Застраховать можно всё!





Якім бы асцярожным ні быў чалавек, як бы ні стараўся ў сваім жыцці прадугледзець (і папярэдзіць) непрыемныя выпадкі, няшчасці ўсё ж здараюцца. Куралесіць надвор’е: б’юць маланкі, вецер здзірае дахі, град і неспрыяльныя зімы знішчаюць пасевы… Падсцерагаюць аварыі, пажары, навадненні (няхай сабе і мясцовага значэння: сусед зверху “затапіў” або, што яшчэ горш, ты – яго)… Галалёд выпрабоўвае на ўменне падаць, а злодзей – на даверлівасць…
Папярэдзіць стыхійныя бедствы, знізіць хуткасць аўтамабіля, што нясецца табе насустрач або спыніць руку злодзея наўрад ці ўдасца – ад лёсу, як кажуць, не ўцячэш. Аднак у кожнага з нас ёсць гарантаваная магчымасць не застацца сам на сам са сваёй бядой, аблегчыць наступствы няшчасных здарэнняў (прынамсі, іх фінансавы бок). Дастаткова толькі застрахаваць – сваё жыллё, маёмасць, здароўе, жыццё наогул. Можна застрахаваць нават уласную адказнасць…

Напярэдадні свайго прафесійнага свята – Дня страхавых работнікаў – паразважаць аб жыццядзейнасці, магчымасцях, праблемах і перспектывах развіцця сваёй установы сабраліся за “круглым сталом” дырэктар раённага прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах” Гэлена Мечыславаўна Варановіч (рабочы тэлефон: 21-4-06), вядучы эканаміст Зыта Бярнардаўна Кузняцова (22-1-31), вядучы спецыяліст па рэгуляванні маёмасных страт фізічных асоб Сяргей Сяргеевіч Жукоўскі (23-3-03), вядучы спецыяліст па ацэнцы транспартных сродкаў Аляксей Анатольевіч Гасюлевіч (23-5-30) і вядучы спецыяліст па кадравай рабоце, старшыня прафсаюзнага камітэта Ніна Францаўна Радзевіч (22-8-09).


– Давайце пачнём са слогана: якімі словамі “Белдзяржстрах” сустракае сваіх кліентаў?


Гэлена Мечыславаўна: “Атрымлівайце асалоду ад спакою!” І гэта не пустыя словы: чалавеку і спіцца мацней, і працуецца эфектыўней, ды і наогул жывецца больш свабодна, калі ён ведае, што яго маёмасныя інтарэсы абаронены. Жыццём кіруюць зваротнапрапарцыянальныя сувязі: чым больш багаты чалавек, тым страшней яму страціць тое, чым ён валодае. І тут на страхаванні лепш не эканоміць.
Усе мы – і багатыя, і бедныя – роўныя перад усялякага роду траўмамі і іншымі няшчаснымі выпадкамі. Часам адно імгненне здольна надоўга прыкаваць чалавека да бальнічнага ложка або нават да інваліднай каляскі. І матэрыяльная падтрымка ў такой сітуацыі бывае ох якой патрэбнай.
Заключаючы страхавы дагавор, чалавек, па сутнасці, сам сабе сцеле тую самую “саломку”, на якую, калі на жыццёвай дарозе прыйдзецца паслізнуцца, падаць будзе значна мякчэй.


– Што можна застрахаваць у “Дзяржстраху”?


Гэлена Мечыславаўна: Усё! У нас 74 віды страхавання…
Зыта Бярнардаўна: Жыццё і здароўе…
Аляксей Анатольевіч: Транспартны сродак, мабільны тэлефон, ноўтбук…
Сяргей Сяргеевіч: Дом, кватэру, дачу, гаспадарчыя пабудовы, хатнюю маёмасць, жывёлу…
Усе разам: Грамадзянскую адказнасць…


– Тады давайце пачнём з жыцця і здароўя…






Зыта Бярнардаўна:
За 10 месяцаў бягучага года за выплатамі з нагоды атрыманых траўм (апёкі, пераломы, сатрасенне мозга, рваныя раны…) да нас звярнуліся 122 чалавекі. Агульны памер выплачаных ім грошай склаў 134 мільёны рублёў. Самыя распаўсюджаныя віды траўм – пераломы і рваныя раны. Іх людзі атрымліваюць падчас аварый, пры неасцярожным абыходжанні з рэжучымі прадметамі – бензапілой, напрыклад, і г.д.
Але трэба ведаць, што за кампенсаваннем у “Дзяржстрах” можа звярнуцца чалавек, які наступствы сваёй траўмы залечваў на працягу не менш, як шасці дзён. Зусім не абавязкова пры гэтым быць на бальнічным – факт лячэння павінен быць пацверджаны даведкай з медыцынскай установы. Калі з дакументамі не ўзнікае праблем, мы тут жа на месцы налічваем кампенсацыю і выплачваем яе пацярпеўшаму літаральна назаўтра (па закону – на працягу пяці дзён).
Гэлена Мечыславаўна: Калі з чалавекам, жыццё якога застрахавана, здараецца няшчасны выпадак са смяротным зыходам, “Белдзяржстрах” выплачвае нашчадкам суму, на якую той быў застрахаваны.
А калі чалавека збіла машына, адказнасць вадзіцеля пры гэтым была застрахавана, і чалавек загінуў, то наша кампанія бярэ на сябе фактычна ўсе расходы на яго пахаванне: на труну, адзенне, памінальны стол і нават на помнік. Родныя загінуўшага павінны прад’явіць нам даведку з ДАІ і абавязкова – чэкі, якія пацвярджаюць расходы на пахаванне. Памер пакрыцця падобных расходаў – да 10 тысяч еўра. Пры гэтым, калі аварыю здзейсніў п’яны вадзіцель, мы прад’яўляем рэгрэс яму, у іншых выпадках выплата адбываецца са страхавога фонду нашай кампаніі.


– Страхаванне транспартных сродкаў, напэўна, адно з самых папулярных?


Аляксей Анатольевіч: Толькі не трэба блытаць абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці аўтамабілістаў і добраахвотнае страхаванне аўтамабіляў “АўтаКАСКА”. У першым выпадку мы бяром на сябе матэрыяльную адказнасць вадзіцеля, які здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, – кампенсуем страты, зробленыя віноўнікам. Адносна нядаўна на новай дарозе “Бялькішкі-Газа” адбылося ДТЗ з удзелам адразу чатырох транспартных сродкаў. Дзве машыны пры гэтым не падлягаюць аднаўленню – кампенсацыя страт налічана ў памеры больш як 5 тысяч еўра. Тое ж самае тычыцца і “жыгулёнка”, гаспадар якога пакуль ляжыць у бальніцы: яму таксама будзе выплачана адпаведная сума. Вадзіцель, які справакаваў гэтую аварыю, у свой час заплаціў за сваю адказнасць 22 еўра, а кампаніі прыходзіцца плаціць за яго амаль 6 тысяч…
Або нядаўна на павароце на Гервяты жанчына-вадзіцель не прапусціла ну вельмі крутую іншамарку… Настолькі, што мы нават баяліся не ўкласціся ў ліміт – у вызначаныя 10 тысяч еўра. На шчасце, укладваемся…
Зыта Бярнардаўна: За 10 месяцаў бягучага года па страхаванні грамадскай адказнасці аўтамабілістаў (фізічных асоб) выплачана 390 мільёнаў рублёў (56 выпадкаў), што складае 67 працэнтаў ад агульнага страхавога фонду ў гэтай намінацыі. Яшчэ 147,8 мільёна рублёў выплачана ў якасці кампенсацыі за пашкоджанні, нанесеныя вадзіцелямі прадпрыемстваў (юрыдычныя асобы).
Па лініі “АўтаКАСКА” мы плацім уладальнікам аўтатранспартных сродкаў за пашкоджанні, нанесеныя іх “сталёвым коням”: за разбітае шкло або фары, за падрапаную фарбу і гэтак далей – ажно да поўнага знішчэння аўтамабіля. На 1 лістапада па “АўтаКАСКА” мы выплацілі 91,7 мільёна рублёў.


– Як адбываецца ацэнка канкрэтнага аўтамабіля і памер нанесеных яму пашкоджанняў?






Аляксей Анатольевіч:
Па сярэднерыначных цэнах, зацверджаных на ўзроўні міністэрства. І, як правіла, сумы, якую мы выплачваем пацярпеўшаму, на рамонт хапае. Вядома, калі чалавек ставіцца да яго без фанатызму. Таму што ёсць і такія, каму мы плацім за аднаўленне фарбы на бамперы, а ён за атрыманыя сродкі хоча пафарбаваць усю машыну…


– Добра, разабраліся з аўтамабілямі. Давайце цяпер пяройдзем да дамоў, дач і жывёлы…


Сяргей Сяргеевіч: Гэта мая сфера. Таксама не з самых спакойных. Пасля ўчарашняга ветру (размова адбывалася ў панядзелак) мне ўжо пазванілі сем чалавек: у іх дамах ураганам пашкодзіла дах. Значыць, мне туды дарога… У тым сэнсе, што кожнае пашкоджанне павінна быць запратакаліравана і сфатаграфавана.
Гэлена Мечыславаўна: Так у нас пастаўлена работа, што з-за якіх-небудзь двух лістоў шыферу даводзіцца ехаць у Масцяны, Белую Ваду ці Крываносы. Але гэта нармальна: усюды, дзе задзейнічаны грошы, справаздачнасць павінна быць на самым высокім узроўні.
Сяргей Сяргеевіч: Абумоўлены і тэрміны: на наведванне месца здарэння нам выдзяляецца пяць дзён. Мы разумеем, што чалавеку сядзець пад пашкоджаным дахам не соладка, таму выязджаць стараемся максімум у двухдзённы тэрмін. Хаця гэта часам бывае і няпроста: напрыклад, пасля ўрагану, які адбыўся 6 жніўня 2012 года, да нас паступіла больш за 50 заяў.


– Але ж не дахамі адзінымі…


Сяргей Сяргеевіч: Безумоўна. Ёсць яшчэ вясновыя павадкі. Сёлетняй вясной, дарэчы, “плавалі” Гальчуны, Гялюны, Рымдзюны… 1 красавіка выпала шмат снегу, а назаўтра рэзка пацяплела – і ўсё адразу растала… І прыйшлося мне, у поўнай адпаведнасці з прафесійнымі абавязкамі, зазірнуць у кожны падтоплены падвал.
Памер страт вызначаем сумесна з гаспадаром, сыходзячы з той перадумовы, што затопленыя буракі і морква згніюць цалкам, а бульба – толькі на палову.
А яшчэ ёсць пажары. І пашкоджанні, нанесеныя хуліганамі. І падзеж жывёлы. І яе крадзеж.


– Якую канкрэтна жывёлу можна застрахаваць?






Сяргей Сяргеевіч:
Сялянскую. Ад пчол да каровы (рагуля – самы дарагі від жывёлы, да 12 мільёнаў).
Сёлета з’явіўся новы від страхавання – пародзістай жывёлы – у нашым раёне ўжо нямала такіх сабак і коцікаў. І іх уладальнікі (асабліва паляўнічых сабак, якіх часта крадуць або якія губляюцца ў лесе) гатовы застрахаваць сваіх любімцаў. Пры гэтым яны павінны прадставіць нам радаслоўную і іншыя дакументы. А галоўнае – пародзістая жывёла павінна быць чыпіраванай – чып можна паставіць у Смаргоні.


– Якая мяжа ў сумы страхавання таго ж дома? І як яна вызначаецца?


Сяргей Сяргеевіч: Спачатку нагадаю трывіяльную ісціну: ёсць два віды страхавання будынкаў – абавязковы і добраахвотны. Па першым кампенсуецца 50 працэнтаў панесеных страт, па другім – 100. Канкрэтная сума пры добраахвотным страхаванні вызначаецца на падставе тэхнічнага пашпарта і ацэнкі БТІ. Ліміт адказнасці нашага прадстаўніцтва – 70 тысяч еўра. Можна застрахаваць і на большую суму, але трэба будзе звяртацца ў вобласць. “Зоркавыя” сумы страхавання наогул вызначаюцца на рэспубліканскім узроўні.


– А падрабіць нейкія дакументы не спрабуюць? Ці, да прыкладу, застрахаваць нейкую “халупу” на “энную суму”, а потым яе спаліць?


Гэлена Мечыславаўна: Папершае, на “энную” не атрымаецца – толькі на адпаведную. Па-другое, у штатным раскладзе нашай кампаніі прадугледжаны дэтэктывы, якія займаюцца раскрыццём страхавых ашуканстваў. Найчасцей яны тычацца “АўтаКАСКА”. Сцэнарый агульны: разбіў машыну і ў знаёмага страхаўшчыка выпрасіў поліс, аформлены заднім чыслом… Як правіла, такія выпадкі хутка выкрываюцца, і вінаватыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці…


– І наконт страхавання грамадзянскай адказнасці… Яна тычыцца толькі аўтамабілістаў?


Гэлена Мечыславаўна: Не, значна шырэй. Можна застрахаваць грамадзянскую адказнасць кватэраздымшчыка. Здарылася непрыемнасць – затапіў кватэру суседа знізу? Калі ты застрахаваны, гэта ўжо не твая праблема, а “Белдзяржстраху”. Мы страхуем таксама адказнасць гаспадароў жывёлы – у такім разе выплачваем кампенсацыю за наступствы ўкусаў сабакі або вытаптаныя каровай пасевы…


– Столькі новага і цікавага ўдалося пачуць на пасяджэнні сённяшняга “круглага стала”… На жаль, памеры старонкі падціскаюць… Пад “занавес” раскажыце, калі ласка, пра свой калектыў.


Гэлена Мечыславаўна: У нашым прадстаўніцтве працуе сорак чалавек. Гэта вопытныя і высокакваліфікаваныя спецыялісты: Любоў Уладзіміраўна Коласава, Тарэса Мацвееўна Мароз, Тэрэса Андрэеўна Ташлінская, Надзея Ігнатаўна Шкуёнак, Лёля Аляксандраўна Грэчанік, Крысціна Эдмундаўна Міхайлава, Ніна Альфонсаўна Чэпіна, Вольга Генрыхаўна Базюк і многія іншыя. Спецыяльных вышэйшых навучальных устаноў, якія б рыхтавалі страхаўшчыкоў, няма, таму ў нас працуюць настаўнікі, ваенныя, інжынеры, бухгалтары і медсёстры… Было б жаданне – прафесійныя навыкі выпрацоўваюцца хутка. Тым больш, што і ўмовы для кар’ернага росту ёсць. Увогуле, стараемся жыць і працаваць на ўзаемадапамозе і паразуменні.




Ніна Францаўна:
Але не працай адзінай… Мы і адпачываць любім разам. Шмат падарожнічаем. Сёлета, напрыклад, паспелі пабываць і ў Нясвіжы, і ў Нацыянальным тэатры оперы і балета, і на прадстаўленні Мінскага цырку, і ў аквапарку, у Каробчыцах. А з якім задавальненнем ладзім сумесныя вандроўкі на прыроду!
Сярэдні ўзрост нашага калектыву 35 гадоў – мы яшчэ маладыя! І вельмі спартыўныя. У склад рэспубліканскай каманды “Белдзяржстраху”, якая штогод выступае на спартакіядзе Міністэрства фінансаў, уваходзяць і нашы спартсмены: Аляксандр Арлоўскі (футбол), Андрэй Пілецкі (валейбол), ну і вядома, наш дырэктар – Гэлена Мечыславаўна Варановіч, якая штогод заваёўвае кубкі то ў валейболе, то ў шахматах, то ў плаванні. А то і ўсюды адразу. Ці страхуем пры гэтым магчымыя траўмы? Канешне. Абавязкова. Мы свядома выбіраем асалоду ад спакою за сваю будучыню.
Усе разам: З нагоды прафесійнага свята ўсім – здароўя, дабрабыту, поспехаў!


----------------------------
На “круглым стале” прысутнічала Ганна ЧАКУР, фота аўтара.