Занятия в лагере "Юный олимпиец" проходили насыщенно и интересно
Кожны дзень тут пачынаецца з пастраення, ранішняй зарадкі і бадзёрага прывітання. А затым у літаральным сэнсе пралятае, насычаны рознымі падзеямі і ўражаннямі. Адпачыць і патрэніравацца, пагуляць і пазаймацца спортам, схадзіць у паход, адчуць сябе гэткімі “рабінзонамі”, наведаць выставу і дакрануцца да духоўнасці – усё гэта паспелі зрабіць наведвальнікі летніка “Юны алімпіец”, які дзейнічае на базе Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.Напэўна, нехта думае, што ў спартыўным летніку дзеці толькі займаюцца спортам. Ды і дарослыя часта атаясамліваюць гэтае месца з своеасаблівай дадатковай секцыяй на летні перыяд. Дык вось, шаноўныя, вы моцна памыляецеся! І ў гэтым я пераканалася – заспець дзяцей і іх кіраўнікоў у спартыўнай зале ці на стадыёне, аказалася амаль немагчымым.
– Сёння дзеці ў паход на Мальскае вадасховішча пайшлі… А заўтра ў нас экскурсія ў Гервяты запланавана… Яшчэ ў кінатэатр на масавы прагляд кінафільма “Багратыён” пойдуць… А на днях у нас сумесныя спаборніцтвы запланаваны… А яшчэ работнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі запрашаюць…– адказвалі мне ў розны час. І стала зразумела, што дні ў летніку сапраўды праходзяць насычана і цікава.
– Ды ў нас кожны дзень што-небудзь адбываецца: турніры, гульні, конкурсы, падарожжы, – расказвае пра жыццё летніка яго начальнік Святлана Браніславаўна Раманоўская. – Стараемся, каб дзецям было цікава, і знаходжанне тут не абмяжоўвалася толькі наведваннем спартыўных пляцовак.
Сёлета “Юны алімпіец” наведваюць сорак школьнікаў: 21 лёгкаатлет і 19 баксёраў. Пад кіраўніцтвам сваіх трэнераў – Ігара Дзмітрыевіча Гануліча і Аляксея Зянонавіча Маргужа – яны арганізоўваюць і праводзяць розныя турніры-спаборніцтвы і выязджаюць на экскурсіі. А каб было яшчэ цікавей, юныя алімпійцы запрашаюць у госці сваіх таварышаў з летніка сярэдняй школы №2 “Вясёлка”. І разам весела і актыўна праводзяць час – напрыклад, на таварыскім турніры па боксе некаторыя дзеці з “Вясёлкі” ўпершыню надзелі баксёрскія пальчаткі і выйшлі на рынг. Многім гэта спадабалася – магчыма, у наступным годзе ў Аляксея Зянонавіча з’явяцца новыя выхаванцы.
– Мы цесна супрацоўнічаем з “Вясёлкай” і праводзім сумесныя мерапрыемствы, – расказвае Святлана Браніславаўна. – А яшчэ мы сябруем з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі – іх супрацоўнікі правялі цікавую экскурсію па цэнтры, расказалі, чым займаюцца выхаванцы ў розных гуртках, паказалі прыгожыя работы. А яшчэ арганізавалі і правялі для нашых рабят інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?” Трэба было бачыць, з якім азартам і захапленнем дзеці абмяркоўвалі пытанні і шчыра радаваліся правільным адказам.Канешне, спорт з’яўляецца асноўным арыенцірам “Юнага алімпійца” – недарэмна ж ён з’яўляецца менавіта спартыўным летнікам! І нават падчас адпачынку трэнеры не дазваляюць выхаванцам поўнасцю расслабіцца і праводзяць рэгулярныя размінкі. А яшчэ тут закранаюцца актуальныя маральныя тэмы. Напрыклад, конкурс малюнкаў, які праходзіў пад дэвізамі: “Мы за спорт!”, “Мы супраць наркотыкаў”, “Стоп, спайс!” дазволіў не толькі прадэманстраваць мастацкія здольнасці дзяцей, але яшчэ раз звярнуць увагу на небяспеку шкодных звычак і прымусіў задумацца, што лепш: жыць у вечным болі і пакутлівай залежнасці – ці займацца спортам і быць здаровым і вясёлым?
Дзень імянінніка, турнір па шашках, спартыўная эстафета ў алімпійскі дзень, наведванне выставы мастачкі Бірутэ Куцкайтэ, экскурсія па Гервяцкім касцёле, паход на Мальскае вадасховішча – гэта далёка не ўвесь пералік цікавых заняткаў юных алімпійцаў. І калі я спытала ў адпачываючых, ці падабаецца ім наведваць спартыўны летнік, яны хорам адказалі: “Канешне! Алімпіец – гэта клас! Пойдзем сюды і ў наступны раз!”------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
