Жаль, что дети становятся взрослыми...

Маленькiя Мудрацы

Кажуць, што дзяцей трэба вучыць і выхоўваць. Мне здаецца, наадварот. Гэта ў дзяцей нам, дарослым, варта павучыцца жыццю. Прынамсі, мяне мая двухгадовая дачка вучыць многаму…

Радавацца дробязям і смяяцца ад душы. Узгадваю першы Палінін Новы год. Я павесіла на люстру папяровыя сняжынкі. Калі я на іх дзьмухала, яны варушыліся – а Поля кожны раз залівалася такім звонкім смехам, што смяяліся ўсе навокал. А другі Новы год быў для яе ўвогуле феерыяй. Паліна і зараз, калі бачыць па тэлевізары салют, пачынае радасна крычаць: “Ура-а! Новы год! Салют! Дзед Мароз!” Чаму мяне такія рэчы ўжо зусім не радуюць?

Пастаянству. Гадавалая Поля прыдумала сабе гульню: насіла мыльныя пузыры з табурэткі на канапу, з канапы на табурэтку – і так да бясконцасці. Яна магла займацца гэтай “захапляючай” справай па паўгадзіны. Яшчэ Поля паўгода глядзела па некалькі разоў у дзень адзін і той жа мульцік. А кожны вечар перад сном трэба было расказваць толькі “Курачку Рабу”. А я дзіву давалася: ну як ёй не надакучыць? Мяне ж так хутка стамляюць аднастайныя справы, што я пачынаю раздражняцца.

Лёгкасці стасункаў. Так прыемна назіраць за дзецьмі: яны могуць лёгка падысці адзін да аднаго – пагуляць, пабегаць, пасмяяцца – і гэтак жа лёгка разысціся і больш ніколі не ўбачыцца. З гадамі мы развіваем у сабе комплексы, баімся гэтак жа нязмушана ладзіць паміж сабой.

Быць самім сабой. Дзеці шчырыя, сапраўдныя, яны лёгка расказваюць пра свае пачуцці і не хаваюць эмоцый. Ім усё роўна, што пра іх падумаюць іншыя дзеці. А самае цудоўнае, што іншыя дзеці пра іх нічога не падумаюць!

Не сумаваць. Пакуль я пішу гэтыя радкі, Паліна не сумуе. Яна раскрыла вялікі парасон, сабрала пад ім усіх сваіх цацачных звяркоў, і паміж імі ідзе сур’ёзная размова.

А яшчэ дзеці вераць у цуды – у Дзеда Мароза, зубных фей і чараўнікоў.

Яны жывуць “сёння”, не памятаюць пра “ўчора” і не думаюць пра “заўтра”.

Усё ж шкада, што дзеці аднойчы становяцца дарослымі…


Такое вялiкае сэрца

Сэрца маці… Яно такое вялікае, мяккае, роднае. Памятаю, як утульна і цёпла было ў паліто з маміных абдымкаў. Маленькае дзіцячае сэрца было перапоўнена любоўю да самага галоўнага чалавека ва ўсім свеце – мамы. Здавалася, у ім не засталося ні кропелькі месца для іншых. Памылялася…

Каханне ўварвалася і бесцырымонна завалодала маім сэрцам, якое разрывалася ад пачуццяў. Але і гэта была не мяжа…

З нараджэннем дачушкі прыйшло ўсведамленне, што вось зараз ты спазнаў абсалютную любоў – калі не шукаеш узаемнасці і не чакаеш узнагароды за свае пачуцці, а проста любіш так моцна, што гатовы, не раздумваючы, аддаць жыццё. І пакуль што я задаю сабе пытанне: “Ці змагу я любіць яшчэ адно дзіця гэтак жа моцна, калі першае займае ўсё маё сэрца?”. Ведаю, што змагу!

Але ўсё ж цікава: колькі любві можа ўмясціць чалавечае сэрца?


Мама Полі.