"Зарница" собрала на состязания 10 школьных команд

зарница играШтогод у канцы мая ў нашым раёне праходзіць ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”. Сёлета яе ўдзельнікамі сталі 10 каманд: “Зорка” з гімназіі №1, “Партызаны” з СШ №1, “Полымя” з СШ №2, “Перамога” з Варнянскага НПК, ажно тры каманды заявіліся пад назвай “Іскра” – з Гервят, Міхалішак і Спондаў, гудагайцы выставілі “Юных пагранічнікаў”, з Кямелішак прыехала каманда “Зора”, а з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання – “Страла”.

зарница игра1Конкурсы, арганізатарамі якіх сталі аддзел адукацыі, спорту і турызму, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, былі распланаваны на цэлы дзень. Шэраг цікавых выпрабаванняў патрабавалася прайсці ўдзельнікам спаборніцтваў, каб пазмагацца за пераможны кубак, і таму “Зарніца” першапачаткова абяцала быць цікавай і відовішчнай.

Па традыцыі гульня, вядомая яшчэ з часоў Савецкага Саюза, пачалася з падняцця сцяга – гэты гонар выпаў пераможцам мінулагодняй “Зарніцы” кадэтам Гудагайскай школы – і выкананнем дзяржаўнага гімна.

зарница игра2Роўныя рады ўдзельнікаў застылі ў чаканні пачатку спаборніцтваў. Прыгожыя, статныя юнакі і дзяўчаты гатовы былі рынуцца ў бой. І пасля прывітальных слоў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч і намесніка начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Сяргея Юр’евіча Філатава школьнікі прыступілі да першага выпрабавання: неабходна было прадставіць каманду і прадэманстраваць страявую падрыхтоўку.

Успомнілася сваё школьнае дзяцінства: упершыню са страявой падрыхтоўкай давялося сутыкнуцца ў летніку менавіта падчас правядзення “Зарніцы” – каманды “направа”, “налева”, “кругом” і іншыя цяжка паддаваліся выкананню з першага разу. Гэтак жа складана было і некаторым камандам, якія сёлета сталі ўдзельнікамі гульні. Тым не менш перастраенні, маршыроўка і выкананне атраднай песні лепш за ўсіх атрымаліся ў вучняў з СШ №1 і Гудагая – яны сталі першымі. Другое месца журы аддало гімназістам, трэцяе – варнянскім падлеткам.

Пасля праходжання аднаго этапу каманды адразу ж накіроўваліся на другі, потым – на наступны: гульня ішла дынамічна.

зарница игра3На другім пікеце адмаршыраваўшых школьнікаў чакала зборка-разборка аўтамата Калашнікава. Па камандзе ваеннаслужачага адзін прад стаўнік каманды разбіраў аўтамат, другі – збіраў яго. Па агульнай колькасці затрачаных хвілін вызначаўся пераможца. Хутчэй за ўсё гэта атрымалася ў гудагайскіх “пагранічнікаў”, другі вынік – у вучняў з сярэдняй школы №1, трэці – у прадстаўнікоў Кямелішак.

Ужо па выніках двух іспытаў стала відавочна, што змагацца за перамогу будуць каманды з Гудагайскай школы і СШ №1.

У конкурсе “Гістарычныя факты” неабходна было адказаць на пытанні, здагадацца, хто ці што хаваецца за апісаннем знакамітых людзей і мясцін нашага раёна. Тут самыя глыбокія веды прадэманстравалі вучні СШ №1, а таксама спондаўскія школьнікі – гэтыя дзве каманды падзялілі першае месца, другое па колькасці набраных балаў трапіла ў скарбонку варнянскай каманды, трэцяе падзялілі гудагайцы і гімназісты.

зарница игра4Сюрпрыз чакаў удзельнікаў “Зарніцы” на этапе “Збі танк ворага” – гранатай неабходна было трапіць у вызначаную цэль. Аказалася, што зрабіць гэта нялёгка, – здавалася, што некаторыя школьнікі  ўпершыню трымалі ў руках гэты спартыўны снарад. Найбольш трапнымі сталі вучні з сярэдняй школы №2, услед за імі ішлі спондаўскія школьнікі, трэцімі былі гімназісты.

Самым складаным выпрабаваннем стаў “Марш-кідок праз балота” – праўда, некалькі пікетаў, якія неабходна было пераадолець, не напалохалі школьнікаў. Пераправа праз бервяно, лабірынт, вісячая пераправа, бег у процівагазе… Пераходзячы з аднаго этапу на другі, удзельнікі падыходзілі да фінішу. За кожную памылку камандзе налічваліся штрафныя балы, якія потым дадаваліся да затрачанага часу. У выніку з найлепшым вынікам – 8,25 і 11 штрафнымі ачкамі першымі фінішыравалі гудагайскія “пагранічнікі”, другімі з часам 9,37 і 15 штрафнымі сталі школьнікі з Гервят, трэці вынік – 9,52 і 12 штрафных балаў – у гімназістаў.

Пасля такіх выпрабаванняў, якія забралі шмат сіл, удзель нікаў “Зарніцы” чакаў смачны абед. А пасля спаборніцтвы прадоўжыліся.

Спачатку школьнікам неабходна было выпусціць газету “Вестка ад салдата”. Лепшымі тут сталі вучні з СШ №1, Варнянскага і Кямелішкаўскага НПК і Гудагайскай школы.

зарница игра5Прадэманстраваць веды па медыцыне ўдзельнікам гульні давялося на этапе “Юны лекар” – на тры тэарэтычныя пытанні лёгка адказалі ўсе каманды – ніжэй трэцяга месца не апусціўся ніхто.

А самым відовішчным стаў конкурс мастацкай самадзейнасці “Песні Вялікага подзвігу”. Прыгожа, зладжана гучалі дзіцячыя галасы, якія праслаўлялі Вялікую Перамогу. І зноў найвышэйшую колькасць балаў набралі гудагайскія школьнікі, другое месца журы аддало гервяцкай камандзе, трэцяе падзялілі вучні з гарадскіх сярэдніх школ №1 і №2 і гімназіі №1.

зарница игра6Песенны этап быў завяршальным – і надышла чарга журы падлічваць набраныя ўдзельнікамі балы. З выніковай табліцы было відаць, што некалькі каманд ішлі літаральна “след у след”. Канчатковы ж падлік паказаў, што трэцяе месца засталося за гімназістамі. Другое занялі “Партызаны” з сярэдняй школы №1. А пераможцамі ўжо ў які раз сталі “Юныя пагранічнікі” з Гудагайскай сярэдняй школы. Усе каманды-пераможцы і ўдзельнікі гульні былі ўзнагароджаны падарункамі і дыпломамі аддзела адукацыі. А гудагайцы атрымалі пераможны кубак і пад гукі гімна ўрачыста закрылі сёлетнюю ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца”.

...Кажуць, снарад не трапляе двойчы ў адну і тую ж варонку. Гудагайскія школьнікі ў чарговы раз абвергнулі гэтае сцверджанне і даказалі, што і немагчымае магчыма – варта толькі гэтага захацець і стаць камандай, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.