Заместитель начальника отдела образования Наталья Баницевич ответила на вопросы "Горячей линии"
На працягу мая аддзел адукацыі, спорту і турызму праводзіў “Гарачую лінію”, прымеркаваную да заканчэння навучальнага года. Многія пытанні, якія паступілі па тэлефону “Гарачай лініі”, цікавяць не толькі іх аўтараў, і таму мы папрасілі намесніка начальніка аддзела адукацыі Наталлю Вікенцьеўну Баніцэвіч “агучыць” найбольш актуальныя з іх.– Што рабіць, калі дзіця з-за пропускаў вучэбных заняткаў па хваробе на працягу чвэрці не атэставана па вучэбных прадметах?
– Пры немагчымасці ацаніць вынікі вучэбнай дзейнасці з-за пропускаў вучэбных заняткаў па ўважлівай прычыне на працягу чвэрці ў класны журнал уносіцца запіс “не атэставаны”. Выстаўленне адзнак за вучэбны год праводзіцца пры наяўнасці станоўчых адзнак не менш чым у адной чвэрці.
Калі ж дзіця прапускала заняткі без уважлівых прычын, то адпаведна за чвэрць ці за год таксама ўносіцца запіс “не атэставаны”. Вучні, якія не прайшлі выніковую атэстацыю ва ўстаноўлены тэрмін па ўважлівых ці няўважлівых прычынах ці якія атрымалі адзнакі “0 балаў”, “не залічана”, “не атэставаны” па адным ці двух прадметах, атрымліваюць заданне на лета і праходзяць выніковую атэстацыю ў перыяд з 21 па 28 жніўня.
– Дзіця пайшло ў школу ў 7 гадоў і сёння вучыцца ў 2 класе. Хлопчык здольны, хутчэй за іншых засвойвае вучэбную праграму. Ці ёсць магчымасць датэрмінова прайсці праграму за 3 клас?
– Школьнік, які самастойна засвоіў матэрыял вучэбнай праграмы па вучэбных прадметах, ці вучань, які навучаўся па індывідуальным плане, можа быць датэрмінова пераведзены ў наступны клас. Для вырашэння гэтага пытання трэба да 10 верасня падаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі. Перавод навучэнца ажыццяўляецца пасля правядзення датэрміновай атэстацыі за год, калі дзіця па выніках яе атрымала станоўчыя адзнакі. Рашэнне аб пераводзе прымаецца педагагічным саветам школы.
– Ці можна перагледзець гадавую адзнаку?
– Калі з адзнакай не згодны вучань, яго бацькі ці іншыя законныя прадстаўнікі, неабходна на працягу двух дзён пасля заканчэння навучальнага года падаць заяву на імя кіраўніка ўстановы. Важна помніць, што перагледзець адзнакі можна не больш чым па двух прадметах. Пры пераводзе ў наступны клас перагляд станоўчай гадавой адзнакі ажыццяўляецца на працягу 10 дзён з дня падачы заявы, пры заканчэнні 9 ці 11 класаў – на працягу 5 дзён. Пры ўстанове адукацыі ствараецца камісія, якая прымае ў школьніка экзамен па вучэбным прадмеце. Адзнака за экзамен уносіцца дырэктарам школы ў класны журнал. Пры нязгодзе з выстаўленай адзнакай бацькі могуць звярнуцца ў аддзел адукацыі з заявай аб яе пераглядзе. Рашэнне гэтай камісіі перагляду не належыць.
– Хто вызваляецца ад здачы выпускных экзаменаў?
– Ад усіх выпускных экзаменаў пры ўмове станоўчых адзнак за год вызваляюцца вучні, якія з’яўляюцца кандыдатамі ў каманды Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных прадметных алімпіядах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах; удзельнікі міжнародных спартыўных спаборніцтваў; навучэнцы, якія маюць захворванні, якія з’яўляюцца падставай для вызвалення ад выпускных экзаменаў; вучні, якія навучаюцца дома; навучэнцы, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Ад выпускных экзаменаў па аднаму з прадметаў вызваляюцца школьнікі, якія з’яўляюцца пераможцамі трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па гэтаму вучэбнаму прадмету.
Для вызвалення ад выпускных экзаменаў вучні ці іх законныя прадстаўнікі павінны за 15 дзён да пачатку экзаменаў напісаць заяву і прадставіць пацвярджаючыя дакументы.
Аддзел адукацыі на працягу двух дзён з дня прадстаўлення дакументаў прымае рашэнне. Вызваленым вучням выстаўляюцца гадавыя адзнакі.
– Сын закончыў 7 класаў сярэдняй школы і хацеў бы прадоўжыць навучанне ў 8 класе гімназіі №1. Ці магчыма гэта?
– На сённяшні дзень у гімназіі №1 Астраўца ёсць вольныя месцы: у 6 клас – 1 месца, у 8 – 4, у 9 – 11, у 11 клас – 13, у 10 клас могуць быць прыняты ўсе жадаючыя.
Набор у гімназію ажыццяўляецца пасля здачы ўступных іспытаў па трох прадметах па тэкстах, падрыхтаваных Міністэрствам адукацыі. 11 жніўня будзе праходзіць экзамен па беларускай мове, 13 жніўня – па матэматыцы, 15 жніўня – па рускай мове. Калі ёсць жаданне вучыцца ў 8 класе гімназіі №1, неабходна напісаць заяву на імя дырэктара гімназіі №1 да 31 ліпеня.
– Кіраўнікі школ не дазваляюць адзначаць выпускныя вечары ў школах. Усе гады святкаванне праводзілася ў сценах школы. Чаму сёлета было зроблена выключэнне?
– Урачыстыя мерапрыемствы з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі праходзяць у школах, хаця дапускаецца правядзенне выпускных вечароў ва ўстановах культуры. Увесь кантроль за арганізацыяй і правядзеннем выпускных вечарын, стварэнне бяспечных умоў ускладваецца на дырэктараў школ. Абавязкова павінна быць арганізавана дзяжурства педагагічных работнікаў, тэхнічнага персаналу і бацькоў падчас правядзення мерапрыемства, а таксама абавязковае суправаджэнне выпускнікоў падчас масавых гулянняў на вуліцах, у парках, традыцыйнай сустрэчы світання і ў іншых выпадках. Нагадваю, што недапушчальным з’яўляецца знаходжанне ўдзельнікаў мерапрыемства ў нецвярозым стане, распіццё імі алкагольных напояў у месцах правядзення мерапрыемства і ў грамадскіх месцах.
– Штогод у продажы ў гандлёвай сетцы ёсць дзённікі розных узораў і выдавецтваў. Якія з іх неабходна набываць?
– У 2014-2015 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі будуць выкарыстоўвацца дзённікі 2013 і 2014 гадоў выпуску, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. Такія дзённікі выпускаюць Барысаўская, Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская друкарні, а таксама друкарні “Перамога”, ААТ “Палесдрук” і “Чырвоная зорка”.
– Ці будуць у наступным навучальным годзе ва ўстановах адукацыі патрабаваць ад школьнікаў дзелавога стылю адзення?
– Як у мінулым годзе, так і ў наступным усе вучні з 1 па 11 класы павінны прытрымлівацца адзення дзелавога стылю: для хлопчыкаў гэта пінжак, камізэлька, штаны, сарочка, гальштук, для дзяўчат – пінжак, камізэлька, спадніца, штаны, блузка, сарафан. У зімовы час у камплект адзення могуць уваходзіць трыкатажны світар ці камізэлька.
Узоры школьнага адзення штогод абнаўляюцца, іх можна паглядзець на афіцыйных сайтах канцэрна “Беллегпрам” і Міністэрства адукацыі. У той жа час вучні і іх бацькі сумесна з адміністрацыяй школы і педагогамі маюць права выбару мадэлі, колеру і якасці тканіны. Абутак таксама павінен адпавядаць дзелавому стылю.
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
