Жизнь как она есть. Старость: награда или наказание?
2
Летась давялося мне даволі працяглы час ляжаць у Гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі. Сіндром бальнічнай палаты – гэта як сіндром цягніка: усе і ўсё навідавоку… І выпадковыя знаёмствы дазваляюць людзям быць шчырымі: верагоднасць наступных сустрэч з сённяшнімі “сужыцелямі”, нават калі вы сталі вельмі блізкімі, дзеліце разам гасцінцы, боль і душэўныя перажыванні, вельмі невысокая.“Экіпаж” у нашай палаце за той час, пакуль я там ляжала, памяняўся некалькі разоў. І за гэты час прайшло у нашых суседках было тры бабулі – тры характары, тры жыцці, тры лёсы, тры старасці…
Бабця Стася
Асабліва мы шкадавалі бабцю Стасю. Старэнькая, далёка за восемдзесят, амаль зусім сляпая бабулька ляжала са зламаным локцем і моцна пабітымі галавой, спіной, нагой. Дома сярод ночы пачула, як мяўкае, просячыся на вуліцу, каток -- і, каб не будзіць маладых, вырашыла выпусціць яго сама. Ды аступілася на лесвіцы -- і ўсе дзесяць прыступак пералічыла сваімі старэчымі касцямі. Усе – ды і яна сама -- былі аднадушнымі: бабу Стасю, відаць, сцярог Бог, раз усё закончылася хоць і вельмі балючымі, але не вельмі сур’ёзнымі траўмамі.
Бабці Стасі было прыемна дапамагаць: яна ніколі ні на што не скардзілася, нічога не патрабавала, за ўсё дзякавала… І безупынна малілася. Не хацела нікому – ні медперсаналу, ні нам, суседзям па палаце -- назаляць просьбамі, і толькі калі ў яе пыталіся, ці не трэба чаго, зрэдзьчасу ціхенька прасіла падбіць падушку ці падаткнуць коўдру, падаць вады ці паклікаць санітарку…
Кожны дзень да бабулі прыязджалі, вырываючыся з работы ці ад пільных хатніх клопатаў, нехта з унукаў: кармілі з лыжачкі нечым смачненькім, расказвалі пра хатнія навіны, абмывалі, пераапраналі -- і тады баба Стася дазваляла сабе нават крыху пакапрызіць: не тую, маўляў, кофту ёй прывезлі, зялёную яна не любіць, трэба было ўзяць сінюю (бабуля, нагадаю, зусім сляпая). Прывозілі ў бальніцу і праўнукаў, якіх бабулька, відаць, моцна любіць -- асабліва дваіх, браціка і сястрычку, якіх унучка з год таму забрала з дзіцячага дома.
…Лёс у бабулі цяжкі: за сваё жыццё пахавала яна і мужа, і сына, і дачку. З гора аслепла. Засталося трое ўнукаў. Але як яны глядзелі бабулю! З адной з унучак – той самай, што ўсынавіла сірот -- і дажывае бабця Стася свой век: перапісала на яе сваю кватэру, і цяпер удзячныя маладыя глядзяць яе старасць. Але гэта не стала падставай для іншых сказаць сястры: твая кватэра – твой і клопат пра бабулю, наша справа – старонняя. Для ўсіх траіх яна была перш за ўсё родным, дарагім чалавекам.
І хоць усе ў бальніцы спачувалі сардэчнай бабулі і шкадавалі яе – але і радаваліся, што на схіле гадоў атрымала яна скарб, якога больш за ўсё просяць у Бога людзі яе ўзросту – дагледжаную страсць побач з роднымі і блізкімі людзьмі.
Нэля
Па ўзросту Нэля таксама магла б лічыцца бабуляй, хоць унукаў яшчэ не мела. І па выгляду яна цалкам падыходзіла да гэтай узроставай катэгорыі. Хоць Нэля была значна маладзейшай за бабцю Стасю, але выглядала непараўнальна горш: пэўны лад жыцця налажыў на яе твар трывалы сінюшны “макіяж”, які ні замаскіраваць, ні сцерці… Але была яна такой добразычлівай аптымісткай, што ўсе адносіліся да яе гэтак жа лёгка, як яна – да жыцця.
Легкадумная Нэля нават траўму сваю – пералом шыйкі бядра – не адразу заўважыла і зразумела: пасля таго, як упала ў сваёй кватэры, “пасядзеўшы па душах” з сяброўкай, яшчэ некалькі дзён ляжала дома, спадзеючыся, што пройдзе… Калі ўпала ў другі раз, нехта ў суседзяў выклікаў “хуткую” – так жанчына апынулася ў нашай палаце.
У Нэлі была адзіная дачка, якая ў свае дваццаць з добрым гакам нідзе не вучылася і не працавала – маці скрушліва ўздыхала, што працу зараз знайсці вельмі цяжка, дачушка кідаецца і туды, і сюды -- а нікуды не бяруць…
Тры дні дачка не прыходзіла да маці – святкавала свой дзень нараджэння. Зрэдку тэлефанавала, каб расказаць, як весела правяла час ці што яе пакрыўдзіў стрыечны брат, насварыўшыся за тое, што дзяўчына не праведвае матулю – тады Нэля кідалася тэлефанаваць пляменніку і ўшчуваць яго за тое, што лезе у іх сямейныя справы. Але грошы ў дачкі скончыліся – і яна прыйшла нарэшце да маці ў бальніцу. Аббегала ўсе кабінеты, ад старшай медсястры да галоўнага ўрача, каб атрымаць даверанасць на атрыманне матчынай пенсіі. Затым зноў знікла на некалькі дзён. Час ад часу з’яўлялася – з сябрамі, кавалерам – усе на добрым падпітку. Кока-кола, чыпсы, кукурузныя палачкі – гэтага, на іх погляд, больш за ўсё не хапала жанчыне ў бальніцы.
Нэлі прапаноўвалі зрабіць аперацыю па замене тазабедранага сустава – але яна спалохалася аднаго слова “аперацыя”, і адмовілася, не даслухаўшы да канца, пра што ідзе размова. Ды і сэрца ў жанчыны аказалася слабенькім – напэўна, не толькі на твары адбіўся лад жыцця. Словам, праз тыдзень Нэлі выпісалі дахаты…
Што яна там будзе рабіць са сваёй зламанай шыйкай бядра, калі ні ўстаць, ні сесці, хто яе будзе даглядаць – я нават уявіць не магу…
Баба…
Я не ведаю, як яе звалі – за тыя некалькі дзён, што мы ляжалі ў адной палаце, яна не прадставілася. Яна ўвогуле ні з кім не размаўляла – дакладней, нікога не слухала: па-першае, была глухаватая і чула толькі тое, што хацела пачуць, а па-другое, ніхто і нішто, акрамя яе самой, бабу не турбавала.
Увесь час яна альбо спала, альбо крычала. У яе была такая ж траўма, што і ў Нэлі -- пералом шыйкі бядра, але слухаючы яе безупынны енк, можна было ўявіць, што ўвесь гэты час, дзень пры дні, нагу ёй адразалі па сантыметру – па жывому, без наркозу.
Медперсанал вельмі хутка стаміўся бегаць на яе штохвілінныя выклікі – ёсць жа іншыя хворыя. Суседзі па палаце – я ў іх ліку – сталі прасіцца хоць куды: дахаты, у іншую палату, у іншую бальніцу – толькі б не знаходзіцца ў гэтым бясконцым пекле без хвілінкі спакою.
У жанчыны была сям’я, ды, па словах бабы, усе яны жадалі яе смерці: і муж, п’яніца ды гультай, і адзіны сын -- няўдзячны паразіт, і нявестка-верціхвостка… Усе яны, калі верыць бабе, не размаўлялі з маці ўжо пяць гадоў.
Не лепшыя характарыстыкі раздавала яна і медыкам: урачу – аднаму са старэйшых і вопытных траўматолагаў вобласці, які ўзяўся лячыць жанчыну, яна стала выпраўляць на пенсію – не надта паважліва, па яе меркаванні, абышоўся хірург з “яе вялікасцю”; санітарак, па яе перакананні, увогуле трэба было гнаць з бальніцы паганай мятлой, а медсётрам, якія таксама не дагадзілі бабе, можна даверыць рабіць перавязкі і даваць уколам толькі коням і сабакам… Можна ўявіць, якая атмасфера пануе ў доме гэтай бабы і паспачуваць яе блізкім – час ад часу яны праведвалі сварлівую бабу – але замест удзячнасці выслухоўвалі чарговую порцыю лаянкі і абраз, да якіх, мусіць, ужо прывыклі.
Бабе таксама не ўзяліся рабіць аперацыю, і неўзабаве сын забраў яе дахаты – дажываць…
…Кожны, хто рана ці позна пачынае задумвацца пра старасць, марыць, каб яна была дагледжанай, праходзіла ў спакоі, у клопаце і любові, сярод родных і блізкіх. А калі гэтага няма, людзі звычайна вінавацяць дзяцей і ўнукаў: вось, маўляў, няўдзячныя, не дагледзелі бацькоў.
Такія выпадкі, вядома, здараюцца, і нярэдка. Але часам, калі даведваешся пра мінулае жыццё тых, хто сустракае старасць у адзіноце, самоце, галечы, хто дажывае свой век на казённых ложках у дамах састарэлых, знаёмішся з імі бліжэй, прыходзіш да высновы: спакойную, дагледжаную страсць таксама трэба заслужыць. Азіраючыся на пражытыя гады, многія з іх зараз могуць успомніць – калі маюць памяць, сумленне і жаданне пакаяцца – бясконцую чараду жонак ці мужоў, галодных ці пакінутых дзяцей, мацюкі ды кулакі, якімі яны “размаўлялі” з жонкамі ды дзецьмі.
Дык ці варта цяпер патрабаваць ад родных любові, клопату, пяшчоты?
Ніна РЫБІК
