Заместитель начальника милиции Вадим Савицкий: "Учёба в правовом классе ко многому обязывает"
30 жніўня 2013 года стала адметнай датай у гісторыі Гудагайскай школы. Менавіта ў гэты дзень быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў, Астравецкім раённым аддзелам унутраных спраў і Гудагайскай сярэдняй школай. Гэта дата стала адпраўным пунктам адкрыцця ў школе класа прававой накіраванасці. Гонар стаць кадэтамі выпаў васьмікласнікам.Ля вытокаў стварэння класа прававога накірунку стаялі начальнік міліцыі Астравецкага РАУС палкоўнік Уладзімір Іванавіч Квач, дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг, класны кіраўнік Святлана Станіславаўна Пілецкая і, канешне ж, васьмікласнікі і іх бацькі. А вырашаць арганізацыйныя і вучэбна-метадычныя пытанні кіраўніцтву школы дапамагалі калегі з Акадэміі МУС Беларусі і супрацоўнікі Астравецкага РАУС.
– Вучоба ў прававым класе шмат да чаго абавязвае. Сёння васьмікласнікі – добры прыклад адказных паводзін у школе і грамадскіх месцах. І ад таго, як яны сябе паказваюць, наколькі высока трымаюць марку, залежыць не толькі прэстыж “пагонаў”, але і іх асабісты. І мы ўсе імі ганарымся і захапляемся іх дасягненнямі, – гаворыць намеснік начальніка міліцыі Вадзім Мар’янавіч Савіцкі.
Сёння ў школе распрацаваны шэраг нарматыўна-правых дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць прававога класа: палажэнне аб правядзенні прававога збору, этычныя нормы паводзін, умовы спаборніцтва паміж юнымі міліцыянерамі за званне “Кадэт года”. Так, для атрымання гэтага ганаровага звання трэба быць паспяховым у вучобе, прыкладныму паводзінах, удзельнічаць у арганізацыі і правядзенні класных і агульнашкольных мерапрыемстваў. Таксама трэба мець акуратны знешні выгляд і ваенную выпраўку. Падвядзенне вынікаў конкурсу праводзіцца кожную чвэрць, і толькі ў канцы навучальнага года самаму паспяховаму будзе ўручана Ганаровая грамата, а лепшым вучням-кадэтам – значкі-адрозненні.
Сёння 8 “А” клас – гэта 10 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак, якія не толькі засвойваюць веды па агульнаадукацыйных прадметах, але і наведваюць заняткі па страявой і стралковай падрыхтоўцы, танцавальны гурток, спартыўныя секцыі. Усе кадэты прававога класа з'яўляюцца членамі дзіцячага аб'яднання “Юны міліцыянер”. А кожны чацвер супрацоўнікі міліцыі праводзяць з васьмікласнікамі тэарэтычныя і практычныя заняткі, запрашаюць у РАУС, знаёмяцьз работай службаў і падраздзяленняў.
– Мы адчуваем сябе малодшым звяном нашай міліцыі! Упэўнены, што немагчыма не ведаць і не выконваць законы сваёй краіны і быць пры гэтым годным грамадзянінам сваёй Айчыны. Вучоба ў гэтым класе нам вельмі падабаецца, – амаль хорам дзеляцца сваімі ўражаннямі рабяты.
Адрознівае “міліцэйскіх” кадэтаў ад іншых вучняў школы спецыяльная форма адзення, якая сама па сабе абавязвае быць прыкладам для іншых школьнікаў.
Ужо сёння многія вучні прававога класса з'яўляюцца гонарам школы: яны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, па-спяхова прадстаўляюць інтарэсы школы на розных спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах, з'яўляюцца прыкладам дысцыплінаванасці для астатніх дзяцей. Юныя міліцыянеры вядуць прапагандысцкую дзейнасць сярод навучэнцаў школы па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”, яны – актыўныя ўдзельнікі валанцёрскага атрада “Ветразь”.
Школьнікі не сядзяць на месцы: разам са сваімі старэйшымі калегамі-міліцыянерамі падарожнічаюць па роднай краіне, знаёмяцца з прыгожымі гістарычнымі мясцінамі і іншымі кадэцкімі класамі, якія сёння плённа працуюць па ўсёй нашай рэспубліцы.
А зусім нядаўна гудагайскія кадэты былі запрошаны на дзень адкрытых дзвярэй у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы з выкладчыкамі Акадэміі і курсантамі прысутныя атрымалі вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, звязаныя з паступленнем у Акадэмію МУС і іншыя навучальныя ўстановы юрыдычнага профілю.
– Мае выхаванцы сталі сапраўднай камандай аднадумцаў, добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, нясуць на сваіх плячах пэўны груз адказнасці за свае ўчынкі перад класным кіраўніком і членамі калектыва, – гаворыць класны кіраўнік 8 “А” класа Святлана Станіславаўна Пілецкая.
Вядома, не кожны з іх стане супрацоўнікам міліцыі, але атрыманыя веды дапамогуць школьнікам атрымаць правільныя жыццёвыя каштоўнасці і стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
-------------------------------
Жанна Бернюкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гудагайскай СШ.
