Заместитель председателя райисполкома Виктор Свилло рассказал, как район готовился к празднованию 70-летия Победы

З небывалым размахам прайшло ў раёне святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі – наша газета ўжо расказвала аб гэтым, што называецца, “па свежых слядах”, у мінулым нумары “Астравецкай праўды” за 13 мая.

А сёння мы папрасілі намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілу расказаць аб тым, што “засталося за кадрам” нашых карэспандэнтаў, фота- і відэааператараў: як ішла падрыхтоўка да свята, чыя незаўважная гледачам праца зрабіла яго такім яркім, прыгожым, запамінальным.


– Для таго каб святкаванне вялікай Перамогі прайшло на дастойным узроўні, давялося нямала папрацаваць многім.

Яшчэ ў мінулым годзе быў створаны раённы аргкамітэт па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі, які ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Аргкамітэт актыўна працаваў у мінулым годзе, і сёлета яго работа актывізавалася: на пасяджэннях штаба неаднаразова абмяркоўваліся ўсе дэталі, нюансы падрыхтоўкі да свята і сцэнарыя яго правядзення.

Але варта адзначыць, што ўсе арганізацыі, прадпрыемствы, грамадзяне свядома падышлі да падрыхтоўкі да 9 Мая – напэўна, таму, што свята гэтае сапраўды ўсенароднае, у кожнай сям’і і ў кожным доме жывуць успаміны пра вайну і ўдзел у ёй родных людзей. Да прыкладу, прозвішча майго дзеда Рамуальда Францавіча Свілы таксама было ўвекавечана на гранітных плітах ля помніка воінам-вызваліцелям, якія разбілі невядомыя вандалы. Такая ж асабістая памяць жыве ў многіх сем’ях – таму кожны стараўся прыкласці ўсе намаганні, каб святкаванне 70-ай гадавіны Вялікай Перамогі прайшло на дастойным пераможцаў узроўні, ацэньваючы гэта як асабістую даніну памяці сваім продкам.

Варта адзначыць ініцыятыву маладзёжнага грамадскага аб’яднання БРСМ – іх пачын з бутаньеркамі “Кветкі Вялікай Перамогі”, дзе на стужцы з колерамі нацыянальнага беларускага сцяга прыколата кветка яблыні, стала моцным аб’ядноўваючым беларусаў сімвалам, знакам патрыятызму і любові да сваёй Айчыны.

У непасрэднай падрыхтоўцы да свята многае зрабілі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі: горад расквеціўся рознакаляровымі цюльпанамі, быў упрыгожаны яркімі сцягамі, транспарантамі – я ўжо не кажу пра пануючую паўсюль чысціню, якая стала адметнай асаблівасцю нашага горада. Дарэчы, забягаючы наперад, хачу адзначыць, што і падчас свята, нягледзячы на яго мнагалюднасць, горад заставаўся чыстым – гэта сведчыць, па-першае, пра аператыўную і дакладную работу камунальнікаў, а, па-другое, пра культуру і свядомасць нашых грамадзян, якія не дазваляюць сабе выкідваць смецце пад ногі, – і апошняе радуе больш за ўсё.

Урачысты мітынг і святочнае шэсце, у тым ліку і тэатралізаванае на адкрытых машынах, і ўрачысты праход воінаў-пагранічнікаў, выратавальнікаў, вучняў кадэцкіх класаў, і парад сельскагаспадарчай тэхнікі – усё прайшло на высокім узроўні ў многім дзякуючы дакладным камандам падпалкоўніка Сяргея Сяргеевіча Жукоўскага і інфармацыйным каментарыям, якія цудоўна – дакладна, артыстычна, так, што чапляла за душу, – агучыў Сяргей Лявонцьевіч Сяўко.

Кульмінацыйным момантам урачыстага шэсця стаў выхад піянераў, якія неслі ў руках сто партрэтаў нашых землякоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія не дажылі да гэтага светлага юбілею, – у гэты кранальны момант цяжка было стрымаць эмоцыі нават суровым мужчынам… Як і падчас размераных гукаў метранома, якія роўна ў 11.08 сталі адлічваць па ўсёй краіне хвіліну маўчання ў памяць загінуўшых на гэтай вайне.

Усе працоўныя калектывы, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці, пастараліся вызначыцца афармленнем калоны. Яркімі, прыкметнымі былі цэнтральная раённая бальніца, РУП “Беларуская АЭС”, многія падрадчыкі, занятыя на будаўніцтве атамнай электрастанцыі і горада, лясгас. Лясгасаўцам, да слова, хочацца асабліва падзякаваць яшчэ і за падрыхтоўку сцэны для выступлення зоркі беларускай эстрады Вольгі Плотнікавай.

Вельмі сімвалічным стаў парад лепшых узораў сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на палях раёна. У гады вайны кожны яе ўдзельнік марыў аб тым, што вернецца дамоў, засее поле, збярэ ўраджай. Дзень Перамогі, які стаў першым днём міру, дазволіў гэтым марам ажыццявіцца. Сёння ў Беларусі асаблівае значэнне надаецца развіццю сельскай гаспадаркі. Астравецкі парад тэхнікі стаў яскравым таму пацвярджэннем. На ім былі прадстаўлены лепшыя ўзоры айчынных і імпартных трактароў, камбайнаў, аўтамашын, з дапамогай якіх мы атрымліваем высокія ўраджаі і, па вялікім рахунку, ажыццяўляем мару тых франтавікоў, што не дажылі да Перамогі: засяваць зямлю і расціць хлеб. І адначасова ён прадэманстраваў інтэграцыю нашай краіны ў сусветную эканоміку: Беларусь прадае іншым краінам свету сваю прадукцыю – і разам з тым закупляе за мяжой машыны, якіх пакуль няма ў нас.

Сапраўды народным стаў святочны канцэрт, які арганізаваў наш вядомы кампазітар Аляксандр Альховік: у ім прынялі ўдзел не толькі лепшыя прафесійныя калектывы і артысты нашага раёна, але і людзі, якіх мы прывыклі ў паўсядзённым жыцці бачыць у іншай іпастасі: міліцыянеры, настаўнікі і нават кіраўнікі арганізацый. Песні ў іх выкананні сталі гімнам нашай Перамозе.

Увогуле ўсе ўдзельнікі гэтага свята адзначаюць яго масавасць: 9 Мая на вуліцы Астраўца і ў лесапаркавую зону горада выйшлі, здаецца, усе жыхары горада, многія прыехалі з раёна – асабліва тыя, хто хацеў паглядзець небывалы па працягласці і прыгажосці салют. І гэта ў чарговы раз пацвярджае: Дзень Перамогі – усеагульнае свята, як і наша адна на ўсіх Перамога. Таму ўсім, хто прыдачыніўся да яго падрыхтоўкі, пастараўся, каб прайшло яно арганізавана, урачыста, весела – словам, дастойна таго слаўнага юбілею, які адзначаўся ў гэты дзень, хочацца выказаць словы падзякі за іх працу па правядзенні святкавання.