Жнівеньская нарада настаўнікаў

Кожнае лета для педагогаў заканчваецца падвядзеннем вынікаў мінулага навучальнага года. І ў той жа час ставяцца задачы на новы. Сёлетняя нарада педагагічных работнікаў праходзіла не зусім звычайна.
Справа ў тым, што запланавана яна была на апошні дзень лета, калі да першага школьнага званка заставалася менш чым суткі. А па-другое, незвычайным было яе правядзенне – ніякіх традыцыйных выступленняў, калі педагогі розных школ дзяліліся сваім вопытам і дасягненнямі, да якіх ужо прызвычаіліся і настаўнікі, і кіраўніцтва. На сцэне не было нават прэзідыума.


Прысутнічалі, праўда, госці з вобласці і рэспублікі – метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Віктараўна Корбан і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Галіна Рыгораўна Барысюк.
Ужо не першы год жнівеньскія педагагічныя нарады праводзяцца ў аграгарадках. На гэты раз педагогаў раёна гасцінна сустракаў Рытаньскі СДК.
Ужо з самай раніцы ў Рытань пачалі прыбываць школьныя аўтобусы з настаўнікамі і ў паветры адразу ж пачуўся пах восені, а разам з ім прыйшло ўсведамленне таго, што праз дзень пачнецца новы навучальны год.
А ў фае ўжо працавала выстава навукова-метадычнай літаратуры выдавецтва “Аверсэв”, дзе педагогі маглі набыць неабходную для іх літаратуру па школьных прадметах і для ўсіх класаў. Тут жа трансліраваліся відэаролікі аб рабоце ўстаноў адукацыі раёна.
Паступова зала напаўнялася педагогамі, вось-вось пачнецца настаўніцкая лінейка, першая ў гэтым навучальным годзе. А адкрылася яна дэманстрацыяй адзення дзелавога стылю, якую паказалі школьнікі з гімназіі №1. Эстафету перанялі вучні Кямелішкаўскага НПК, якія шчыра павіншавалі настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года.
Усяго ў канферэнцыі прыняў удзел 261 педагог. Былі сярод іх і ветэраны працы, і, канешне, маладыя спецыялісты. Па даўняй традыцыі педагагічныя нарады ў нашым раёне пачынаюцца менавіта з прывітання ветэранаў працы. Так было і на гэты раз. Усіх ветэранаў павіншавалі з пачаткам года, а Алену Мікалаеўну Нікалайкаву, былога дырэктара Мальскай базавай школы, яшчэ і з днём нараджэння. З прывітальным словам выступіла член прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі В.К. Анішчук і вучань Мальскай школы Аляксей Бяляўскі. Хлопчык вельмі хваляваўся, але гэта яшчэ больш пацвердзіла тое, што словы былі ад усяго сэрца.
Затым галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Я.Б. Петрык прадставіла 25 маладых спецыялістаў. Ад імя ўсіх педагогаў раёна выступіла настаўніца рускай мовы і літаратуры М.А. Блізнік, якая павіншавала маладых калег і дала ім наказ. Малады педагог-арганізатар гімназіі №1 Івона Віктараўна Іваноўская ад імя маладых спецыялістаў паабяцала апраўдаць усе спадзяванні і застацца вернымі прафесіі настаўніка.
Потым пачалася афіцыйная частка. З дакладам аб выніках работы за 2009-2010 навучальны год і задачамі на 2010-2011 выступіла начальнік аддзела адукацыі Л.У. Янкоўская. Аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу ў свеце палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які ўступіў у дзеянне з 1 верасня 2010 года, расказала метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Т.В. Корбан. А дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Г.Р. Барысюк звярнула ўвагу педагогаў на тыя змены, якія адбываюцца ў нашым раёне і не могуць не радаваць педагагічную грамадскасць, і праблемы, якія неабходна вырашаць. У цэлым Галіна Рыгораўна засталася задаволенай наведаннем школ нашага раёна і пажадала ўсім настаўнікам веры ў свае сілы.
А потым наступіў самы ўрачысты момант канферэнцыі – ўзнагароджанне лепшых педагогаў граматамі, дыпломамі і падзячнымі пісьмамі Міністэрства адукацыі, Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і аддзела адукацыі.
На працягу педагагічнай нарады песні і танцы настаўнікам дарылі Вікторыя Гарбачэўская, Вераніка Дашына, Ілона Жалток і танцавальны калектыў “Нон-стоп”.
Разыходзіліся ўсе з добрым настроем, новымі планамі і спадзяваннямі на новы навучальны год.


Алена ЯРАШЭВІЧ.