцям, што ў іх школе вучылася такая знакамітасць…
Уладкавалася я на працу да аднаго прадпрымальніка – шкляныя вазы распісвала. Мне падабалася, і атрымлівалася, здаецца, нядрэнна. А галоўнае – ад сумных думак адцягвала. Бо неўзабаве пасля таго, як я закончыла школу, майго Віцечку ў армію забралі. Ох, колькі слёз было…
Але гэта ж раней, мама расказвала, з салдатамі адна сувязь была – пісьмы. Зараз жа ў кожнага – мабільнік. І перазвоньваліся мы штодня. Я па кожнай дробязі з ім раілася, на кожны крок прасіла дазволу. “На курсы ў Мінск пасылаюць – што ты скажаш?” “Яшчэ што выдумала! Я буду тут у ботах па плацу страявым, а ты ў сталіцы ў міні-спаднічцы – па праспектах? Нізавошта! І потым – нашто табе вучыцца? Ты і так – самая таленавітая…” “Віця, Алеся замуж выходзіць, можна мне на вяселле пайсці? Гэта ж мая лепшая сяброўка, кажа, што пакрыўдзіцца, калі не прыйду” “А ты скажы, каб яна пра свайго мужа думала, а ты будзеш пра свайго клапаціцца. Скажы, што твой муж – у арміі і ты яго чакаеш, таму без яго на гулянкі не ходзіш”, – быў яго адказ. Я і сапраўды гэтыя паўтара года, што ён служыў, нікуды не хадзіла – ні на танцы, ні нават у кіно: Віця не дазваляў. Я не крыўдзілася, лічыла, што гэта правільна: мы ж вырашылі пажаніцца, як толькі ён вернецца з арміі, значыць, ён амаль што мой муж – а куды жонка можа пайсці без мужа?
Але адразу пажаніцца ў нас не атрымалася: маці яго была катэгарычна супраць. Маўляў, ты толькі з арміі прыйшоў, ні капейкі за душой, ні кута свайго не маеш, у яе – у мяне, значыць! – ні адукацыі няма, ні прафесіі людскай, малюе нейкія кветачкі, пакуль дазваляюць, а заўтра што?
Раз так – мы ў Мінск паехалі: ён нібыта сам па сабе, я – таксама. Уладкаваліся на працу. Знялі кватэру, сталі жыць разам. Я вельмі хацела дзіця, проста марыла аб гэтым – і неўзабаве зацяжарыла. Тады ўжо бацькам нічога не заставалася, як даць згоду на наш шлюб. Вярнуліся ў родны горад, знялі кватэру, неўзабаве нарадзіўся Арсенька. Быў ён вельмі хваравіты, мы з ім з бальніц не вылазілі…
Віця ўладкаваўся вадзіцелем на “фуру”, стаў дальнабойшчыкам – увесь час у рэйсах. Дом, хворае дзіця – усё на мне. Дзякуй бацькам, што дапамагалі. Але ўсё роўна я выматалася, пакуль Арсеню год споўніўся – адны вочы засталіся. Толькі як падбольшаў крышку, сын перарос свае хваробы.
Неяк мне сяброўка патэлефанавала: наша традыцыйная “рокерская” “тусоўка” збіраецца, мяне настойліва запрашаюць – кажуць, забыліся ўжо ўсе, як выглядаю… Ды і я па іх усіх засумавала… Увесь гэты час нібы ў падзямеллі жыла. Але ж Віця ў рэйсе…
Мусіць, усё гэтыя мае развагі, сумненні, жаданне пабачыцца з сябрамі на твары ў мяне былі напісаны. Тата – ён на той час якраз прыехаў нас з Арсенем праведаць, – паглядзеў на мяне спачувальна: “Дачушка, – кажа, – табе ўсяго дваццаць гадоў, а ты, як бабулька, – нікуды не выходзіш, ні з кім не бачышся. Ідзі, адпачні з сябрамі, я з Арсенем пабуду. Ён жа ўжо не маленькі, а гэта ненадоўга. А там і Віця з рэйса вернецца.” Я так узрадавалася гэтай магчымасці выйсці з дому – упершыню за столькі часу!
Мы ў ДК сабраліся – там якраз рок-фестываль праходзіў, а мы ўсе – ярыя прыхільнікі року. Пасля сядзелі ў фае, размаўлялі, успаміналі, смяяліся… Там, дарэчы, і Міця быў – прыехаў да сяброў з суседняга горада. Ён толькі з арміі вярнуўся – дужы такі, накачаны, кожнае слоўца – у кропку… Я адразу звярнула на яго ўвагу, і ён, здаецца, мяне ўспомніў – мы да таго неяк сустракаліся на падобным фестывалі, толькі я тады яшчэ “зялёнай” школьніцай была, у сарафанчыку, з коскамі…
У разгар свята Віця мой заявіўся – нападпітку, добра “заведзены”. Мяне выклікаў на ганак. А дзверы ж адчынены, усе ўсё чуюць і бачаць. І тут ён як панёс на мяне… Я і слоў такіх не ведала, што ў той вечар пра сябе пачула… І канчатковы вердыкт: калі я, такая-сякая, праз паўгадзіны не буду дома, у ложку, то тады я яму не жонка і ведаць ён мяне не ведае, і няхай карыстаюцца такой іншыя… А мне так крыўдна стала – амаль тры гады сядзела ў хаце, як манашка, першы раз выйшла з сябрамі пабачыцца, сядзім у клубе, дваццаць чалавек, а ён мяне, сваю жонку, маці свайго сына, як апошнюю, палошча – перад усімі, перад сябрамі маімі… А яны ж усе ведаюць, як я кахала, як чакала паўтара года свайго Віцечку...
У мяне характар не з тых, каму плюнулі ў твар, а ён абцёрся. Ах, так?!! Ну, раз табе не трэба такая жонка – то і мне не патрэбен такі муж: зняла заручальны пярсцёнак і кінула яму пад ногі. А сама назад, да сваіх, вярнулася…
Калі гадзіны праз дзве прыйшла дахаты, муж мяне чакаў… Ледзь толькі пераступіла парог, заляпіў такую аплявуху! Я, як тэнісны мячык, пераляцела ўвесь калідор і стукнулася скроняй аб касяк. Спаўзаючы на сцяне, здзёрла аб тынкоўку – у кватэры рамонт ішоў – усю шчаку. А падаючы, яшчэ і руку вывернула…
…Раніцай ён стаяў каля майго ложка з кветкамі: “Даруй, каханая, не ведаю, што на мяне найшло. Рэйс быў цяжкі...” Праз паўгадзіны прыехала яго сястра, праз гадзіну – маці, якая некалі мяне на вочы не напускала: “Ён, канешне, няправільна паступіў, я з ім пагавару – але ж ты глядзі, не рабі глупстваў, у вас жа сям’я. Сабе ты мужа, можа, і знойдзеш, але сыну бацьку – нізавошта. Усе так жывуць, дзе ты бачыла бабу, якую б мужык не біў? І я зведала сілу мужавых кулакоў, і маці мая, і бабуля… Усіх б’юць – і ўсе трываюць… Доля наша жаночая такая.”
У той, першы раз я даравала. Хаця для сябе вырашыла: калі ён яшчэ хоць раз мяне ўдарыць, я яго пакіну – і ніхто мяне не пераканае, што ёсць у свеце такая мэта, дзеля якой трэба ці варта трываць здзекі і пабоі.
Другога разу доўга чакаць не давялося – не паспелі сысці першыя сінякі, як Віця зноў пабіў мяне. На гэты раз – у прысутнасці сына. Той перапалохаўся, крычаў так, што збегліся суседзі: што ў вас здарылася? Тады я канчаткова вырашыла: усё, хопіць! Чалавек, які зрабіў гэта раз і другі, дазволіць сабе і ў трэці, і ў пяты.
Хоць часам я думаю: чаму? Што прымушае мужчыну, які, здавалася б, па прыродзе сваёй павінен быць апорай, абаронцам, ахоўнікам, падняць руку на жанчыну, якая першапачаткова слабейшая, не можа даць здачы, абараніцца? На тую самую жанчыну, якую ён назваў сваёй каханай, жонкай, якая нарадзіла яму дзіця, з якой ён зведаў моманты асалоды і шчасця? Мне здаецца, што гэта дазваляюць сабе толькі душэўна і духоўна нікчэмныя людзі, якія за сваёй знешняй сілай хаваюць унутраную слабасць. Бо па-сапраўднаму дужы, моцны духам мужчына – такі, як мой Міця – ніколі не дазволіць сабе прадэманстраваць сваю сілу ў адносінах да слабейшага. Ды што там – яму ўвогуле няма патрэбы нікому нічога дэманстраваць, ён – чалавек самадастатковы.
І ўвогуле – што робіцца ў галаве ў мужчыны, калі ён дазваляе сабе біць жанчыну? І ці чалавек ён у гэты момант увогуле? Я бачыла Віцевы вочы ў тое імгненне – нічога чалавечага, асэнсаванага ў іх не было, толькі вар’яцкі бляск – напэўна, такія вочы бываюць у шалёнага сабакі. Але ж шалёных жывёл адстрэльваюць! Чаму ж тады шалёным людзям дазваляюць жыць і калечыць целы і душы іншых людзей? Турма? Не смяшыце мяне: у турму трапляюць адзінкі, і то на сімвалічныя тэрміны, а астатнія, забіўшы ці скалечыўшы адну жонку, хутка знаходзяць іншую – і здзекуюцца ўжо над той… І пры гэтым ходзяць героямі.
Так, зараз я – шчаслівая жанчына: у мяне каханы муж і двое сыночкаў, для абодвух з якіх Міця – самы родны, самы клапатлівы тата. Так што ў гэтым мая свякроўка не ўгадала: я знайшла і сабе мужа, і сыну – бацьку. Не адразу: пакуль ішоў доўгі і пакутлівы працэс разводу, Міця толькі зрэдку, мо раз у месяц, званіў. Як сказаў пазней, не хацеў умешвацца ў нашы сямейныя справы, стаць хоць ускоснай, але прычынай нашага разводу. Калі ж усё нарэшце закончылася, прыйшоў да нас з тортам і кветкамі – павіншаваць з вызваленнем. А пажаніліся мы толькі праз два гады пасля майго разводу.
Але ў іншым Віцева маці, на жаль, мела рацыю: вельмі шмат жанчын церпяць пакуты, трываюць пабоі і здзекі мужоў-катаў. І – маўчаць… Чаму – я гэтага ні зразумець, ні растлумачыць не магу…


---------------------------------------
Гісторыі забітага кахання выслухала і запісала Ніна РЫБІК.